Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Вэнэсуэла створаць сумеснае прадпрыемства дзеля паставак нафты


Заснавальнікамі СП выступяць ЗАТ "Беларуская нафтавая кампанія" і дзяржаўная нафтагазавая кампанія Вэнэсуэлы Petroleos de Venezuela, Sociedad Anonima (PDVSA). Беларускаму боку ў статутным фондзе стваранага СП будзе належаць 25%, вэнэсуэльскаму — 75%.

Пра гэта паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на крыніцу ў нафтаперапрацоўчай галіне.

Прадпрыемства будзе пастаўляць у Беларусь нафту з Вэнэсуэлы, а таксама збываць прадукты перапрацоўкі на эўрапейскім рынку.

Прыбытак, атрыманы ад экспарту нафтапрадуктаў, будзе дзяліцца прапарцыйна долі бакоў у статутным фондзе.

Выдаткі па дастаўцы нафты з Вэнэсуэлы ў Беларусь і аплата давальніцкіх паслугаў ААТ "Мазырскі НПЗ", дзе мяркуецца перапрацоўваць вэнэсуэльскую нафту, будуць фінансавацца сумесна, таксама адпаведна долі ў статутным фондзе.

2 траўня на Мазырскі завод паступілі першыя 57 вагонаў з вэнэсуэльскай нафтай. Агульная вага нафты — 4,4 тысячы тонаў.

МНПЗ плянуе пачаць перапрацоўку вэнэсуэльскай нафты ў канцы гэтага тыдня. Па выніках перапрацоўкі першай партыі будзе вызначана эканамічная эфэктыўнасьць паставак і прынята рашэньне пра закуп другой партыі сыравіны.
XS
SM
MD
LG