Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Справа аб гібелі В.Пацюнаса перакваліфікаваная ў справу аб забойстве


Вітаўтас Пацюнас

Вітаўтас Пацюнас

Пракуроры, які ўжо трэці раз расьсьледуюць справу аб гібелі летам 2006 году ў Берасьці афіцэра літоўскіх спэцслужбаў Вітаўтаса Пацюнаса, не выключаюць, што ён мог быць забіты. Новыя падрабязнасьці справы паведамляе літоўскі тэлеканал LNK.

Пракурор, які расьсьледуе здарэньне, паведаміў удаве Пацюнаса, што ў лютым справа была перакваліфікаваная і расьсьледуецца як забойства. Юрысты сумняваюцца, што праз чатыры гады пасьля здарэньня ўдасца знайсьці вінаватых.

Удава загіблага афіцэра Вітаўтаса Пацюнаса, якая ўжо амаль чатыры гады абабівае парогі пракуратуры і судоў, нарэшце дачакалася новых зьвестак. “Пракурор афіцыйна мяне паінфармаваў, што справа ад лютага перакваліфікаваная і расьсьледуецца як справа аб забойстве, а ня справа паводле факту сьмерці”, - цьвердзіць удава Людвіка Пацюнене.

Паводле неафіцыйных зьвестак, пракуроры перакваліфікавалі справу аб гібелі В.Пацюнаса, бо атрымалі новыя дадзеныя, аднак не ўдакладняюць якія і не камэнтуюць хаду сьледзтва.

“Я цяпер выконваю працэсуальныя дзеяньні, не магу гаварыць, вось і ўся інфармацыя... нічога камэнтаваць ня буду... усё ў аддзеле публічных сувязяў. Зьвяртайцеся туды, там вам дадуць усю афіцыйную інфармацыю з пракуратуры”, - сказаў пракурор Артурас Урбяліс.

Генэральная пракуратура расьсьледуе абставіны гібелі В.Пацюнаса ўжо трэці раз. Два разы было выяўлена, што сьмерць афіцэра спэцслужбаў – няшчасны выпадак, і што нібыта ён сам выпаў з акна восьмага паверху гатэлю ў Берасьці. З такімі высновамі ўдава В.Пацюнаса не пагадзілася і спадзяецца, што цяпер пракуроры высьвятляць, што яе муж быў забіты – выкінуты або выштурхнуты з акна.

Сярод вэрсіяў аб прычынах мягчымага забойства апошнім часам у літоўскім друку згадвалася тое, што ён нібыта самастойна цікавіўся карупцыйнымі сувязямі літоўскіх бізнэсоўцаў і палітыкаў, непразрыстымі энэргетычнымі праектамі, а таксама зьнікненьнем грошай, якія прызначаліся беларускай апазыцыі.

Калі будзе закончанае сьледзтва ў справе В.Пацюнаса – пакуль няясна. Паводле неафіцыйных зьвестак, былі апытаныя старыя і новыя сьведкі, выкананы сьледчы экспэрымэнт, каб выявіць, ці В.Пацюнас мог сам выпасьць з акна. Блізкія загіблага не выключаюць, што калі доказаў забойства будзе недастаткова, яны будуць прасіць правесьці эксгумацыю.
XS
SM
MD
LG