Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аўтуховіч даслаў з турмы ліст з падзякай


Прызначаны дзень разгляду касацыйнай скаргі прадпрымальніка Андрэя Бандарэнкі. Арцёма Дубскага ў калёніі наведала адвакат Тамара Сідарэнка. Мікалай Аўтуховіч праз ліст з турмы падзякаваў людзям, якія яго падтрымліваюць.


Прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка, якога судзілі другі раз, вінаватым сябе не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі. У прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году.
Скарга прадпрымальніка Андрэя Бандарэнкі на прысуд будзе разгледжаная 18 траўня ў Менскім гарадзкім судзе. Пра гэта паведаміў бацька вязьня Валер Бандарэнка. Вось што Валер Бандарэнка ведае пра тое, як сын трымаецца за кратамі.

"Усё па-ранейшаму. Рыхтуюцца яны з адвакатам да выступу Андрэя. Такі выступ магчымы, ва ўсялякім разе яны падалі такое хадайніцтва."

Суд над Андрэем Бандарэнкам скончыўся 23 лютага, ужо праз тыдзень вязень падаў скаргу на прысуд, аднак прызначэньня разгляду скаргі давялося чакаць амаль 2 месяцы.

Адвакат Тамара Сідарэнка 30 красавіка наведала ў магілёўскай калёніі актывіста "Маладога фронту" Арцёма Дубскага.

Актывіст “Маладога фронту” Арцём Дубскі пакараны годам калёніі за парушэньне адбыцьця ранейшага пакараньня, якое атрымаў за дзеяньні падчас несанкцыянаванага мітынгу у абарону прадпрымальнікаў у пачатку 2008 году. Арцёма Дубскага, якога “Міжнародная амністыя” была прызнала вязьнем сумленьня, трымаюць ў магілёўскай калёніі.
"У яго шмат плянаў, жывы і здаровы, чакае вызваленьня. Мэдычныя працэдуры адкладае да вызваленьня, бо там няма належных умоваў. І крыху змагаецца з адміністрацыяй, бо яна дрэнна адказвае на ягоныя запыты і скаргі".

Адвакат спадзяецца, што ня дойдзе справы да прызначэньня Арцёму Дубскаму пасьля вызваленьня асаблівага нагляду. Тамара Сідарэнка кажа, што яе падабароннага толькі аднойчы пакаралі карцэрам, між тым такі нагляд прызначаецца тым, у каго такіх пакараньняў некалькі.

Нагадаю, тыдзень таму маці Арцёма Дубскага паведаміла "Свабодзе", што яе сына запалохваюць прызначэньнем яму асаблівага нагляду пасьля выхаду на волю.

Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка сваёй віны не прызнаюць і кажуць, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Іх абвінавачваюць ў падрыхтоўцы тэракту супроць высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў і ў падпале дома міліцыянта. Былы міліцыянт Міхаіл Казлоў, якога судзяць разам з Аўтуховічам і Асіпенкам за непрыняцьце захадаў для прадухіленьне тэракту, таксама сваёй віны не прызнае. На судзе Казлоў таксама казаў пра карупцыю высокапастаўленых чыноўнікаў, якая выявілася ў справе Аўтуховіча і Асіпенкі.
Тамара Сідарэнка таксама абараняе аднаго з фігурантаў справы Аўтуховіча – Уладзімера Асіпенку, якому пагражае 11 гадоў калёніі. Днямі адвакат наведвала Асіпенку ў менскім сьледчым ізалятары. Вось што распавяла

"Ён у чаканьні. Чакае ўсяго, ведаеце, надзея памірае апошняй. Ён нічога не выключае, ў тым ліку лепшага. Ёсьць жа рэчы, якія цяжка абвергнуць. Абвінавачаньне кажа адно, а сьведкі другое".

29 красавіка ў сядзібе БНФ дзяліліся сваімі ўражаньнямі ад гэтага працэсу назіральнікі ад грамадзкіх і праваабарончых арганізацый. Агульным было меркаваньне, што віна Аўтуховіча, Асіпенкі і Казлова недаказаная, а справу супраць іх сфальшавалі, каб не даць ім магчымасьці далей змагацца з карупцыяй.

Актывістка Тацяна Кім зачытала вытрымку з ліста, які ёй даслаў зь турмы Мікалай Аўтуховіч. Вязень дзякаваў усім, хто яго падтрымлівае і выказваў спадзяваньне на перамогу ў судзе.

Праваабаронцы і грамадзкія актывісты вырашылі прыйсьці з кветкамі ў суд на агалошваньне прысуду па справе Аўтуховіча, якое адбудзецца 6 траўня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG