Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад будзе падвышаць сярэдні заробак, прыплачваючы начальнікам


Урад Беларусі зьбіраецца да канца году выканаць абяцаньне А. Лукашэнкі давесьці сярэдні заробак па краіне да 500 даляраў. Пра гэта сёньня заявіў намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур. Але, як выглядае, ад гэтага падвышэньня выйграюць хутчэй начальнікі, а не звычайныя працаўнікі.

Намесьнік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур заявіў, што давядзеньне сярэдняга заробку па краіне да 1,5 мільёна рублёў — найважнейшая задача ўраду. Выкананьне гэтай задачы будзе ажыцьцяўляцца як у рэальным сэктары эканомікі, гэтак і ў бюджэтнай сфэры.

Андрэй Тур назваў таксама шэраг канкрэтных захадаў для дасягненьня запаветнай лічбы ў 500 даляраў сярэдняга заробку:

Андрэй Тур
"Пастановай Савету Міністраў зьменены з 5 да 8 гранічны каэфіцыент суадносін сярэднемесячнага заробку кіраўнікоў і па арганізацыях у цэлым. Пастановай Саўміну ад 18 сакавіка дадзена наймальніку права выплачваць кіраўніку арганізацыі з прыбытку гадавы бонус, гэта значыць — аднаразовае заахвочаньне за выкананьне даведзеных паказчыкаў прагнозу ў памеры ня меншым за 12 службовых акладаў. Разьлічваем, што гэтыя і іншыя новаўвядзеньні стануць сур'ёзным стымулам для забесьпячэньня выкананьня прагнозных паказчыкаў".

Пакуль што ў першым квартале сярэдні заробак у Беларусі складаў 1 мільён 38 тысяч рублёў, гэты ж паказчык у бюджэтнікаў склаў 811 тысяч рублёў. Далейшы рост заробку загадана весьці за кошт зьніжэньня матэрыяльных выдаткаў і росту прадукцыйнасьці працы.

Такім чынам, сярод іншага ўрад дазволіў, каб заробак кіраўнікоў у восем разоў быў большым за сярэдні па іх прадпрыемстве ці арганізацыі. Такую выснову з заявы Андрэя Тура зрабіў незалежны эканаміст Сяргей Чалы:

Сяргей Чалы
"У гэтым і сакрэт гэтага сярэдняга заробку. Пры наяўнасьці несымэтрычнага разьмеркаваньня даходаў, калі людзей, якія атрымліваюць мала — шмат, а людзей, якія атрымліваюць шмат,— мала, у гэтай сытуацыі сярэдні заробак атрымлівае меншая палова людзей. Такім чынам атрымаецца, што сярэдні заробак арытмэтычна стане вышэйшы за кошт павелічэньня даходаў у разы для невялікай колькасьці людзей, але для большасьці людзей гэта застанецца непрыкметным".

Сяргей Чалы мяркуе што з сацыяльна-эканамічнага пункту гледжаньня больш правільна было б гаварыць не пра сярэдні заробак, які падобны да сярэдняй тэмпэратуры па палаце, а пра "мэдыянны заробак" — памер заробку, больш за які атрымлівае палова насельніцтва і менш за які атрымлівае іншая палова. Вось такая мэдыяна ў Беларусі складае цяпер каля 700 тысяч, а пры анансаваным урадам сярэднім заробку ў 1,5 мільёна рублёў складзе 800 тысяч рублёў.

Сяргей Чалы зазначае, што матэрыяльнае расслаеньне беларускага грамадзтва апошнім часам інтэнсіўна расьце. Чытачы мясцовай прэсы заўважылі вялізныя даходы розных начальнікаў, якія балятаваліся на мясцовых выбарах і вымушаныя былі падаваць свае дэклярацыі. Паводле апошніх зьвестак, якімі валодае спадар Чалы, даходы 10 працэнтаў самых багатых і 10 працэнтаў самых бедных у Беларусі адрозьніваюцца ў 34 разы.

Разам з тым незалежны эканаміст Сяргей Чалы ўвогуле ня верыць, што да канца году ўдасца давесьці сярэдні заробак да 500 даляраў — хіба што толькі друкуючы грошы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG