Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па Беларусі прайшоў шэраг акцыяў з нагоды Міжнароднага дня працы – 1-га траўня. Прадстаўнікі афіцыйных прафсаюзаў і дэмакратычных сілаў адзначалі Першамай паасобку.

Праўладная Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі правяла мітынг каля Нацыянальнай бібліятэкі ў Менску. У рэзалюцыі выказана падтрымка кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку і крытыка на адрас ураду Сяргея Сідорскага, які "дрэнна выконвае ўказаньні кіраўніка краіны". Старшыня ФПБ Леанід Козік патлумачыў карэспандэнту "Свабоды", чаму ў Менску няма масавых маніфэстацый працоўных:

"У Беларусі так склалася, што ў кожным населеным пункце, хто як хоча, так і праводзіць гэты дзень. Хто мітынгуе, хто маніфэстацыі робіць, хто сходы праводзіць. Дэманстрацыю ладзіць праз увесь горад – не было ў гэтым ніякіх прычынаў".

Уваход на мітынг ФПБ


На праўладным мітынгу каля Нацыянальнай бібліятэкі было даволена расьпіваць піва


Пікнік на лужайцы каля Нацыянальнай бібліятэкі

Як распавялі мясцовыя актывісты, у Берасьці спэцназаўцы перагарадзілі шлях мірнаму шэсьцю сяброў БСДП(Грамада), партыі "Справядлівы сьвет" і незалежных прафсаюзаў. У шэсьці бралі ўдзел каля 30 чалавек пад партыйнымі сьцягамі. Паводле Ігара Маслоўскага, улады не далі дазвол на шэсьце і правы ўдзельнікаў акцыі былі парушаныя:
Нават, калі мы раздавалі іх дзецям, міліцыя ў іх з рук вырывала сьцяжкі ...

"Ужо літаральна праз сто мэтраў мы былі спыненыя супрацоўнікамі міліцыі, яшчэ праз трыста мэтраў мы былі спыненыя спэцназам і давялося партыйныя сьцягі зьняць. Тым ня менш мы працягнулі шэсьце, дайшлі да скрыжаваньня вуліц Леніна і Гогаля, і спэцназ нам загарадзіў дарогу, каб мы не змаглі прайсьці на цэнтральную плошчу горада. І мы яшчэ праз 40 хвілінаў, у абыход, дайшлі да ўваходу ў цэнтральны парк "1 мая". І нас не прапускалі ў парк "1 мая", каб мы не праносілі сваю сымболіку, сьцяжкі. Нават, калі мы раздавалі іх дзецям, міліцыя ў іх з рук вырывала сьцяжкі".

У Салігорску незалежны прафсаюз гарнякоў ладзіў "маёўку", у якой узялі ўдзел каля трохсот чалавек. На акцыю быў запрошаны лідэр дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі Аляксандар Ярашук.

Аляксандар Ярашук
"Салігорск – гэта рэспубліка свабоды. Незалежны прафсаюз гарнякоў налічвае 4700 сяброў. Гэта мерапрыемства, якое ладзіцца самімі працоўнымі, бо гэта не дзяржаўнае сьвята, дзяржава толькі прымазалася да яго. Галоўнае, што ўсе гэтыя мерапрыемствы і сьвята цалкам ачышчанае ад дзяржаўнай ідэалёгіі".

У Менску невялікае шэсьце ад Акадэміі навук да парку Дружбы народаў наладзілі нацыянал-бальшавікі. У ім брала ўдзел каля 30-ці чалавек. Чаму не ладзілі ў Менску шэсьцяў партыі – суб'екты аб'яднаных дэмсілаў? Актывіст партыі "Справядлівы сьвет" Сяргей Вазьняк сказаў:

Сяргей Вазьняк
"Для таго, каб правесьці дэманстрацыю, патрэбны вялізныя рэсурсы – людзкія, арганізацыйныя і матэрыяльныя. Гэта няпроста. І патрэбны дазвол улады, якога не даюць, сыходзячы з вопыту апошніх гадоў. Грандыёзных маніфэстацый правесьці немагчыма, на іх не атрымаеш дазволу".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG