Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улада баіцца, што новыя выбары будуць цяжкія


Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

Досьвед, назапашаны падчас правядзеньня сёлетніх мясцовых выбараў у Беларусі, улады зьбіраюцца выкарыстаць у новай выбарчай кампаніі — прэзыдэнцкай. Пра гэта сёньня казала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Яна выступіла на паседжаньні Цэнтравыбаркаму, дзе падводзіліся вынікі мясцовых выбараў.


Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі заклікала не паўтараць сёлетніх памылак: уважліва рыхтаваць сьпісы выбарцаў, правяраць друкаваную прадукцыю і г.д. Казала яна і пра высокую адказнасьць пры правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў.

Журналісты нагадалі Лідзіі Ярмошынай выказваньні Аляксандра Лукашэнкі двухдзённай даўніны пра тое, што чарговыя прэзыдэнцкія выбары будуць вельмі цяжкімі:

«Вельмі цяжкая будзе выбарчая кампанія. Вельмі цяжкая. І калі ў гэтай кампаніі давядзецца ўдзельнічаць дзейнаму прэзыдэнту, то яна будзе яшчэ цяжэйшай. Таму што вы бачыце, каму тут дзейны прэзыдэнт не падабаецца, каму тут ня ў лад. І на Захадзе, і на Ўсходзе».

Спадарыня Ярмошына так пракамэнтавала гэтае выказваньне:

«Мне цяжка казаць, паколькі я думаю, што цяжкасьці ўсё ж такі будуць не ўнутры краіны, а з-за яе межаў. Таму, я думаю, кіраўнік дзяржавы ўсё ж меў на ўвазе нейкі міжнародны ціск, пра які ён лепш праінфармаваны за мяне».

Палітоляг Вацлаў Арэшка лічыць інакш: ціск не абмяжоўваецца толькі замежжам:

Вацлаў Арэшка
«Унутраная сытуацыя ў Беларусі паступова зьмяняецца. Стаўленьне народу да ўлады за апошні год зьмянілася. І яно будзе ўсё горшым і горшым. І ўсё больш людзей зьвязваюць пагаршэньне свайго эканамічнага стану ня проста з уладай, а канкрэтна — з Аляксандрам Лукашэнкам, зь яго прэзыдэнцтвам. І, я думаю, менавіта гэта найбольш яго хвалюе. І ён сапраўды баіцца гэтых выбараў, бо яны стануць штуршком для сур’ёзных зьменаў у Беларусі».

Лідзія Ярмошына паведаміла, што фактычна вынікі выбарчай кампаніі зацьверджаныя. У Беларусі не абраныя толькі 15 дэпутатаў у мясцовыя саветы з агульнай колькасьці 21303.

Паводле дадзеных ЦВК, на гэты дзень яшчэ не разгледжана 18 скаргаў. Амаль усе яны тычацца адной і той жа праблемы: немагчымасьці для кандыдатаў, давераных асобаў альбо назіральнікаў назіраць за падлікам галасоў з такой адлегласьці, каб быў відзён рэальны падлік галасоў.

Гэтыя скаргі, паводле паведамленьняў выбарчай камісіі, будуць разгледжаныя на наступным тыдні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG