Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня грамадзянская кампанія «Гавары праўду!» прэзэнтавала аналітычны бюлетэнь, прысьвечаны вынікам выбараў у мясцовыя саветы. Сваё дасьледаваньне на 30 старонках з ілюстрацыямі, дыяграмамі і графікамі кіраўнікі кампаніі прынесьлі і перадалі ў Цэнтральную выбарчую камісію.

Экспэрты, грамадзкія актывісты кампаніі «Гавары праўду!» паставілі на мэце прааналізаваць увесь выбарчы працэс ад самага пачатку да канца, пачынаючы ад заканадаўства, фармаваньня выбарчых камісіяў, вылучэньня кандыдатаў, рэгістрацыі, агітацыі і да вынікаў галасаваньня. Праваабаронца Тацяна Процька распавяла:

Тацяна Процька
«Гэта ня першы маніторынг, які вядзецца прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Але сёньня гэтым займаліся людзі, не ангажаваныя ні ў якія палітычныя партыі ці грамадзкія аб’яднаньні. Працавалі навукоўцы і экспэрты. Асаблівая каштоўнасьць гэтага маніторынгу ў тым, што ён зроблены нэўтральнымі людзьмі, якія ня маюць асабістых мэтаў ва ўладзе. І людзі ўражаныя, проста ўражаныя парушэньнямі. Яны нам казалі: «Мы нават і ня ведалі, што так можа быць».

Уладзімер Някляеў
Лідэр кампаніі Ўладзімер Някляеў абураны перадусім ня столь кі шматлікімі парушэньнямі, прыпіскамі, непразрыстасьцю, колькі пагардлівым стаўленьнем уладаў да людзей:

«Я праехаў усю чарнобыльскую зону ў дзень выбараў. Яна была такая ж самая пустая, як пасьля адсяленьня. Людзей не было — нібыта атамная бомба ўзарвалася і іх усіх вымела. А яўка — 80%. З чаго зьляпілі?.. Страчана самае істотнае — павага да людзей. Зрабіце хоць выгляд, што вы іх паважаеце, а ня толькі плявузгаеце: „Ай, любім, любім“. Любоў у адносінах выяўляецца, а ня ў словах пра тое».

Сябра Менскай гарадзкой тэрытарыяльнай камісіі Сяргей Вазьняк самым галоўным парушэньнем лічыць непразрыстасьць падліку галасоў:

«Губляе сэнс інстытут назіраньня. Таму што назіральнікі бачаць гэтую масу бюлетэняў на стале, але яны ня ведаюць, што там. Старшыня камісіі ў сябе на калькулятары складаў нейкія лічбы, якія нікому не абвяшчаліся, і называў агульную лічбу. Гэта поўны непарадак. Ніякіх выбараў, канечне, не было».

Аляксандар Галькевіч
Толькі лічаныя адзінкі — менш за дзясятак сябраў апазыцыйных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў сталі дэпутатамі. Сябра партыі «Справядлівы сьвет» Аляксандар Галькевіч абраны дэпутатам Баранавіцкага гарадзкога савету. Ён сам не чакаў, што выйграе:

«Можа, зоркі так сталі, можа, сумленьне загаварыла, ня ведаю. А магчыма, мае перавагі былі занадта відавочныя. Я ў гэтым горадзе нарадзіўся, я 30 гадоў тут працую лекарам хуткай дапамогі, многіх сваіх выбарцаў ведаю асабіста, бываў у іх дома ў сытуацыях, калі ня думаеш пра палітыку. А асабістае знаёмства — гэта такі стымул на выбарах, які не пераб’еш ні партыйнасьцю, ні чым іншым, мне так падаецца.

Што да парушэньняў, яны былі цалкам тыя ж, што і паўсюль. Ніводнага чалавека ні ад нашай партыі, ні ад апазыцыі ва ўчастковых камісіях у горадзе не было. Падлік галасоў быў абсалютна непразрысты».

Праваабаронца Тацяна Процька адзначыла, што справа ня толькі ў шматлікіх парушэньнях, якія дазвалялі сабе прызначаныя ўладамі сябры камісіяў. Народ павінен стаць неабыякавым:

«Пакуль народ не ўсьвядоміць, што ніякіх выбараў у нас няма, што ў нас ёсьць нейкая спэцыфічная форма прызначэньня новых людзей для прадстаўнічай улады і ўлады выканаўчай — адзін і той жа чалавек, адна і тая ж група людзей гэтыя прызначэньні робяць — я думаю, што ніякіх сур’ёзных зрухаў у нашай краіне ня будзе, нават калі зьменіцца кіраўнік дзяржавы».

Сябры кампаніі «Гавары праўду» перадалі бюлетэнь прадстаўніку Цэнтральнай выбарчай камісіі Аляксандру Пістунову.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG