Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пытаньне паставак нафты з Вэнэсуэлы ў Беларусь праз Клайпеду знаходзіцца ў камэрцыйнай плоскасьці. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Вільні.

Сідорскі падкрэсьліў, што ў бліжэйшы час будуць ўзважаныя ўсе станоўчыя і адмоўныя бакі перавалкі нафты праз Клайпедскі порт.

Зараз Беларусь вядзе актыўную распрацоўку нафтавых радовішчаў у Іране і Вэнэсуэле. "Здабытая нафта будзе пастаўляцца на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы з тым, каб весьці глыбокую перапрацоўку, -- растлумачыў прэм'ер-міністр. - Зараз яна знаходзіцца на ўзроўні 72% сьветлых нафтапрадуктаў, у бліжэйшы час плянуецца давесьці гэты паказчык да 77%, што адпавядае прадукцыі лепшых сусьветных заводаў . У пэрспэктыве прадукты перапрацоўкі нафты Беларусь будзе пастаўляцца на экспарт ", -- паведамляе БелТА.

У бліжэйшы час прымуць рашэньне адносна пастаўкі другі партыі нафты з Вэнэсуэлы на падставе аналізу эфэктыўнасьці лягістыкі пастаўкі першай схемы. "Мы паглядзім прапанову, якую мы ўжо маем з паўночнага, паўднёвага і заходняга напрамкаў, ўзважым лягістыку і прымем рашэньне", -- сказаў прэм'ер.

У 2009 годзе ў Клайпедскім порце было перавалена 6 мільёнаў тон беларускіх грузаў з 21 мільёна тон агульнага аб'ёму перавалкі. У 1 квартале 2010 года пастаўка беларускіх тавараў праз Клайпедскі порт склала больш за 2 мільёны тон.
XS
SM
MD
LG