Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэакцыі на рэзалюцыю ПАРЭ: "Нельга гуляць з дыктатурай"


Як у Менску камэнтуюць рэзалюцыю Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ад 29 красавіка, якая заклікае прыпыніць кантакты на высокім узроўні з парлямэнтам і ўрадам Беларусі?


ПАРЭ канстатавала "адсутнасьць прагрэсу" з боку афіцыйнага Менску на шляху да стандартаў Рады Эўропы і "адсутнасьць палітычнай волі" з боку ўладаў адносна прыняцьця каштоўнасьцяў арганізацыі. Асамблея пастанавіла прыпыніць кантакты на высокім узроўні з парлямэнтам і ўрадам Беларусі.

У рэзалюцыі адзначаецца, што Асамблея, як і раней, гатовая ўступіць у паступальны дыялёг зь беларускімі ўладамі "ў адказ на пазытыўныя зрухі", але яшчэ раз падкрэсьліла, што "дыялёг можа падтрымлівацца толькі на шляху няспыннага руху Беларусі да стандартаў Рады Эўропы".

Дакумэнт прыняты на падставе дакладу Сінікі Хурскайнэн (Фінляндыя). Парлямэнтары таксама нагадалі аб прапанове, зробленай ПАРЭ ў мінулым годзе, пра аднаўленьне статусу спэцыяльна запрошанага для парлямэнту Беларусі пры ўмове, што будзе ўведзены мараторый на сьмяротнае пакараньне.

Камэнтуючы гэтую рэзалюцыю для Радыё Свабода, прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных адзначыў:
Першае знаёмства з тэкстам пакідае адчуваньне, што гэты дакумэнт быў прыняты імпульсіўна ...

"Першае знаёмства з тэкстам пакідае адчуваньне, што гэты дакумэнт быў прыняты імпульсіўна, пад уплывам выпадковых фактараў ці ваганьняў палітычнай каньюнктуры. ПАРЭ кажа пра сваю прыхільнасьць да дыялёгу зь Беларусьсю і тут жа прымае рашэньне прыпыніць усе кантакты. У гэтай сытуацыі пазыцыя беларускага боку выглядае больш пасьлядоўнай. Мы разглядаем дыялёг як сродак вырашэньня ўсіх наяўных пытаньняў і дасягненьня ўзаемаразуменьня і разьлічваем, што нашы партнэры таксама прыйдуць да такой высновы".

Старшыня сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах Сяргей Маскевіч сказаў, што рэзалюцыя была "нечаканай, хаця гэтае пытаньне было ў такім падвешаным стане, таму можна было чакаць розных рэакцый". Ён выказваецца за перазагрузку дачыненьняў з Эўропай, бо Беларусь не адыдзе ад эўрапейскага вэктару:
у любым выпадку гэта не на карысьць справеe ...

"Цяжка сказаць, ці гэта вяртаньне да санкцый, ці не, але ў любым выпадку гэта не на карысьць справе. Гэта ніяк ня можа паўплываць з дадатнага боку на разьвіцьцё нашых стасункаў з Радай Эўропы наагул і канкрэтна ў справе адмены сьмяротнага пакараньня".

Чаму ўсё ж улады ня выканалі прапанову Рады Эўропы наконт мараторыю на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі? Спадар Маскевіч патлумачыў, што галоўная прычына ў тым, што, паводле сацыялягічных апытаньняў, менш за 5% насельніцтва выказваецца за мараторый на сьмяротнае пакараньне і яго адмену. Цяпер, маўляў, трэба працаваць сумесна, каб памяняць грамадзкую думку.

"Для таго каб быць спэцыяльна запрошаным, няма ніякіх канкрэтных, адмысловых умоваў адносна сьмяротнага пакараньня".

Праваабаронца Алесь Бяляцкі адзначыў, што афіцыйны Менск адказаў сьмяротнымі прысудамі на просьбу дэпутатаў ПАРЭ ўвесьці мараторый. І гэта было асноўнай прычынай такой рэзалюцыі.
гэта выразная пазыцыя, і яна яшчэ раз была акрэсьлена ...

"Наладжваньне стасункаў паміж Радай Эўропы і Беларусьсю ўпіраецца вось у гэтае пытаньне. Прынамсі, гэта выразная пазыцыя, і яна яшчэ раз была акрэсьлена. Павінны быць канкрэтныя адказы на канкрэтныя пытаньні. Рэзалюцыі і Рады Эўропы, і Эўразьвязу важныя ў тым пляне, што зьяўляюцца вехамі ва ўзаемаадносінах і патрабуюць сур'ёзнага вывучэньня і сур'ёзнай рэакцыі".

Адзін зь лідэраў Эўрапейскай кааліцыі Андрэй Саньнікаў ня лічыць гэтую рэзалюцыю паваротам у эўрапейскай палітыцы адносна Беларусі. Аднак ён назваў "станоўчым" рашэньне прыпыніць кантакты.
нельга гуляць у гэтыя гульні з дыктатурай, трэба жорстка ставіць пытаньні...

"Яны пачалі разумець, што нельга гуляць у гэтыя гульні з дыктатурай, трэба жорстка ставіць пытаньні. І тое, што яны адмовіліся ад усіх умоваў і высунулі толькі сьмяротнае пакараньне як умову паляпшэньня стасункаў, а потым сяброўства Беларусі ў ПАРЭ — вось нават гэта не спрацавала. Таму я лічу, што гэта цьвярозая ацэнка таго, што адбываецца, і думаю, што ў гэтым кірунку можна чакаць нейкіх вынікаў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG