Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калісьці 1 траўня ў сьвеце было днём суворым і баявітым. Кшталту Чарнобыльскага шляху сярэдзіны 90-х. Нават кроў лілася. Парушаючы ўсе магчымыя забароны людзі працы выходзілі на далёка не санкцыянаваныя мітынгі й дэманстрацыі, каб нейкім чынам адфарматаваць наяўныя сацыяльныя варункі пад свае часам сьмелыя, часам сьціплыя пажаданьні.


Зразумела, што ў дзяржаве дэкляратыўнага сацыялізму аніякіх клясавых супярэчнасьцяў не было прадугледжана. Таму й сьвята пад уважлівым наглядам пераўтварылася з рамантычна-равалюцыйнай «маёўкі» ў рэгулярную дэманстрацыю... салідарнасьці з галоўным, з адзіным работадаўцам. Які сам вырашаў, дзе хадзіць, што крычаць, чаго й ад каго патрабаваць. Уласна кажучы, патрабаваў менавіта ён. Традыцыя ўрадавых патрабаваньняў, названых «заклікамі» пражыла нецікавы доўгі шлях, і мы ня будзем засяроджвацца на ягоных тонкасьцях. Але ж ў апошнія гады існаваньня СССР любому няўзброенаму воку былі бачныя тоўстасьці новых сэнсаў, якія заварушыліся пад абалонкамі словаў, што мулялі ўсім вочы за колькідзесят гадоў.

1987 — пікавы час перабудовачных летуценьняў. Усё блыталася ў шчасьлівых галавах ад веснавею духоўнай свабоды й новых матэрыяльных магчымасьцяў. Аднапартыйнасьць жаніхалася да дэмакратыі, плянавая эканоміка пакуль сарамліва заляцалася да рынка. І з кплівай добразычлівасьцю чытаў абывацель у роднай беларускамоўнай газэце «Звязда» заклікі, у якіх скрыжоўваліся загады «паглыбляць» , «удзельнічаць», «павялічваць», «прымнажаць» з таямніча-салодкім слова «перабудова», зь якім кожны зьвязваў свае асобныя спадзяванкі. 39 заклікаў на пачэсным месцы перадпершамайскага нумара — зь непазьбежнымі «няхай жыве рабочы кляс — галоўная рухаючая сіла...», «Слава савецкай жанчыне — нястомнай працаўніцы...»


18 заклікаў ЦК КПСС ад 1 мая 1991 выдаюць мітрэнгу й жаданьне, каб цябе сур’ёзна паслухалі. Як покліч аб паратунку гучаць:

Суайчыннікі! Акажам падтрымку намаганьням прэзыдэнта СССР па нармалізацыі абстаноўкі ў краіне!

Рабочыя Краіны Саветаў! Партыя камуністаў спадзяецца на вашую сьвядомасьць і арганізаванасць, адданасьць справе перабудовы.

«Супрацоўніцтва ўсіх народаў плянэты» — новае пажаданьне занепакоенага кіраўніцтва. Вядома, што на радзіме тагачасны генсэк ЦК быў куды менш папулярны, чым сярод заходніх кіраўнікоў. І звычайнае «гонар і слава», «мір-праца-май» нібы амэн напрыканцы гарачага эсхаталягічнага казаньня.


Увесну 1991-га барацьба рабочых вылілася на менскія вуліцы й першапачатковы сэнс сьвята непакорнай працы зьнячэўку апынуўся на сваім натуральным мейсцы. Зрэшты, тады было не да сьвяткаваньняў ані героям нагоды, ані зьніякавелым чыноўнікам. Адныя неяк абмяркоўвалі свой неспадзяваны посьпех, ды што зь ім рабіць, ды чаго ўрэшце патрабаваць. Іншыя залізвалі раны на добрым імені «пралетарскай» партыі, рыхтаваліся да абароны й разгублена аглядаліся па бакох, шукаючы хаўрусьнікаў або разглядаючы шлях для ганаровага адступленьня.

Вось і «заклікі» ўпаляванага ЦК туляцца недзе на ўнізе на першай старонцы газэты. Іх ужо толькі чатырнаццаць. У іх гучыць стома й адчай.

Суайчыньнікі! Аб’яднаемся...

Грамадзяне Савецкага Саюза! Падтрымаем меры...

Камуністы! Згуртуемся...

Савецкія жанчыны! Абаронім...


Не аб’ядналіся, не згуртаваліся й не абаранілі. Пала абложаная камяніца.

На жаль, гульня ня мела працягу ўглыбіню 90-х і ўшыркі па 2000-х. Толькі ўявім сабе, як бы маглі гучаць першамайскія заклікі рэфармаванай на кітайскі капыл КПСС у, скажам, крывавым 97-м:

Рабочыя заводаў, офіс-мэнэджары камэрцыйных кампаніяў! Няспыннай працаю падчас сусьветнага крызысу ўзмацняйце канкурэнтаздольнасьць айчыннай вытворчасьці, настомным спажываньнем стымулюйце рост ВУП і сацыяльнай стабільнасьці!

• Бізнэсоўцы й працоўнікі сьледчых ворганаў! Паскарайце працэс рэфармаваньня прадпрыемстваў — пасьпяховае разьвіцьцё рынкавай эканомікі Бацькаўшчыны — у вашых руках!

• Юнакі й сялянкі! Пашырайце ужытак мяккага знаку ў народнай гаспадарцы. Рыхтуйце мяккую глебу для зьдзяйсьненьня плянаў Памеснага Сабору.

Адылі можна ўявіць наступныя звароты вышэйшага кіраўніцтва да зычлівага грамадзтва ў супярэчлівых варунках пачатку новага тысячагодзьдзя:

• Вайскоўцы, мытнікі, браты! Бярыце актыўны удзел у сусьветнай барацьбе з міжнародным тэрарызмам. За Радзіму без тэррору й нелегальнага гандлю людзьмі!

• Суайчыньнікі за мяжой і тутэйшыя дзеячы культуры, вышэй якасьць дзяржаўнай ідэалёгіі! Хрысьціянскія каштоўнасьці, памяць пра Вялікую Перамогу, моцны ўрад — зарука посьпеху роднай краіны ў XXI ст.

• Няхай жыве праца, зямля ды іншыя чыньнікі вытворчасьці! Няхай жывуць тэрміновыя працоўныя кантракты й датэрміновыя выбары! Клясавы мір і павага да чалавека працы — духоўныя арыенціры сацыяльнай дзяржавы.


Эх... Пяшчотны месяц травень! Дык няхай жыве што-небудзь!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG