Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улада прысабечвае змаганьне за старое мыта на аўтамабілі


Агітацыйная ўлётка партыі БНФ.

Агітацыйная ўлётка партыі БНФ.

Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь заяўляе пра неабходнасьць захаваць дзейныя стаўкі ўвазнога мыта на аўтамабілі для фізычных асобаў пасьля ўступленьня ў сілу кодэксу Мытнага саюзу Беларусі, Расеі і Казахстану. Адначасна Генэральная пракуратура распачала допыты сяброў ініцыятыўнай групы па правядзеньні рэфэрэндуму ў гэтым пытаньні, якую стварылі актывісты партыі БНФ.


Парадак спагнаньня мыта зь фізычных асобаў, — адна з тэмаў парадку для Савету міністраў саюзнай дзяржавы, які мае адбыцца ў траўні. Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі заяўляе, што мае намер адстаяць цяперашні памер увазнога мыта для беларусаў. Зараз вядзецца падрыхтоўка адпаведных дакумэнтаў, паведаміў кіраўнік прэсавай службы Ігар Пяшко:

«Нашыя экспэрты ўдзельнічаюць у перамовах па падрыхтоўцы пагадненьняў у справе фармаваньня Мытнага саюзу».

Падвышэньня Беларусьсю і Казахстанам з 1 ліпеня 2010 году ўвазнога мыта да расейскага ўзроўню патрабавалі ўмовы Мытнага саюзу. Аднак зараз пазыцыя Расеі ў гэтым пытаньні менш цьвёрдая, чым раней,і гэта дае лепшыя спадзяваньні для аўтаўладальнікаў, мяркуе старшыня асацыяцыі кіроўцаў і ўладальнікаў аўтатранспарту Алег Маркевіч:

«Расея прадбачыць дэмаршы з боку Беларусі і сама ўжо падсалоджвае сытуацыю выказваньнямі амбасадара, а таксама іншых высокапастаўленых чыноўнікаў, што нават да 2012-2013 гадоў яны гатовыя прыняць пэўныя ўмовы. Рэч такая, што Мытны саюз трашчыць па швах з самых розных прычынаў. І ўлада, каб паказаць, што клапоціцца пра народ, пойдзе на тое, каб пакінуць ці замарозіць мыта ў цяперашнім стане».

Адначасна ў Магілёве на допыты ў пракуратуру распачалі выклікаць сябраў ініцыятыўнай групы дзеля правядзеньня рэфэрэндуму, якога жадае дамагчыся партыя БНФ. Гэткім чынам улады спрабуюць перахапіць ініцыятыву і стварыць сабе добры імідж у вачах электарату напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, мяркуе старшыня партыі Аляксей Янукевіч:

«Безумоўна, Лукашэнка ўжо думае пра прэзыдэнцкія выбары, якія неўзабаве маюць быць. І ў кантэксьце гэтых выбараў не ўвядзеньне гэтага мыта, а ён пастараецца павярнуць так, што менавіта ён гэтага не дапусьціў, будзе на яго карысьць. Таму яму нельга дапусьціць, каб такая слушная і важная для людзей ініцыятыва ад апазыцыі была прызнаная і атрымала шырокі розгалас. Таму ўлады будуць старацца цягнуць коўдру на сябе, а нашу ініцыятыву максымальна прыдушваць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG