Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Журналістам я стаў зусім выпадкова, вядомым журналістам — пагатоў. Так супала, што сваю першую тэлевізійную праграму «Праспэкт» я пачаў весьці за 2 тыдні да першага туру першых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Праз 2 тыдні прэм’ер-міністар Кебіч прайграў, ягоным шаўкам — тыпу Замяталіна — было не да журналістаў, таму нас не чапалі і дазвалялі рабіць праграму так, як мы лічылі патрэбным. Праграма адразу стала папулярнай, пра яе загаварылі.

На выбарах перамог Аляксандар Лукашэнка. Першым часам ён удаваў мудрага начальніка, а яго падручныя — дэмакратаў. Таму для «Праспэкту» былі адчыненыя шмат якія дзьверы ўладных кабінэтаў. Але папулярнасьці праграма ня страціла, бо мы яе рабілі, арыентуючыся на гледачоў, а не на кабінэты. Потым з Лукашэнкам усё стала зразумела, ён вырашыў правесьці свой першы рэфэрэндум і зьнішчыць відочныя прыкметы беларускай незалежнасьці. Я выступіў супраць ягонай задумы, праграму закрылі. Пра гэта шмат пісалі, гэта ўмацавала мой аўтарытэт. Але я сядзеў бяз працы 4 месяцы, ня менш.

Затым выпадкова пасварыліся заснавальнікі «Беларускай дзелавой газэты». З газэты сышлі ўсе, застаўся толькі Пётар Марцаў і яго даўняя прыяцелька Лена Данейка. Ёй проста было шкада кідаць сябра ў бядзе. Марцаў паклікаў мяне ратаваць свой праект. Я пагадзіўся, таму што лічыў гэта сур’ёзным выклікам і паважаў гэтую сур’ёзную газэту. Мы публікавалі камэнтары вядомых беларускіх палітолягаў і журналістаў — Дракахруста, Фядуты, Старыкевіча. Я ніколі ня ўмешваўся ў іхнія камэнтары, лічачы, што ня сьлед нават галоўнаму рэдактару ўлазіць у аўтарскія тэксты паважаных людзей. За адзін з такіх тэкстаў Лукашэнка і ягоныя шаўкі наехалі на газэту. Нас выперлі друкавацца ў Літву. Пра нас шмат пісалі, мы выглядалі стойкімі рэвалюцыянэрамі, хоць проста рабілі сваю справу сумленна і на грубасьць наўмысна не нарываліся.

У 1997 годзе, тады ўжо я працаваў на расійскім тэлебачаньні, я зрабіў рэпартаж пра беларускую мяжу. Прычым нават сьледчыя КДБ ужо даўно давялі, што мяжы мы не парушалі і ў нас гэтага не было нават у думках. Рэпартаж выйшаў так сабе, звычайны. Але нашу групу арыштавалі. Я амаль 3 месяцы правёў у турме, потым нас зь Дзімам Завадзкім судзілі і прысудзілі да ўмоўных тэрмінаў. Пра мяне пісалі і казалі ўсе ня толькі ў Беларусі, але і ў Расіі і далёка за яе межамі. Калі б Лукашэнка нас не пасадзіў, пра нас бы так шмат не гаварылі. Таму часта людзі мне кажуць, што гэта Лукашэнка мяне зрабіў славутым і няма ў гэтым ніякай маёй заслугі.

Потым я зьехаў у Маскву і вёў нават праграму «Час». Напісаў некалькі кніг. Стварыў зь сябрамі сайт «Беларускі партызан», каб неяк падтрымаць сваіх калегаў у Беларусі. Сайт дзівосным чынам стаў вельмі папулярны. Яго часта атакуюць хакеры ў пагонах, а да некаторых журналістаў прыходзяць дахаты зь ператрусамі і забіраюць кампутары, бо падазраюць у сувязях з партызанамі. Мае таварышы ў Менску фактычна працуюць у стане аблогі. У Маскву таксама прыяжджаюць сьледчыя зь Беларусі, каб дапытаць мяне з нагоды сайта. Некаторыя зайздросьнікі шыпяць па завугольлі, што ўлады сваёй жорсткасьцю і тым, што ўвесь час замінаюць нам працаваць, робяць сайт толькі яшчэ больш папулярным. Нашы зайздросьнікі наўпрост ня кажуць, але цераз раз намякаюць, што гэта мы самі інсьпіруем рэпрэсіі спэцслужбаў на свой адрас, бо зайздросьнікаў жа чамусьці не атакуюць і не арыштоўваюць, хоць яны ня меней таленавітыя.

Нядаўна мяне пазбавілі беларускага грамадзянства. Пазбавілі юрыдычнай сувязі з радзімай абсалютна незаконна, таму што пасьля 2002 году беларус можа мець два пашпарты, напрыклад, расійскі і беларускі. Але закон пісаны не для беларускіх грамадзян, але пісаны, каб псаваць жыцьцё ворагам беларускай улады. Ізноў пра мяне шмат пісалі і казалі.

Напэўна, маёй славе хтосьці зайздросьціць. Пакрываецца плямамі, калі чуе чарговае паведамленьне пра мяне. Жадаю сумленна прызнацца, што зайздросьціць ня варта.

Я на такую славу не нарываўся, такой вядомасьці не шукаў. Я заўсёды проста працаваў і імкнуўся стаць прафэсіяналам у сваёй справе. У палітыку не ішоў, прапагандай за грошы не займаўся, густамі чытачоў і гледачоў не маніпуляваў, голага прэзыдэнта на вокладцы не друкаваў. Працаваў, шмат і ўпарта. І заўсёды жадаў, каб мяне не чапалі, працаваць не заміналі. А што да прэзыдэнта, дык вось ён ідзе — вазьміце камень і кіньце ў яго. Вы адразу станеце знакамітым, калі лічыце, што гэта так лёгка. Напішыце рэзкі артыкул, хай зачыняць вашу газэту ці блякуюць ваш сайт, на які вы ўгробілі 5 гадоў жыцьця. Яшчэ лепш, калі вас паб’юць ці арыштуюць, нарэшце, забяруць грамадзянства і адрэжуць дарогу дадому. Я абяцаю, урачыста прысягаю, што буду пісаць пра вас кожны дзень, пісаць з максымальным напружаньнем свайго слабога таленту, буду ўсім распавядаць пра вас, каб вас у першую чаргу вызвалілі. І вы станеце знакамітым! Але толькі нешта мала такіх адважных.

Салідарнасьць — адзіная надзея беларусаў. Узаемадапамога і ўзаемавыручка — наш паратунак. Мы ўсе жадаем спакойна працаваць, жыць вольна і бяз страху. Жыцьцё найвышэй за ўсё, а слава — гэта дым над вадой. Яшчэ раз дзякую ўсім, хто заўсёды падтрымліваў мяне ў цяжкія хвіліны, і прашу прабачэньня ў тых, каму і калі я дапамагчы ня змог.
1. Навошта я пішу блог

Мне нестае прасторы, каб выказаць свае асабістыя думкі. У газэце ці на тэлебачаньні я абмежаваны рамкамі журналісцкай этыкі і ўмоўнасьцямі карпарацыі. У блогу я больш вольны ў выказваньні.

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах

Цікавыя сюжэты, якія падкідаюць людзі. Сам бы ўсё гэта і за цэлае жыцьцё не адшукаў.

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах

Ненавіджу хамства, асабліва ананімнае. Заходзіць пад выдуманым імем да вас нейкі дэгенэрат, які ў жыцьці да вас і на кілямэтар не падышоў бы са спалоху, а тут пачынае запанібрата з вамі па па-хамску размаўляць. Выдалю бязьлітасна.

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць

Блог Калінкінай, безумоўна. Ліпковіч прышпільны. Сяргей Дэраш таксама імкнецца трымаць паляну пад кантролем. З расійскіх — Натальля Радулава малайчына.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG