Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН разгледзіць сытуацыю ў Беларусі па новай сыстэме


3 траўня ў Жэнэве адкрываецца сэсія Рады правоў чалавека ААН, прысьвечаная правядзеньню Ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду. У рамках гэтай сэсіі Рада правоў чалавека ААН разгледзіць справаздачы аб становішчы з правамі чалавека ў шэрагу краін.


12 мая, у апошні дзень разгляду справаздач на гэтай сэсіі, будзе абмеркаваная справаздача Рэспублікі Беларусь, які краіна прадставіла Радзе яшчэ ў лютым. Па выніках разгляду справаздачы 14 траўня на адрас Беларусі будуць заяўлены рэкамэндацыі па паляпшэньні становішча ў галіне правоў чалавека.

Унівэрсальная пэрыядычная справаздача зьяўляецца новым элемэнтам у рамках міжнародных мэханізмаў абароны правоў чалавека. На яго ў ААН ускладаюць вялікія надзеі як на новы і патэнцыйна больш эфэктыўны сродак ўплыву на сытуацыю з правамі чалавека ў глябальным маштабе. Лічыцца, што Унівэрсальны пэрыядычны агляд зьяўляецца ключавым новаўвядзеньнем, якое апраўдвае пераўтварэньне ранейшай Камісіі правоў чалавека ў Раду.

Спэцыфіка гэтага мэханізму ў тым, што ў рамках унівэрсальнай пэрыядычнай справаздачы будзе на роўных умовах і па адзінай працэдуры кожныя чатыры гады разглядацца сытуацыя ў кожнай зь дзяржаваў – чальцоў ААН. Пры гэтым будзе пачутая не толькі пазыцыя самога ўраду, але і голас няўрадавых арганізацый і міжнароднай праваабарончай супольнасьці.

Працэдура унівэрсальнага пэрыядычнага агляду ўключае ў сябе наступныя этапы:

– Падрыхтоўка дзяржавай і іншымі зацікаўленымі бакамі асноўных дакумэнтаў, у тым ліку кансультацыі на нацыянальным узроўні ў мэтах падрыхтоўкі краіны да ўдзелу ў Унівэрсальным пэрыядычным аглядзе, а таксама прадстаўленьне інфармацыі арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці;

– Трохгадзінны інтэрактыўны дыялёг зь дзяржавай у рамках рабочай групы унівэрсальнага пэрыядычнага агляду;

– Прыняцьце рабочай групай унівэрсальнага пэрыядычнага агляду дакладу, прысьвечанага краіне;

– Прыняцьце Радай на плянарным пасяджэньні выніковага дакумэнта унівэрсальнага пэрыядычнага агляду;

– Наступныя меры і выкананьне іх дзяржавай і іншымі зацікаўленымі бакамі.

Паралельна з афіцыйным дакладам беларускіх уладаў альтэрнатыўную справаздачу падрыхтавалі спэцыялісты Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, Беларускага Хэльсынскага камітэту, Беларускай асацыяцыі журналістаў, праваабарончага цэнтру "Вясна", асацыяцыі "Асамблея недзяржаўных дэмакратычных арганізацыяў Беларусі" і асацыяцыі прафсаюзаў "Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў».

www.belinstitute.eu
XS
SM
MD
LG