Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ондржэй Соўкуп



Завуць мяне Ондржэй Соўкуп, я журналіст з Чэхіі, працую ў газэце "Hospodářské noviny", вядучым чэскім дзелавым выданьні. Калі раптам хто чытае па па-чэску, то можа чытаць мой блог на сайце рэдакцыі. Апроч таго, у мяне дзьвюхмоўны чэска-расейскі блог у ЖЖ. Калі мне было 12 гадоў, бацькі завезьлі мяне ў Маскву, дзе я пражыў сваё хлапецтва. Вярнуўся на Вялікдзень 1989-га году і пасьпеў панаатрымліваць кухталёў ад паліцыі, у тым ліку на дэманстрацыі ў стылі ракако 17-га лістапада 1989 г., зь якой пачалася "аксамітная рэвалюцыя". Потым у розных жыцьцёвых і іншых, асабліва сяброўскіх акалічнасьцях (прывітаньне жыхарам Гародні і рэдакцыі часопіса "Навінкі") я вывучыў беларускую мову. Хоць вядомы блогер Севярын Квяткоўскі кажа, што я гавару на interslawish, але я спадзяюся, што ўсё-ткі гэта ня так страшна.

Блог я пішу нерэгулярна, але з асалодаю. Для мяне гэта спосаб пісаць пра рэчы, якія для штодзённай газэты "нефарматныя", занадта вясёлыя, суб'ектыўныя або тычацца, напрыклад, музыкі ці культуры наагул. Чытаю я вельмі розныя блогі, ад мудрагелістых разважаньняў вучоных ці публіцыстаў да жыцьцёвых нататак адной кіеўскай знаёмай. Блогі мне даюць магчымасьць атрымліваць нашмат паўнейшы малюнак таго, што адбываецца ў краінах, якімі я займаюся. Бо можна прачытаць 300 старонак манаграфіі, напрыклад, пра ўзровень карупцыі ў Расіі — або пачытаць асабістую гісторыю ў блогу. Другі спосаб, можа, яшчэ і нашмат больш эфэктыўны. Чаго я ў блогах не люблю, дык гэта пагоні некаторых аўтараў за рэйтынгамі і цытаванасьцю. Часам занадта відавочна, што аўтар жадае выклікаць як мага больш камэнтароў і таму сьвядома ідзе на правакацыю.

Вылучыць толькі 5 блогаў ня так проста, аднак паспрабую: у ЖЖ гэта f_f — за нетрывіяльныя разважаньні пра сярэднюю Эўропу, tttkkk — за вельмі цікавыя аповеды пра Паўночную Карэю, chornogora — за гісторыі ня толькі з Данбасу і maryjka_ — за інфармаваньне пра бурнае літаратурнае жыцьцё. І не магу не прызнаць, што часта чытаю блог фанатаў футбольнага клюбу Bohemians 1905.
XS
SM
MD
LG