Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скура


Свой першы ордэн я атрымаў, калі мне было пятнаццаць гадоў.

Спачатку ён быў ярка-чырвоны, нібы намаляваны, потым набыў шляхетны фіялетавы колер – мне здавалася, што ён сьвеціцца ў цемры, як кацінае вока. Я горда насіў яго на шыі і наўмысна не надзяваў ні шалікаў, ні швэдраў з высокім горлам, я хацеў, каб яго пабачылі ўсе, я прагнуў няўхвалы, цікаўнасьці, шэпту за сьпінай, павагі, а найперш – зайздрасьці. Не, гэта быў не банальны сіняк і не гераічны шнар, якія, безумоўна, таксама надаюць пэўнага шарму – гэта быў сапраўдны, глыбокі, неаспрэчны, пачварны ў сваёй відавочнасьці засос, па-майстэрску выкананы адной маёй знаёмай. Ягоная вартасьць была неацэннай – маючы такі знак на шыі, ты належаў да касты далучаных. І калі ён урэшце зьнік, я пачуваўся як маршал, зь якога раптам сарвалі пагоны, як адмірал, якога выгналі на бераг.

Як і кожная паверхня, нашая скура добра надаецца на тое, каб зьмяшчаць на сабе розныя знакі. А чалавек здавён гэта любіць: пакрываць паверхні знакамі. Дзе ўбачыць вольную паверхню, адразу кідаецца на яе, на хаду расшпільваючы штаны.
Гэта быў сапраўдны засос.
“Вова і Коля, дэмбель-95”, – прыгожа выводзіць чалавек, – “Квітней, Беларусь”. “Гэта, мой горад”, – піша ён то на адной, то на другой менскай вуліцы, нібыта пазначаючы сваімі недарэчнымі коскамі тэрыторыю. “Яны змагаліся за радзіму”, – нагадвае чалавек сам сабе, – “Іх шукае міліцыя”. І гэтак далей.

Але людзей на сьвеце і ў гэта-маім-горадзе становіцца ўсё больш, а вольных паверхняў усё менш. І чалавек зьвяртаецца да бясцэннага досьведу продкаў і пачынае аддаваць перавагу паверхні, якая, хай і абмежаваная, але заўжды пад рукою і належыць толькі яму – сваёй уласнай скуры. Тут з пэўнага часу чалавек мае поўную свабоду. Татуяваньне не падлеглае цэнзуры – мяркую, што няма такога закону, які кантраляваў бы татуяваньне і вызначаў бы дапушчальныя нормы маральнасьці малюнкаў.

Татуяваная скура – гэта ўжо ня проста скура, гэта адначасова прадмет гардэробу, модны аксэсуар, зброя, маска і мастацкі твор. Існуюць такія выкшталцоныя тату, на ўладальнікаў якіх пры іхным выезьдзе за мяжу трэба было б ставіць штамп “Художественной ценності не представляет” і без наяўнасьці такога штампа нікуды не выпускаць. Татуіроўка – таксама знак далучанасьці, сьведчаньне таго, што ты прайшоў пэўную ініцыяцыю.
Татуяваная скура – палімпсэст.
Калісьці яна была часткай тайнага коду, пазнакай нонканфармістаў і маргіналаў, але часы зьмяніліся. Па сутнасьці, цяпер тату – гэта той самы засос, але прызначаны для дарослых. Кажуць, малюнак на скуры адпавядае характару чалавека, ён – пасланьне яго ўладальніка сьвету. Пры гэтым неяк не зьвяртаюць увагу на тое, што татуяваная скура – насамрэч палімпсэст, бо скура ад нараджэньня нясе на сабе не абы-якія знакі і нават без татуяваньня здольная сказаць пра нас вельмі шмат.

Henry Gray (1825–1861). Anatomy of the Human Body. 1918.

Часта скура робіць гэта супраць нашай волі, яна – вялікі здраднік: магчыма, гэта было адной з прычынаў, чаму людзі вынайшлі адзеньне – яно дапамагае хаця б часткова схаваць інфармацыю пра іх ці прынамсі зрабіць цяжэйшым працэс дэшыфроўкі. Цяпер, наадварот, у модзе ненавязьлівы эксгібіцыянізм, людзі імкнуцца разьдзецца, апантаныя жаданьнем паказаць беламу сьвету як мага больш сваёй голай скуры – каб іх заўважылі, пачулі, каб пра іх даведаліся і зацікавіліся іхнымі праблемамі; людзі перасталі баяцца быць сабой, у іх стала меней таямніцаў і яны хочуць увагі.
Жыцьцё чалавека – гісторыя дотыкаў.
Разьдзяваюцца жонкі брытанскіх вайскоўцаў, застаюцца перад камэрамі ў чым маці нарадзіла мэксыканскія апазыцыянэркі, кітайскія нявесты, украінскія фэміністкі: напэўна, на фоне іх аголенасьці несправядлівасьць сьвету мусіць выглядаць больш кантрасна, больш рэзка. Палітычны стрыптыз перастаў быць толькі мэтафарай, голая скура кажа там, дзе язык бясьсільны. Мастацкім стрыптызам, здаецца, ужо даўно нікога ня зьдзівіш, але толькі не ў Беларусі. Выдадзены нядаўна ў Менску знакаміты каляндар ”Канец словаў”, для якога галышом сфатаграфаваліся некаторыя беларускія літаратары, стаў магутным і эфэктным выклікам усім крывадушнікам і вахцёрам ад белліту, ён узяў на сябе функцыю тэксту і прадэманстраваў, што ў беларускай літаратуры адбыўся пералом – аголеная скура тут увадначасьсе выказала больш, чым гадамі спрабавала выказаць пісьмо.

Скура – адзін з галоўных праваднікоў інфармацыі пры непасрэдным кантакце. Калі задумацца, усё жыцьцё чалавека – эпічная гісторыя дотыкаў і судакрананьняў. Поціск рукі дае больш інфармацыі пра суразмоўцу, чым словы. Перакладчык Сталіна і Молатава В. Беражкоў прыгадвае ў сваіх мэмуарах, якой была далонь Гітлера пры руканьні: “вільготнай і халоднай, нібы рэптылія”. Невядома, колькі тут ідэалёгіі, а колькі праўды, але насамрэч: дотык да чужой скуры фармуе нашае ўспрыманьне гэтай асобы, і даволі трывала.

Паводле стану скуры ахвяраў судовыя мэдыкі могуць аднавіць сюжэт самых жахлівых здарэньняў, па скуры можна меркаваць пра нашыя шкодныя звычкі, залежнасьці, прафэсійную прыналежнасьць, кожны абгрызены палец мог бы ўвасобіць дзясятак чалавечых фобіяў; дагледжаная скура засьведчыць заможнасьць ці, прынамсі, наяўнасьць вольнага часу ў яе ўладальніка. Скура – гэта старонкі кнігі, якую піша пра нас наш арганізм, татуяваньне – гэта, напэўна, рэдактар і ілюстратар той кнігі, а дэрма-вэнэралягічны дыспансэр на Прылуцкай тады – галоўная нацыянальная бібліятэка. Мы “слухаем” скурай, дыхаем скурай, “гаворым” скурай… А яна выдае нашыя сакрэты з дапамогай свайго тлушчавага сакрэту.

Бо скура, як вядома, дапамагае беспамылкова ідэнтыфікаваць сваіх носьбітаў, калі ў гэтым будзе патрэба.

Тэадор Русэль. Дзяўчына чытае. 1886-7

У 1882 годзе Марк Твэн выдаў кнігу “Жыцьцё на Місысыпі”, у якой апісаў гісторыю чалавека, якога звалі Рытэр – падчас Грамадзянскай вайны ягоныя жонка і дзіця былі забітыя салдатамі-марадзёрамі. Забойца пакінуў крывавы адбітак свайго вялікага пальца.
Скура – гэта старонкі кнігі.
Каб адпомсьціць, Рытэр, удаючы зь сябе хіраманта, хадзіў з гэтым адбіткам па вайсковых лягерах, варажыў салдатам па руцэ і ўрэшце знайшоў забойцу. Марк Твэн праявіў надзвычайную празорлівасьць што да адбіткаў пальцаў. Бо наўрад ці ў той час дактыляскапія ўжо дасягнула Амэрыкі – яе першапраходцамі былі ангельскі каляніяльны службовец Ўільям Гершэл і таксама ангелец Генры Фолдс, якія напрыканцы 70-х гадоў ХІХ стагодзьдзя распрацавалі азы гэтай навукі і зацікавілі ёй адпаведныя органы.

Калі скура – кніга, то дактыляскапія ўсіх вайсковаабавязаных, якой забаўляецца цяпер беларуская дзяржава, ёсьць, відаць, спробай стварыць прыватную энцыкляпэдыю беларускай скуры.

Літаратура таксама мае ня толькі “шкілет” і “мяса”, але і “скуру”. “Шкілет” – гэта, напэўна, тое самае “пра што”, голы сюжэт; “мяса” – гэта ўкладзеныя ў тэкст вялікія і малыя ідэі, якія прымушаюць яго рухацца; больш за ўсё мяне тут цікавіць “скура” – тое праславутае “як”, якое робіць літаратуру мастацтвам і аддзяляе яе ад публіцыстыкі. “Скура” – гэта стыль; як і чалавечая скура, абалонка літаратурнага твора ахоўвае яго нутраныя органы ад дурнаватага, ласага да прымітыву чытача, правільна падабраная скура робіць увесь арганізм тэксту прывабным, прымушае задумацца, што пад ім, ці проста заклікае палюбавацца паверхняй.

Скура старэе разам з чалавекам. “З кожным тваім жаданьнем я буду скарачацца, як і твае дні”, здаецца, такім быў пагрозьлівы надпіс на той знакамітай шчыгрынавай скуры, якую прыдумаў Бальзак. Але нічога не жадаць мы ня можам. Чалавек, які ад прыроды вымушаны жыць у сваёй скуры – ён, увогуле, бязьлітасная і жорсткая какетка, вечна незадаволеная купленай ёй сукенкай . Ён вылузваецца са скуры, каб апынуцца ў скуры сваіх куміраў, ён гатовы скуру садраць жыўцом з таго, хто стане ў яго на шляху, і трэба мець вельмі тоўстую скуру, каб жыць у такім сьвеце і пры гэтым, даруйце за выраз, ня скурвіцца. Застаючыся адна, какетка пакрываецца ад страху гусінай скурай, уяўляючы тыя часы, калі скура ейная стане друзлай, у зморшчынах паселіцца туга і роспач, а засосы на шыі будуць зьяўляцца толькі за грошы.

Застаецца суцяшаць сябе, што гэта была натуральная скура, а не які-небудзь танны дэрматын.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG