Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як расейская апазыцыя чмякнулася ў лужыну, а беларуская пайшла да Бога


«Мы прыходзім на Акадэмію. Вітаемся, радуемся адзін аднаму, піярымся, фоткаемся, махаем сьцягамі, ня слухаем прамоўцаў... Ніхто ня памятае навошта мы сыходзімся. Гэта, мабыць, генэтычнае ўжо - прыходзіць туды ў пэўны час. Як міграцыя ласося, як птушкі лятуць у вырай». Гэтыя ўражаньні блогеркі kry4ycca-mnie ад Чарнобыльскага шляху-2010 цалкам супадаюць з маімі.

БАНГАЛЁРСКІ ШПАЦЫР


Пасьля колькігадовага перапынку я вырашыў прыняць удзел у ЧШ (дасьціпна перайменаваным блогерам nicolaev у БШ - «Бангалёрскі шпацыр»), бо Андрэй Кім, ён жа anei_aka_kirian напісаў напярэдадні ў суполцы by_politics, што гатовы пачаставаць півам кожнага блогера, хто да яго падыйдзе падчас акцыі і назавецца. Паколькі Андрэй на момант агучваньня прапановы быў у Кіеве і мог прывезьці адтуль «Білу Ніч», вельмі смачнае ўкраінскае піва, якое не прадаецца ў Беларусі, ад ягонай прапановы немагчыма было адмовіцца. Цяпер я ведаю палітыка, якому можна давяраць - спадар Кім мяне не падмануў. Спадзяюся, у момант перадачы абяцанай пляшкі дзе-небудзь побач у кустах не хавалася здымачная група БТ. Быў бы гатовы сюжэт для чарговага выкрывальнага фільму.

Сам фігурант «працэсу 14-ці», былы палітвязень Андрэй Кім прыйшоў да Акадэміі, каб сустрэцца зь сябрамі і сабраць каманду для... гульні ў фрысьбі. Балазе, надвор'е спрыяла актыўнаму адпачынку на сьвежым паветры.

Масавы калектыўны адпачынак на сьвежым паветры, сэзоннае гуляньне-хаджэньне нагадваў сваёй атмасфэрай і сёлетні Чарнобыльскі шлях. У прынцыпе, замест расслабленага, калі не сказаць млявага, прамэнаду, удзельнікі маглі б пракаціцца да плошчы Бангалёр зь ветрыкам - на роліках або роварах. І хутчэй, і весялей.

Усё роўна заяўлены фармат жалобнага шэсьця ня быў выкананы, на што зьвяртае ўвагу isto4nik_zarazi: нягледзячы на заклік аргкамітэту да ўдзельнікаў адмовіцца ў гэты дзень ад «самапіяру» і выкарыстоўваць толькі бел-чырвона-белыя сьцягі з чорнай стужкай, недахопу ў вясёленькай партыйнай сымболіцы («Эўрапейская Беларусь», «Народная грамада» ды інш.) не назіралася.

Дарэчы, акурат выключна жалобным характарам мерапрыемства Зьміцер Дашкевіч тлумачыў непажаданасьць прысутнасьці на ім анархістаў (аж да таго, што паабяцаў іх «зьвязваць і здаваць міліцыі» - як «правакатараў»), якія бралі ўдзел у Чарнобыльскіх шляхах цягам дзесяці гадоў.

У сувязі з чым анархісты вырашылі байкатаваць ЧШ-2010 і правялі сваю ўласную акцыю, пад задорысты барабанны бой пратэстуючы супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі:



«Усё-ткі з анархістамі неяк цікавей было, ці што...» - заўважыў toxaby, які рабіў фотарэпартаж з «афіцыйнага» Чарнобыльскага шляху.

«Першы раз з упэўненасьцю магу сказаць: кепска там, дзе нас няма» - гіранічна адзначыла блогерка-анархістка t_a_v_a_r_y_s_h.

«Усё тое ж самае, толькі цішэй ды менш жвава. І гэта добра, калі нудна - значыць усё ў парадку, эканоміка паднімаецца, людзі працуюць, усё спакойна» - з уласцівым яму непараўнальным аптымізмам піша сеціўны адвакат беларускіх уладаў stas_allov.


МО ЛЕПЕЙ ПАБУДУЕМ ЕРАПЛАН І ПАЛЯЦІМ АДСЮЛЬ?


Модным жартам сярод удзельнікаў шэсьця ў гэтым сэзоне было: «У першых радах ідзе Бакіеў!». А яшчэ я пачуў новы для мяне лёзунг: «У нас адна дарога - Беларусь да Бога!». Адразу прымроілася нешта кшталту фінальнага кадру зь фільму Эльдара Разанава «Нябёсы запаветныя», дзе героі адлятаюць у неба на іржавым паравозе. Пацікавіўся ў чытачоў свайго блогу: якія асацыяцыі ён у іх выклікае?

У адных лёзунг асацыяваўся зь сьмерцю:

«Для мяне гучыць прыкладна як "Усе там будзем". Бог даў, бог і ўзяў і г.д.». (bacharevic)

«Нешта ў гэтым ёсць, безумоўна, эсхаталягічнае». (batakova)

«Улічываючы, што гэта Чарнобыльскі шлях, то ў думках малюнак атамнага грыба. Жахлівыя асацыяцыі выклікае, карацей». (measles)

У іншых - з рэлігійным фундамэнталізмам:

«Узгадваюцца клерыкальныя жаночыя школы». (zmagarka)

«Вогнішча з кнігаў. Беларускі талібан». (b0rmann)

«Корпус вартаўнікоў ісьлямскае рэвалюцыі». (g_rub)

Блогер paabapal паставіў пад сумнеў дарэчнасьць гэткага ўцягваньня Бога ў палітыку:

«Мая бабулька часьцяком была прымаўляла пра нейкія стромыя падзеі: "Ну-у-у, панеслася душа ў рай, а ногі ў міліцыю!.." Лёзунг чамусьці мне гэты выраз нагадаў. Здаецца, як праваслаўны хрысьціянін я не павінен мець нічога супраць такога закліку, аднак... нешта ёсьць у ім страшэнна "саўковае"... "Беларусь да зораў" і тое лепш, больш натуральна гучыць. :-) Ня думаю, што такога кшталту палітычны дэвіз зробіць нас сапраўды большымі і лепшымі хрысьціянамі...»

Як на мой густ, найбольш цікавымі былі наступныя адказы:

«Ёсьць такі анэкдот пра збор праўленьня калгасу. Сканчваецца такім чынам: а мо лепей пабудуем ераплан і паляцім адгэтуль на хрэн?»
(sergechaly)

«Лесьвіца на неба, па якой кожны беларус, зьвесіўшы нос, цягнецца ўгару з клуначкам, дзе ляжыць сальца, агурок і скарынка хлеба. Ну, можа, трошкі махоркі. Гэтага хопіць каб ператрываць». (hurnievic)

Аднак у аўтараў лёзунгу павінна было быць уласнае бачаньне ягонага сэнсу. За іх адказала блогерка praz_voczy:

«Падтэкст, падазраю, у тым, што Беларусь можна адрадзіць толькі верай, бо асноўныя праблемы нашага грамадзтва (алькагалізм, аборты і бязьвер'е) нічым іншым ня лечацца...»

Я пацікавіўся, а ў чым тут, уласна, адрозьненьне ад праграмы, прапанавай наяўнай уладай - хіба ў ейны ідэалягічны пакет не уваходзяць тыя самыя «хрысьціянскія каштоўнасьці», культываньне якіх мусіць паляпшаць норавы? На думку блогеркі, розьніца ў тым, што цяперашняя ўлада «толькі на словах» прытрымліваецца хрысьціянскіх каштоўнасьцяў. Адпаведна, падразумяваецца, быццам прыхільнікі лёзунгу «У нас адна дарога...» на справе адпавядаюць заяўленым высокім маральным стандартам.

ГУЛКІ ЧМЯК У ЛУЖЫНУ


Дэкляраваньне ўласнай маральнай перавагі - вельмі рызыкоўны крок. Па-першае, гэта тоіць у сабе гардыню, калі карыстацца хрысьціянскай тэрміналёгіяй. А па-другое, чым вышэйшая занятая маральная вышыня, тым больш балюча зь яе падаць. Тым менш схільнымі будуць навакольныя дараваць вам магчымыя правіны.

Гэтак адбылося зь вядомым расейскім сатырыкам, лібэральным публіцыстам і апазыцыйным палітыкам Віктарам Шэндэровічам, які раптоўна сам аказаўся выстаўлены на пасьмешышча і, у вачах многіх, паляцеў дагары нагамі з п'едэсталу правамоцнага выкрывальніка заганаў прадстаўнікоў кіроўнай клясы.

Хаця спадар Шэндэровіч, як і шэраг іншых апазыцыйных дзеячоў, «усяго толькі» спакусіўся на прапанову цяпер ужо шырока вядомай дзяўчынкі Каці Герасімавай па мянушцы «Му-му» легчы зь ёй у ложак. Тое, што адбывалася ў ложку паміж Кацяй (меркавана, супрацоўніцай спэцслужбаў) і апазыцыйнымі расейскімі палітыкамі, было зазьнята схаванай камэрай, змантажавана, упрыгожана дэкаратыўнымі віньеткамі і зьявілася напрыканцы мінулага тыдня ў сеціве ў выглядзе гатовага відэакампрамату. Пасьля чаго ў расейскай блогасфэры цягам колькіх дзён палымнеў скандал, іскры якога даляталі і да нас.

Ацэнкі і высновы рабіліся, канечне, самыя розныя, аднак я па-валюнтарысцку прывяду толькі тыя, якія мне падаліся слушнымі і карыснымі.

Вось якім чынам ацэньвае вынікі апэрацыі па кампрамэтацыі папулярны расейскі палітычны блогер el_cambio:

«...Лідары апазыцыі валодаюць усімі якасьцямі звычайнага чалавека, зьведваюць тыя самыя спакусы, схільныя да ўсіх тыповых заганаў. Такім чынам адбываецца "дэсакралізацыя" апазыцыі, найбольш вядомыя прадстаўнікі якой, можа быць, нічым ня горшыя за тыповых абываталяў, ня кажучы ўжо пра сваіх палітычных апанэнтаў. Але і нічым ня лепшыя. А гэта вельмі і вельмі дрэнна. Апазыцыя павінна задаваць прынцыпова іншы стандарт якасьці, у тым ліку і якасьці чалавечага матэрыялу. Яе асноўны капітал - рэпутацыя. Калі якасныя адрозьненьні сьціраюцца, то ў чым жа тады сэнс існаваньня несыстэмнай апазыцыі?.. Адзінае адрозненьне паміж апазыцыяй і ўладай, у такім разе, палягае выключна ў доступе да матэрыяльных рэсурсаў. І пры такой форы ўлада заўсёды будзе выйграваць. У Крамлі, зразумела, вялікія грэшнікі сядзяць. Але таму крамлёўскім грэшнікам даўно ўжо ніхто і ня верыць. Аднак жа ніхто ня пойдзе, паставіўшы на кон уласнае здароўе, волю, маёмасьць і пагатоў жыцьцё - зрынаць грэшную, але звыклую ўладу пад сьцягамі ня меней грэшнай, але куды больш непрадказальнай апазыцыі. Амаральным людзям нельга верыць, іх абяцаньні нічога ня вартыя».


Беларускі блогер il_gattopardo таксама лічыць, што апазыцыі нанесены зьнішчальны ўдар, але выказвае надзею на тое, што ліха без дабра не бывае:

«Гэты раўнд Крэмль выйграў: электарат убачыў "праўдзівы твар апазыцыі" у выглядзе мужа, які ходзіць "налева" ад жонкі (не пераймаючыся пытаньнямі пра дапушчальнасць гэткіх здымкаў і да т.п.), а людзей больш інтэлігентных паставілі перад выбарам: хто ім мілейшы, пралюбадзей ці сэксот? Сколькі зь іх зараз выклікнуць - "Чума на абодва вашыя дамы!" і высновы зробяць не пра тое, што Шэндэровіч - недастаткова добры муж, ці - больш абагульнена - "усе мужыкі - казлы", а - таксама абагульнена - што ўсе апазыцыянэры - ілгуны, крывадушнікі і ані ня лепей той набрыдзі, што сядзіць ва ўладзе?

Хтосьці ў маёй стужцы гіранічна заўважыў, што адзіная добрая навіна, гэта тое, што Шэндэровіч - ня гей. Я скажу па-іншаму: добрым у гэтай гісторыі зьяўляецца тое, што зараз людзі, якія ваююць з ганебнасьцю, ілжывасьцю і гнілатой расейскай улады, зразумеюць, што ім варта ўстрымлівацца ад адультэраў, какаіну і кіраваньня ў нецьвярозым выглядзе. А кругласутачна гуляючы ролі бездакорных і крышталёва чыстых людзей, яны з часам такімі і стануць».


Устрымлівацца ад адультэраў, какаіну і кіраваньня ў нецьвярозым выглядзе яшчэ даволі лёгка. Куды цяжэй пазьбягаць сьляпой упэўненасьці ва ўласнай рацыі і беззаганнасьці. Хоць яны і надаюць голасу цьвёрдасьці, а таксама зараджаюць бязьлітаснай зьедлівасьцю і пагардай у адносінах да апанэнтаў, аднойчы гэта можа прывесьці да гулкага чмяку ў лужыну.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG