Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першамай у Чырвоным Маяку


Шмат хто ў Чырвоным Маяку сустрэў Першамай на дзялянцы

Шмат хто ў Чырвоным Маяку сустрэў Першамай на дзялянцы

Невялікі пасёлак Чырвоны Маяк, што разьмешчаны на ўсход ад Гомелю, некалі называўся Рыкавым. Вастрасловы кпілі і далі яму іншы назоў – Бычок. За саветамі Бычок стаў Чырвоным Маяком.

Нядаўна гэтае паселішча на паўсотні двароў уключылі ў гарадзкія абшары, і цяпер Чырвоны Маяк – гэта ўсяго толькі вуліца абласнога цэнтру.

Што азначае 1 Мая для навасьпечаных гараджанаў, ці сьвяткуюць яны гэтую дату?

З такім пытаньнем зьвяртаемся да жыхаркі Чырвонага Маяка, пэнсіянэркі Аўдоцьці Іванаўны:

“Першага мая – дзень вясны, так атрымліваецца. Не сьвяткуем мы. Нам няма калі сьвяткаваць. На гародзе калупаемся – і ўсё. Бульбу пасеялі, буракі, моркву. Цыбульку пасадзілі – вось і ўсё сьвята”.

Спадарыня Аўдоцьця кажа, што ніякіх выгодаў ад пераводу Чырвонага Маяка ў горад мясцовыя жыхары не атрымалі:

“Гарадзкога аўтобуса нам не далі. Як хадзіў ён рэдка, так і ходзіць. Вады нам не правялі. Нічога іншага не рабілі – нічога ў нас гарадзкога няма. Газ мы правялі сваімі сіламі – абышлося гэта гаспадарам па 3 мільёны. Я за зямлю летась плаціла 15 тысяч, у мяне – 19 сотак. Сёлета мы ўжо пад горад адышлі – сотка ўжо каштуе 3 тысячы 200 рублёў. Мне ўжо трэба заплаціць за 19 сотак 60 тысяч рублёў. Вось табе й горад!”

63-гадовы Пётар Авілкін на пытаньне пра сьвята Першамаю рэагуе досыць эмацыйна:

“Гэтая дата вельмі добрая, але ў пасёлку вады няма. Два калодзежы – і засьмечаныя ўсе. Ні адзін, ні другі калодзеж не працуе – вады няма ні грама. Што нам сьвята – нам патрэбна вада. Калодзежы трэба чысьціць, а іх ніхто чысьціць ня хоча. Нам трэба ўжо ў вёску ваду правесьці! Лукашэнка ўжо колькі разоў гаварыў – усе вёскі чыстай вадой забясьпечыць. Няма вады! Зямлі хапае, ежы хапае, а вады – няма”.

Былая рабочая саўгасу, пэнсіянэрка Марыя Сецкая (на здымку з пляменьнікам Мікалаем) скардзіцца, што ёй не да сьвята. Сама ледзьве ходзіць, і муж з хворай нагою не ўстае з ложка, а гарадзкія мэдыкі ніяк ня могуць адолець нейкія чатыры кілямэтры, каб прыехаць і ўзяць у хворага аналіз крыві:

“Сьвяткаваць як – аніяк! Вось вазок малы ўзяла – і еду па хлеб, бо ў руцэ нават з кійком ня здолею прынесьці. А дзед мой – ляжыць. Зьезьдзіла, аналізы адвезла ў паліклініку. А кроў – сказалі, што прыедуць і возьмуць на аналіз. І з панядзелка яшчэ не прыехалі. Што мне рабіць? Дзед жа мой ляжыць”.

Кіроўца далёкіх рэйсаў спадар Віктар (на здымку), які аб’езьдзіў, як ён кажа, і Крым, і Рым, выяўляе добрае веданьне гісторыі сьвята Першамаю. Памятае, што пачыналася яно з Амэрыкі як сьвята салідарнасьці:

“Гэта было арганізавана ў Амэрыцы, і з таго часу гэтае сьвята перакінулася на ўвесь зямны шар. Вядома, гэта сьвята для ўсіх працоўных. Сёньня сьветла, сонечна. Сёньня я адпачываю. Во іду ў краму – трэба ўзяць піва беларускага і выпіць піва. Вось толькі піва нельга піць на вуліцы – я супраць таго, што забараняюць піць піва”.

Півам у Чырвоным Маяку гандлююць з падсобкі
XS
SM
MD
LG