Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

МЕСЦАМІ КАРОТКАЧАСОВЫЯ ДАЖДЖЫ...


Уначы 5 – 12°С, удзень 13 – 20°С, на паўднёвым усходзе да 23°С.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Стартуе прэзыдэнцкая кампанія лідэра руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча. Аб пачатку кампаніі будзе абвешчана ў менскім гатэлі “Эўропа” (12.00).

ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:


У Нью-Ёрку адкрываецца канфэрэнцыя ўдзельнікаў Дагавору аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі.

У Індыі маюць абвясьціць прысуд у справе ўдзельніка тэрарыстычнага нападу на Мумбаі ў лістападзе 2008 году.

Прэм’ер-міністар Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу абмяркуе ў Шарм-аш-Шэйху з прэзыдэнтам Эгіпту Хосьні Мубаракам захады для блізкаўсходняга ўрэгуляваньня.

У Нью-Ёрку назавуць ляўрэатаў найпрэстыжнейшай узнагароды ў галіне кулінарыі – “James Deard Awards”.


ЁСЬЦЬ НАГОДА:


Сусьветны дзень свабоды друку.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


3 траўня 1469 году нарадзіўся Нікалё Макіявэлі, італьянскі мысьляр, гісторык і палітык пары эўрапейскага Адраджэньня. Менавіта Макіявэлі замацаваў у якасьці нормы тэзу пра тое, што ў палітыцы мэта апраўдвае сродкі.

3 траўня 1791 году Сойм Рэчы Паспалітай зацьвердзіў Канстытуцыю – першую ў Эўропе, другую ў сьвеце і апошнюю для супольнае дзяржавы Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага. Тагачасныя беларусы жылі паводле гэтай канстытуцыі да захопу беларускіх земляў Расейскай імпэрыяй.

3 траўня ў 1877 годзе нарадзіўся беларускі фальклярыст і кампазытар Антон Грыневіч. Яшчэ ў 1906 годзе ў Пецярбургу ён стаў сябрам выдавецкае суполкі “Загляне сонца і ў наша ваконца”, а пасьля стварыў сваё прыватнае выдавецтва. Грыневіч укладаў і друкаваў зборнікі беларускіх песьняў, рабіў фальклёрныя запісы па ўсёй Беларусі. У 1937-м быў прызнаны ворагам народу і расстраляны.

3 траўня 1892 году ў Менску прыйшоў на сьвет Аляксандар Вальковіч. Ваяваў прапаршчыкам у 1-ю сусьветную, далучыўся да беларускіх эсэраў, быў прадстаўніком ураду БНР у Грузіі, а пасьля – міністрам фінансаў БНР. У 1925-м вярнуўся з-за мяжы ў БССР, працаваў у наркамаце фінансаў. У 1930-м арыштаваны і высланы на 5 гадоў у Башкірыю, а ў 1937-м “двойкай” НКВД Башкірыі засуджаны да расстрэлу і расстраляны.

3 траўня 1968 году ў Парыжы адбыліся сутычкі паліцыі са студэнтамі Сарбонскага ўнівэрсытэту. З гэтых сутычак пачалася студэнцкая рэвалюцыя, якую яшчэ называюць сэксуальнай або рэвалюцыяй кветак. Яна пракацілася па ўсіх разьвітых краінах сьвету, несучы пратэсты супраць спажывецкага ладу жыцьця.

Дзьве знакамітыя жанчыны нарадзіліся 3 траўня ў розны гады. Гэта прэм’ер-міністарка Ізраілю Голда Мэір, юначыя гады якой прайшлі ў Пінску, і грузінская гросмайстарка, чэмпіёнка сьвету ў шахматах Нона Гапрындашвілі.

МІНУС 365:


Год таму на сайце “Свабоды”: “Сёньня – Сусьветны дзень свабоды прэсы”.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


“Перамога ніколі не бывае поўнаю ў такой меры, каб пераможца мог ні з чым не лічыцца і, у прыватнасьці, мог паправіць справядлівасьць” – Нікалё Макіявэлі.
XS
SM
MD
LG