Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін год для журналіста значыць ня надта шмат, асабліва калі вы працуеце ў міжнародным аддзеле штодзённай газэты. Падзеньне ўраду, выбары, скажам, у Вугоршчыне, лета і пажары на поўдні Эўропы, восень і паводкі ў Бангладэшы, зіма, якая зноў засьпела дарожнікаў зьнянацку, Новы год і гаданьні, ці не перакрые Расія Эўропе газ. Ну вось і год прайшоў.


Мінулы год быў усё ж адметны, бо ўсясьветны фінансавы крызіс стаўся ня проста тэмай для артыкулаў, а цалкам рэальным фактарам, які ўплывае на само фінансавае выжываньне газэты. Мы, як і большасьць дзелавых газэт, вялікую частку накладу (у нашым выпадку да 70 адсоткаў) распаўсюджваем праз падпіску. Прычым праз падпіску ў офісы кампаній. Кошт — прыблізна 350 даляраў на год. Цалкам натуральна, што ва ўмовах крызісу зэканоміць нават такую суму шмат каму здаецца вельмі дарэчы. Пагатоў большая частка важнай інфармацыі ляжыць у сеціве ў адкрытым доступе.

Не, я зусім не прарочу немінучы крах друкаваных выданьняў. Усё ж значная частка чытачоў досыць кансэрватыўная, дый, нягледзячы на тэхнічны прагрэс, прылады накшталт Kindle або iPad усё яшчэ недастаткова зручныя для таго, каб карыстацца імі ва ўсіх выпадках, калі цяперашні чалавек бярэцца за папяровую газэту.

Аднак ясна, што ўсё больш чытачоў атрымліваюць інфармацыю зь сеціва. Колькасьць унікальных хостаў штодня перавышае ў два разы колькасьць прададзеных газэтаў. Вельмі часта гэта людзі, якія перасталі купляць папяровыя газэты гадоў 10 таму. Выдавецтва перастае быць папяровым, яно цяпер — "пастаўшчык кантэнту". Ідэя ў тым, што рэдакцыя пастаўляе артыкулы, рэпартажы, навіны на розных плятформах.

Адной з ідэяў, якая бурна ў нас абмяркоўвалася ў першай палове мінулага году, было стварэньне multi-tasking журналіста. Г.зн. я, напрыклад, кіруючыся на нядаўняе пахаваньне польскага прэзыдэнта, спачатку вёў бы онлайн-рэпартаж, пэрыядычна вывешваючы толькі што адздыманыя фоткі, потым выклаў бы ролік, зьняты на невялікую камэру, а потым напісаў бы артыкул для папяровага выданьня. Добра хоць не дадумаліся ставіць яшчэ і падкасты. Такой нагрузкі ня здольны вынесьці ніякі журналіст, яму банальна не хапіла б часу. Гутаркі аціхлі пасьля таго, як адзін з кіраўнікоў газэты паехаў у камандзіроўку і ўзяў з сабой камэру. Што там было, дакладна невядома, аднак роліка мы ня ўбачылі, і неўзабаве ўказаньне здымаць відэа было зьнята.

Тым ня менш тэндэнцыя навідавоку: папяровыя газэты ўсё больш ператвараюцца ў анахранізм і будуць памалу відазьмяняцца. Галоўная праблема — як зьмяніць бізнэс-мадэль, бо зарабляць на бясплатным доступе ў інтэрнэце толкам ніхто так і ня ўмее, тым больш на невялікім рынку, як у Чэхіі ці Беларусі. Можа, гэты год нам што падкажа?

Завуць мяне Ондржэй Соўкуп, я журналіст з Чэхіі, працую ў газэце "Hospodářské noviny", вядучым чэскім дзелавым выданьні. Калі раптам хто чытае па па-чэску, то можа чытаць мой блог на сайце рэдакцыі. Апроч таго, у мяне дзьвюхмоўны чэска-расейскі блог у ЖЖ. Калі мне было 12 гадоў, бацькі завезьлі мяне ў Маскву, дзе я пражыў сваё хлапецтва. Вярнуўся на Вялікдзень 1989-га году і пасьпеў панаатрымліваць кухталёў ад паліцыі, у тым ліку на дэманстрацыі ў стылі ракако 17-га лістапада 1989 г., зь якой пачалася "аксамітная рэвалюцыя". Потым у розных жыцьцёвых і іншых, асабліва сяброўскіх акалічнасьцях (прывітаньне жыхарам Гародні і рэдакцыі часопіса "Навінкі") я вывучыў беларускую мову. Хоць вядомы блогер Севярын Квяткоўскі кажа, што я гавару на interslawish, але я спадзяюся, што ўсё-ткі гэта ня так страшна.

Блог я пішу нерэгулярна, але з асалодаю. Для мяне гэта спосаб пісаць пра рэчы, якія для штодзённай газэты "нефарматныя", занадта вясёлыя, суб'ектыўныя або тычацца, напрыклад, музыкі ці культуры наагул. Чытаю я вельмі розныя блогі, ад мудрагелістых разважаньняў вучоных ці публіцыстаў да жыцьцёвых нататак адной кіеўскай знаёмай. Блогі мне даюць магчымасьць атрымліваць нашмат паўнейшы малюнак таго, што адбываецца ў краінах, якімі я займаюся. Бо можна прачытаць 300 старонак манаграфіі, напрыклад, пра ўзровень карупцыі ў Расіі — або пачытаць асабістую гісторыю ў блогу. Другі спосаб, можа, яшчэ і нашмат больш эфэктыўны. Чаго я ў блогах не люблю, дык гэта пагоні некаторых аўтараў за рэйтынгамі і цытаванасьцю. Часам занадта відавочна, што аўтар жадае выклікаць як мага больш камэнтароў і таму сьвядома ідзе на правакацыю.

Вылучыць толькі 5 блогаў ня так проста, аднак паспрабую: у ЖЖ гэта f_f — за нетрывіяльныя разважаньні пра сярэднюю Эўропу, tttkkk — за вельмі цікавыя аповеды пра Паўночную Карэю, chornogora — за гісторыі ня толькі з Данбасу і maryjka_ — за інфармаваньне пра бурнае літаратурнае жыцьцё. І не магу не прызнаць, што часта чытаю блог фанатаў футбольнага клюбу Bohemians 1905.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG