Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Колькі ў Менск ня езьдзі, усё роўна толку ніякага”


Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы выказалася за прыпыненьне кантактаў з афіцыйным Менскам на высокім узроўні. Ці азначае гэта паварот да палітыкі санкцыяў?

Папраўка аднаго з расейскіх дэпутатаў — прыбраць з рэзалюцыі прапанову аб прыпыненьні кантактаў на высокім узроўні, гэтаксама як і папраўка Хрыстаса Пургурыдэса — прыпыніць кантакты з афіцыйным Менскам на ўсіх узроўнях — не прайшла. Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы выказалася за тое, каб замарозіць кантакты на высокім узроўні, але працягваць дыялёг з уладамі і апазыцыяй. Раніцай, перад пачаткам сэсіі, цягам амаль гадзіны адбыліся дэбаты ў палітычным камітэце з удзелам старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў Аляксандрам Юшкевічам і сустаршынёй АДС Анатолем Лябедзькам, якія потым выступілі падчас пасяджэньня Асамблеі. Паводле сябра палітычнага камітэту, дэпутата ад Літвы Эмануэліса Зінгерыса, гэтыя дэбаты паказалі «рэгрэс, а не прагрэс з боку афіцыйнага Менску ў сфэры правоў чалавека».

«Хаця і спадар дэ Путч, былы старшыня ПАРЭ, і іншыя высокапастаўленыя асобы былі ў Беларусі і кантактавалі зь беларускімі ўладамі, даючы ім авансы. Нават калі Рада Эўропы не рэкамэндавала гэта рабіць, усе ішлі на кантакты з уладамі і спадаром Мартынавым.
Нават на фоне Расеі тое, што цяпер адбываецца ў Менску, выглядае крокам назад.
Нават на фоне Расеі тое, што цяпер адбываецца ў Менску, выглядае крокам назад. Колькі ў Менск ня езьдзі, усё роўна толку ніякага. Дэпутаты крайне зьдзіўленыя такім рэгрэсам. Урад і спадар Лукашэнка паказалі, што ўсё больш паглыбляюцца ў самаізаляцыю. Гэта вельмі сумна».

Спадар Зінгерыс сказаў, што пакуль беларускі парлямэнт ня можа разьлічваць на вяртаньне статуса адмыслова запрошанага ў ПАРЭ. Паводле спадара Зінгерыса, «цяпер усё аддаляецца і сыходзіць у нейкую імглу».

«Мы ня ўбачым тут прадстаўнікоў афіцыйных уладаў. Падсумаваньне такое, што гэта была імітацыя жаданьня рэформаў з боку афіцыйнага Менску. Былі вялікія патокі людзей з Рады Эўропы і іншых структураў, якім абяцаліся крокі ў сфэры правоў чалавека і мараторый на сьмяротнае пакараньне. І пасьля ўсяго гэтага ўсё пагоршылася. У Радзе Эўропы ўсе былі настроены на лепшае разьвіцьцё, і здавалася, што рэжым у Менску рашыўся на пэўныя дзеяньні. Зьдзіўлены такім рэгрэсам, што, наогул, бывае рэдка. Тут проста зафіксавалі сумны факт пахаваньня надзеяў на рух унутры беларускага кіраўніцтва, на паслабленьне жалезнай хваткі, якой яны трымаюць беларускі народ».

У рэзалюцыі згадваецца ня толькі выкананьне сьмяротных прысудаў у Беларусі, але і сытуацыя з польскай меншасьцю, адмова ўладаў запрасіць міжнародных назіральнікаў на мясцовыя выбары і зарэгістраваць школу ўсходнеэўрапейскіх палітычных дасьледаваньняў. Камэнтуючы рэзалюцыю, актывіст руху «За свабоду» Алесь Лагвінец сказаў:

«Рэзалюцыя нагадвае пра тое, што ўжо можна было аднавіць статус спэцыяльна запрошанага нават для такога нелегітымнага беларускага парлямэнту, калі б быў уведзены мараторый на сьмяротнае пакараньне. Канкрэтныя дзеяньні беларускіх уладаў не ідуць у рэчышчы стандартаў, якія існуюць у Радзе Эўропы. Немагчыма далей разьвіваць дыялёг бязь вельмі выразнага палітычнага заангажаваньня, якое пацьвярджаецца канкрэтнымі і пасьлядоўнымі дзеяньнямі. Калі гэтага бракуе — вось вынік».
XS
SM
MD
LG