Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанія Twitter перадае свой архіў для грамадзкага карыстаньня ў бібліятэку Кангрэсу ЗША, дзе будзе забясьпечанае яго сталае аднаўленьне. Ужо зараз, за 4 гады існаваньня Twitter, яго архіў складаецца з прыкладна 10 мільярдаў допісаў.


Што думалі рымляне пасьля забойства Юлія Цэзара? Не, сьведчаньні некаторых пісьменьнікаў і палітыкаў захаваліся, праўда, напісаныя, як правіла, значна пазьней, з асэнсаваньнем і, пэўна, сьвядомым і несьвядомым скажэньнем. А што думалі, якой была імгненная рэакцыя тысячаў, дзясяткаў тысячаў людзей, якія падрабязнасьці перадавала пагалоска? Мы гэтага ніколі не даведаемся.

Але нашы нашчадкі, будучыя гісторыкі будуць мець такія зьвесткі пра наш час.

Twitter – ад ангельскага “шчабятаць, балбатаць”, сыстэма мікраблогаў, якая дазваляе перасылаць кароткія, у 140 сымбаляў, паведамленьні, выкарыстоўваючы вэб-сайт самога Twitter, СМС, службу імгненных паведамленьняў і іншыя сродкі. Такі гібрыд СМС і Livejournal.

Twitter быў створаны ў 2007 годзе, але ў сёлетнім красавіку ён ужо налічваў 105 мільёнаў карыстальнікаў у сьвеце, штодзень зьяўляецца каля 55 мільёнаў новых Twitter-паведамленьняў. Twitter – удалы сродак імгненнага і кароткага абмену думкамі і інфармацыяй. Важныя, сэнсацыйныя падзеі адразу атрымліваюць адлюстраваньне ў тысячах Twitter-паведамленьнях, часам яны робяцца і мэханізмам такіх падзеяў. Многія экспэрты адзначалі важную ролю Twitter у мабілізацыі ўдзельнікаў леташніх рэвалюцыйных падзеяў у Малдове і Іране.

Зразумела, што значная частка паведамленьняў Twitter маюць малую каштоўнасьць. Але ўзятыя разам, яны ўяўляюць сабой даволі цікавую і каштоўную карціну адлюстраваньня хады сучаснай гісторыі ў масавай сьвядомасьці.

Зыходзячы з гэтага меркаваньня, кампанія Twitter перадала свой архіў, які налічвае 10 мільярдаў паведамленьняў, у бібліятэку Кангрэсу ЗША. Гэтая база дадзеных будзе ўвесь час аднаўляцца.

Цяпер увесь архіў займае 5 тэрабайт. Дыск на 2 тэрабайты каштуе 150 даляраў.

Гісторыкі адзначаюць шэраг перавагаў гэтай скарбонкі чалавечай думкі. Газэта International Herald Tribune падае меркаваньні некаторых зь іх. “Гэта дзясяткі мільёнаў дзёньнікаў. Пры гэтым людзі, калі балбочуць, зьяўляюцца найбольш шчырымі,” – мяркуе Дэніэл Коэн, прафэсар гісторыі з унівэрсытэту Джорджа Мэйсана.

Амі Тэйлар, прафэсар гісторыі ўнівэрсытэту Ню-Ёрку, якая займаецца гісторыя грамадзянскай вайны ў ЗША, кажа, што праблема для гісторыкаў – часам немагчымасьць сыстэматызаваць крыніцы, знайсьці сярод іх патрэбную. Але на базе дадзеных Twitter працуюць пошукавыя сыстэмы, якія дазваляюць шукаць патрэбную інфармацыю.

Спадарыня Тэйлар адзначае, што большасьць сьведчаньняў, з якімі маюць справу гісторыкі сёньня, напісаныя істотна пазьней, чым адбыліся падзеі, пра якія вядзецца ў паведамленьнях: часам яны распавядаюць пра падзеі з чужых словаў. Twitter пазбаўлены гэтага недахопу – гэта імгненная рэакцыя і вельмі часта – наўпроставых сьведкаў падзеяў.

Twitter, перадаючы свой архіў бібліятэцы Кангрэсу, імкнецца выканаць умовы канфідэнцыйнасьці інфармацыі. Перадаюцца паведамленьні, але ня дадзеныя тых, хто іх напісаў. Для гісторыкаў будучыні гэта будзе голас хору, а не канкрэтных людзей. Таксама не перадаецца інфармацыя пра тое, колькі людзей атрымлівалі тое ці іншае Twitter-паведамленьне. Не перадаюцца паведамленьні карыстальнікаў, якія зрабілі свае паведамленьні абароненымі, гэта значыць такімі, што іх могуць чытаць толькі тыя, каму яны дасылаліся.

Юрысты кампаніі Twitter мяркуюць, што перадаючы інфармацыю бібліятэцы Кангрэсу, кампанія дзейнічае ў духу сваёй філязофіі. Мэта кампаніі – дапамагчы карыстальнікам абменьвацца інфармацыяй са зьнешнім сьветам. Большая частка карыстальнікаў зацікаўленая ў тым, каб іх паведамленьні сталі здабыткам галоснасьці.

Бібліятэка кангрэсу вырашыла, што доступ да архіву Twitter будуць мець толькі прафэсійныя гісторыкі.

Новыя тэхналёгіі мяняюць ня толькі сучаснасьць, яны мяняюць прыроду будучай веды пра нашу сучаснасьць.
XS
SM
MD
LG