Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўправе БНФ – "Ноч палітычнай рэклямы"


Выбарчая рэкляма па-беларуску

Выбарчая рэкляма па-беларуску

Актывісты Партыі БНФ рыхтуюць "Ноч палітычнай рэклямы". Лепшыя рэклямныя ролікі на палітычныя тэмы будуць дэманстравацца ў сядзібе партыі ў ноч з 30 красавіка на 1 траўня.

На ідэю правядзеньня новай відэаімпрэзы актывістаў партыі натхнілі нядаўнія выбары дэпутатаў мясцовых саветаў. Дакладней – натхніла амаль поўная адсутнасьць візуальнай электроннай рэклямы і агітацыі, паведаміла кіраўніца культурніцкай камісіі партыі БНФ Аляксандра Клімовіч:

"Мы падумалі, што нашым палітыкам будзе цікавы досьвед іншых краін, каб яны на будучыню "крэатывілі" ужо па-свойму. Таму вырашылі зрабіць гэты паказ. Чаму ноччу? Бо ў гэты час людзі ўжо будуць вольныя ад працы".

Імпрэза распачнецца а 20-й гадзіне вечара і будзе доўжыцца да апоўначы, хоць як сьцьвярджае Аляксандра Клімовіч, палітычных відэаролікаў хапіла б на ўсяночны прагляд, але беларускіх сярод іх толькі чатыры. Іншамоўнае відэа будзе суправаджаць пераклад, а таксама камэнтары майстроў рэклямы і палітолягаў, кажа спадарыня Клімовіч:

"Ролікі будуць "разьбітыя" па блёках: амэрыканскія, брытанскія і гэтак далей – матэрыялаў у нас хопіць. Пасьля кожнага блёку будзе камэнтар, у прыватнасьці, палітоляга Віталя Сіліцкага".

У адпаведнасьці з новым Выбарчым кодэксам, кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, а таксама на пасаду прэзыдэнта краіны будуць мець магчымасьць зьбіраць прыватныя сродкі на правядзеньне агітацыі. Іншымі словамі, ужо на бліжэйшых прэзыдэнцкіх ці парлямэнцкіх выбарах мае зьявіцца камэрцыйная палітычная рэкляма, кажа кіраўнік праўнай камісіі Партыі БНФ Юры Чавусаў:

"Эфірнай палітычнай рэклямы ў Беларусі ўвогуле ніколі не было. Мы прапануем рэклямныя ролікі, якія зьяўляліся ў ЗША ад 50-гадоў, пакажам як гэта зьмянялася з разьвіцьцём тэлебачаньня. Гэта ўсё надзвычай цікава. Аўдыторыя, на якую мы разьлічваем, гэта шырокае кола людзей, якія цікавяцца палітыкай. Мы спадзяемся, што сам факт такой імпрэзы актуалізуе пытаньне палітычнай відэарэклямы і зьверне ўвагу на новыя магчымасьці, якія ў кандыдатаў на новых выбарах зьявяцца".

"Ноч палітычнай рэклямы" распачнецца 30 красавіка а 20-гадзіне ў сядзібе партыі БНФ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG