Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Без падпіскі, без друкарні, без газэтных шапікаў


Сёньня — Усясьветны дзень свабоды прэсы. З гэтай нагоды Беларуская асацыяцыя журналістаў у сваім звароце да калегаў адзначае, што ўлады краіны "татальна кантралююць інфармацыйную прастору і абмяжоўваюць дзейнасьць незалежных СМІ. Апошняя трывожная тэндэнцыя — адкрыты ціск на журналістаў з боку сілавых структур і спэцслужбаў".


Як выжываюць у цяперашніх умовах рэгіянальныя недзяржаўныя газэты? Праблему дасьледуюць карэспандэнты "Свабоды".


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Трынаццаць гадоў насуперак

Адзіная зараз на Гарадзеншчыне рэгіянальная грамадзка-палітычная “Газета Слонімская" выдаецца 13-ты год. Сытуацыя са свабодай слова, на думку журналістаў, зьмяняецца толькі да горшага.

Галоўны рэдактар “Газеты Слонімскай” Віктар Валадашчук цяжка ўздыхае, калі я пачынаю пытацца ў яго: як зараз жыве выданьне?

Надалей складана атрымаць інфармацыю з кабінэтаў улады, надалей газэту адмаўляюцца друкаваць у Слоніме і абласных друкарнях. Наклад дастаўляюць зь менскай друкарні, што павялічвае выдаткі і робіць газэту менш апэратыўнай.

Ужо некалькі гадоў як яе адмовіліся распаўсюджваць “Белсаюздрук” і “Белпошта” праз падпіску, надалей не дазваляюць прадаваць у крамах. Кажа Віктар Валадашчук:

Рэдакцыя "Газеты Слонімскай" стварыла сваю сетку распаўсюду

Валадашчук: “Сваю сетку распаўсюджваньня газэты наладзілі. Езьдзім самі па вёсках, падпісваем людзей, а потым дасылаем ім сьвежыя нумары паштовымі бандэролямі”.

Але, бадай, самае складанае для рэдакцыі, са слоў Віктара Валадашчука, — што ўжо амаль два гады, як выданьне пазбавілі памяшканьня. Са слоў рэдактара, у адным месцы даводзіцца вярстаць, у іншым — прымаць рэкляму, а сустрэцца з чытачамі наагул няма дзе.


Адзін з журналістаў выданьня Сяргей Чыгрын кажа, што ў такіх умовах газэта выходзіць хутчэй насуперак усім, хто гэтага не жадае. Таму, як аптыміст, ён кажа, што ў роўных умовах існаваньня іх газэта будзе больш канкурэнтаздольнай.

Чыгрын: “Тады нам будзе значна лягчэй, паколькі мы прайшлі за гэтыя 13 гадоў школу выжываньня. А вось журналісты дзяржаўных выданьняў з гэтым не сутыкаліся і, па-мойму, ня ўмеюць гэтага рабіць”.

"У рэдакцыю зьвяртаюцца як у апошнюю інстанцыю"

Пытаюся ў рэдактара: ці адчуваюць яны набліжэньне прэзыдэнцкіх выбараў?

Валадашчук: “Я ўжо гэта адчуў, паколькі былі ўсе падставы, каб зрабіць жылы дом пад рэдакцыю — мне адмовілі, прычым у рэзкай форме. Хаця звычайна гэта робіцца проста, а мне адразу адмовілі і назвалі завышаныя прычыны”.

Віктар Валадашчук кажа, што за апошнія гады, нягледзячы на праблемы, газэта ня страціла сваіх чытачоў. Наклад разам з дадаткам перасягае 10 тысяч.

Зь яго слоў, чытачы не перастаюць пісаць і тэлефанаваць. У рэдакцыю звычайна, са слоў Валадашчука, чытачы зьвяртаюцца "як у апошнюю інстанцыю".

МАГІЛЁЎШЧЫНА


"Бабруйскаму кур'еру" забаранілі інфармаваць насельніцтва пра пажары, здарэньні і аўтамабільныя аварыі

Летась недзяржаўную газэту “Бабруйскі кур’ер” вярнулі ў дзяржаўны каталёг падпіскі й у кіёскі “Саюздруку”. Такой магчымасьці распаўсюду ўлады пазбаўлялі выданьне два з паловай гады. Цяпер, паводле рэдактара Анатоля Санаценкі, газэце даводзіцца ня толькі наноў адваёўваць месца на рынку друкаваных СМІ ды папраўляць фінансавае становішча, але й вырашаць новыя праблемы:

“Нам стала вядома пра чарговую забарону даваць нам інфармацыю ад сілавых ведамстваў. Пра рознага кшталту надзвычайныя здарэньні па лініі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў і дзяржаўтаінспэкцыі. Гэта, канечне, крайне нелягічна й неразумна — пазбаўляць жыхароў Бабруйску, нашых чытачоў інфармацыі пра тое, як абараніць сябе. Таксама існуе забарона на разьмяшчэньне ў нашай газэце рэклямы ад прадпрыемстваў і ўстаноў”, — зазначае Анатоль Санаценка.

Газэту "Ўзгорак" зарэгістравалі, але ўжо год ёй адмаўляюць у распаўсюджваньні

Патрапіць у дзяржаўныя кіёскі “Саюздруку” не ўдаецца горацкаму “Ўзгорку”. Акурат гэтымі днямі ён адзначае першую гадавіну сваёй рэгістрацыі.

“Мы па-ранейшаму ня можам зарабляць грошай на газэце. Хаця, дарэчы, дзяржаўныя органы й патрабуюць, каб у нас расьлі заробкі, толькі ня кажуць, дзе іх узяць. Зараз мы падрыхтавалі дакумэнты й бліжэйшым часам падамо мясцовай уладзе на афармленьне ўласнай ліцэнзіі на распаўсюд газэты”, зазначае рэдактар выданьня Эдуард Брокараў.

Газэту "Вольны горад" не рэгіструюць

Ва Ўсясьветны дзень свабоды друку рэдактар недзяржаўнай газэты з Крычава “Вольны горад” Сяргей Няроўны заклапочаны тым, як зарэгістраваць выданьне. Ранейшыя спробы былі няўдалымі.

“Для таго каб зарэгістравацца, трэба стварыць нейкае прадпрыемства. Для гэтага неабходны юрыдычны адрас. Ці знойдзе “Вольны горад” у Крычаве юрыдычны адрас? Канечне, не. Толькі адзін тэлефонны званок, каб не давалі памяшканьне, і ўсё. Нават мы прайшлі суды, якія выйгравалі — усё роўна гэта непрабіўная сьцяна”.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


“Нават на малафарматныя выданьні ўлады глядзяць коса”

На Гомельшчыне апошняя незалежная газэта “Вольны час” зачынілася ў 2005 годзе. Дзяржаўныя паліграфічныя прадпрыемствы рэгіёну адмовіліся друкаваць выданьне. У зьвязку зь фінансавымі цяжкасьцямі гэта, па сутнасьці, прывяло да зьнішчэньня газэты.

З такіх жа прычынаў спынілі выхад газэты “Мозырская неделя” й “Регион-вести”. Рэдактар і выдавец апошняй, Мікалай Паседзька са Сьветлагорску, эміграваў у Швэцыю.

Гаворыць сябра ГА БАЖ Марыя Шыманоўская, адказная ў Гомелі за маніторынг у сфэры СМІ:

“Цяпер у рэгіёне незалежную друкаваную прэсу прадстаўляюць толькі малафарматныя выданьні, у прыватнасьці, “Пересменка” рэгіянальнага аддзяленьня прафсаюзу РЭП, “Грамадзянскія ініцыятывы” — бюлетэнь абласной арганізацыі АГП. Але нават на такія выданьні ўлады глядзяць коса й пэрыядычна затрымліваюць іх распаўсюднікаў”.

ВІЦЕБШЧЫНА


“Витебский курьер” зарэгістраваны ў Расеі, але праблемы ў газэты — беларускія

Газэта “Витебский курьер”, якая цяпер распаўсюджваецца ў абласным цэнтры, стала спадкаемцам аднайменнага недзяржаўнага выданьня, якое зьявілася ў Віцебску 18 год таму.

Першы “Витебский курьер” вымушаны быў спыніць сваё існаваньне, не стрываўшы ціску з боку ўладаў: газэту неаднойчы высялялі з арандаваных памяшканьняў, і ўрэшце віцебскі аблвыканкам адмовіў закрытаму акцыянэрнаму таварыству “Выдавецкі дом "Витебский курьер" у перарэгістрацыі.

Адно незалежнае выданьне сканала, але зьявілася другое — зь іншым складам рэдакцыі. Год таму новы "Витебский курьер" быў зарэгістраваны ў Расеі. Але старых праблемаў рэгістрацыя ў якасьці расейскага СМІ ўсё ж ня вырашыла. Пра гэта распавядае віцебскі праваабаронца Павал Левінаў, які прайшоў з газэтай некалькі дзясяткаў судоў, спрабуючы адстаяць незалежнае выданьне:

Толькі ў красавіку былі канфіскаваныя 10 000 асобнікаў "Витебского курьера”

“Як толькі мясцовыя ўлады адчулі, што газэта ажыла, што яна пачала распаўсюджвацца, адразу пачаўся ціск. Гарвыканкам адмовіўся даць ліцэнзію на распаўсюджваньне. А калі было прынята рашэньне газэту не прадаваць, а раздаваць бясплатна, тут была аддадзена каманда яе адсочваць і канфіскоўваць увесь наклад. Двойчы былі канфіскаваныя два наклады па 10 тысяч асобнікаў — і гэта толькі за красавік гэтага году”.

Наклады “Витебского курьера” ня проста канфіскоўваліся: заснавальніка выданьня Віктара Рамнёва, які перавозіў газэту са смаленскай друкарні, неаднаразова судзілі за нібыта незаконны распаўсюд выданьня. Распаўсюджваньнем лічыцца і перавозка газэт у машыне, а парушэньне цяпер ужо нібыта ў тым, што на расейскія выданьні патрабуецца асобны дазвол, каб іх прадаваць або раздаваць бясплатна на тэрыторыі Беларусі, — тлумачыць Павал Левінаў:

“На Віктара Рамнёва “павесілі” ўжо каля 3-х мільёнаў штрафаў. Яшчэ будзе суд над Алегам Баршчэўскім — у ягонай машыне таксама знайшлі каля 30 асобнікаў “Витебского курьера”. Тым ня менш я быў у Міністэрстве інфармацыі і там удакладніў, што на тэрыторыі РБ распаўсюджваецца каля 2 тысяч расейскіх выданьняў, і толькі 12 зь іх калісьці бралі асобны дазвол на распаўсюд у Беларусі”.

Праваабаронца ўдакладняе, што зь нядаўняга часу паміж Расеяй і Беларусьсю дзейнічае міжурадавае пагадненьне пра свабодны распаўсюд СМІ ў абедзьвюх краінах. Аднак у дачыненьні да "Витебского курьера" яно чамусь ня дзейнічае. Верагодна, таму, што ўлады не зацікаўленыя ў зьяўленьні альтэрнатыўнай інфармацыі, лічыць Павал Левінаў.

Ул.Скрабатун: “Калі забаронена падпіска — у газэты няма пэрспэктываў”

Праблемы з распаўсюдам мае і адзіная зарэгістраваная ў Беларусі недзяржаўная газэта, якая выходзіць на Віцебшчыне, — “Вольнае Глыбокае”, якую выдае Ўладзімер Скрабатун:

“Самая вялікая цяжкасьць — што няма падпіскі. Значыць, няма росту накладу і ёсьць матэрыяльныя цяжкасьці. А каб атрымаць дазвол і прадаваць газэту, прыкладам, у прыватнай краме, трэба заключыць дамову з прадпрымальнікам. А для гэтага прайсьці вельмі доўгую працэдуру: узгадніць гэта ў эканамічным аддзеле, з намесьнікам старшыні райвыканкаму па сацыяльных пытаньнях і ў ідэалягічным аддзеле”.

Прычым, кажа спадар Скрабатун, чыноўнікі толькі ківаюць адзін на аднаго: пакуль дазволу не дадуць у аддзеле ідэалёгіі, не атрымаеш яго і ў аддзеле эканомікі, або наадварот. Таму газэту даводзіцца прадаваць на кірмашы высілкамі ўсёй сям’і Ўладзімера Скрабатуна. І за межы раёну “Вольнае Глыбокае” не выпускаюць.



Сёньня ГА "БАЖ" уручыла ўзнагароды ляўрэатам творчага конкурсу "Вольнае слова-2009". Пераможцамі прызнаныя журналісты Сьвятлана Станкевіч ("Салідарнасьць"), Кастусь Лашкевіч (TUT.BY), Анжэла Белуш ("Intex-press", Баранавічы), Хрысьціна Марчук ("Газета Слонімская") і іншыя.
XS
SM
MD
LG