Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Юшчанка: “Я ўсё рабіў для таго, каб Эўропа па-іншаму паглядзела на Беларусь”


Былы прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка быў сёньня госьцем украінскай службы Радыё Свабода. Праз нашых калегаў у Кіеве мы перадалі Юшчанку пытаньні наведнікаў сайту svaboda.org і ён на іх адказаў.

Імя:: анжэла камбалава Горад:: баранавічы

Спадар Віктар!
Ці думалі Вы як незваротна пераканаць людзей у тым, што Бандэра герой, каб не было і цені сумневу, ані мажлівасць спрэчак на конт ягонай якасьці як героя. Можа аднаго прэзыденцкага указу недастаткова? Чаму так ня шмат Вы паспелі зрабіць?
З вялікай павагай . Анжэла Камбалава.


Віктар Юшчанка: Я спадзяюся, што беларускія слухачы мяне добра зразумеюць ў аргумэнтацыі, калі мы ставім пытаньне, чаму для краіны, для нацыі, якая дзясяткамі, а ў выпадку Ўкраіны сотнямі гадоў – больш за трыста гадоў – ня мела сваёй дзяржавы і цяпер намагаецца сфармуляваць базавыя палажэньні ўласнай дзяржавы, калі мы гаворым пра тое – якою будзе найбольшая мара такой нацыі – мець уласную дзяржаву.

З чаго пачынаецца станаўленьне нацыі і дзяржавы? Пачынаецца з таго, што ў цябе ёсьць твая родная мова.
Пачынаецца з таго, што ў цябе ёсьць твая родная мова.
Як хтосьці зь вялікіх сказаў – мова вартуе межы значна больш эфэктыўна за любога салдата. Уласна кажучы, ты пачынаеш з тваёй гісторыі. Не з чужой. З сваёй гісторыі. У цябе зьяўляюцца свае героі, і гэты дух ты перадаеш сваім дзецям. Да цябе вяртаецца гістарычная памяць, твая нацыянальная культура, звычаі, традыцыі. Гэта ўсё, што мы называем крыніцай мінуўшчыны, якая павінна быць яснай і чыстай, нацыянальнай.

Так робіць кожная нацыя. Так робяць расейцы, яны сьцьвярджаюць у дачыненьні да шматнацыянальнага народу, што мова – адзіная, і гэтая мова – расейская, і расейская мова аб'ядноўвае расейцаў, яна аб'ядноўвае ўсіх, хто жыве ў Расеі. Прыблізна так думаюць і паляк, і чэх, і ўкраінец. Я думаю, што і большасьць беларусаў.

І таму, калі паўстае пытаньне прынцыпаў разбудовы нацыі ці дзяржавы, адно з пытаньняў, якое будзе стаяць на парадку дня – гістарычная праўда. Гістарычная памяць. З чаго складаецца гісторыя любой нацыі? Са старонак барацьбы за сваю незалежнасьць. Як людзі, якія змагаліся за тваю незалежнасьць, могуць быць тваімі не-героямі?

Мы сыходзілі якраз з таго, што трэба аднавіць гістарычную памяць, і таму вярнулі ў публічны ўжытак імёны, падзеі, якія яшчэ пяць гадоў таму былі невядомыя, пачынаючы з тэмы Батурына.

Што такое Батурын для Ўкраіны? Гэта дзень, калі мы на трыста гадоў страцілі сваю дзяржаўнасьць. Але нас выхоўвалі, што Мазэпа – гэта здраднік, што гэта антыгерой. Або ўзяць Выгоўскага і выгоўшчыкаў – гэта былі амаль што нашыя ворагі. Або калі гаварыць пра Пятлюру, які дбаў пра станаўленьне ўкраінскай дзяржавы ў наш “срэбны пэрыяд”. Ці калі мы гаворым пра ініцыятывы Карпацкай Украіны і г.д.

Мы паднялі з гісторыі ўсе гэтыя імёны і сказалі: ведаеце, гэта – нашыя героі, гэта тыя людзі, якія за першую мэту ставілі аднаўленьне, заваяваньне свабоды для сваёй нацыі.

Мы гаворым пра гістарычныя падзеі, пра якія пяць гадоў назад не чыталася, мы запачаткавалі гэтую нацыянальную традыцыю. Мы паднялі гістарычныя сталіцы – Чыгірын, сёньня гэта першаклясны нацыянальны музэй з прыгожай гісторыяй пра тое, як Багдан Хмяльніцкі запачаткаваў гісторыю барацьбы за незалежнасьць свайго народу і як ён яе выйграў. Мы поўнасьцю адрадзілі Батурын, і з трагічнымі старонкамі трохсотгадовай даўніны – як мы прайгралі ідэю мець сваю дзяржаву ў XVII стагодзьдзі. Для нас гэта сьвятая старонка, бо яна выхоўвае герояў.

Мы вярнуліся да тэмы нацыянальнай мовы. Украінская мова стала базавай для ВНУ.
Украінская мова стала базавай для ВНУ.
Уведзеныя дысцыпліны на ўкраінскай мове, уведзеныя экзамэны з украінскай мовы ў агульнаадукацыйнай школе, у ВНУ, адбылася атэстацыя на ўкраінскай мове. Падручнікі ад 1-й да 12-й клясы -– дзьве траціны тых падручнікаў, якія трэба было пераасэнсаваць, пераўсьвядоміць з гледзішча нацыянальнага станаўленьня, адраджэньня – мы гэта зрабілі. Мы ўзьнялі тэму Галадамору 1932-1933 гадоў, нацыянальнай трагедыі, генацыду ўкраінскага народу.

І кожная з гэтых тэм – гэта ня так, што, вось, прыходзіць месяц сьнежань, давайце ўзьнімем тэму Галадамору... Не, гэта пытаньні, якія вырашаліся дзясяткі месяцаў. Бо пытаньне спачатку – абудзіць сыстэму каштоўнасьцяў у чалавеку, які прыняў бы гэтую тэму за сваю. Пасьля ён павінен стаць партнэрам. Пасьля – палітычная воля, эліта, падтрымка іншых палітычных сілаў, у тым ліку на заканадаўчым узроўні...

Гаворка ідзе пра пастаноўку пытаньня няпростага, якое часам патрабуе і сем, і восем, і дзесяць гадоў. Калі мы гаворым пра тое, як ініцыяваць такія рэчы – трэба іх ініцыяваць так, каб яны не былі прадметам расколу.

Імя:: Михаил Слиж Горад:: Минск

Уважаемый Виктар Ющенко как вы относились к политике проводимой Лукашенком во время вашего президенства? Как относитесь сейчас?

Імя:: Алексей Горад:: Минск

Виктор Андреевич, скажите как лично Вы относитесь к Александру Григорьевичу Лукашенко?! Какое впечатление он произвел на Вас в личных встречах?


Юшчанка: Мае дачыненьні складаліся досыць выразна і ясна. Кожная трыбуна, якая ў мяне была – я маю на ўвазе перш за ўсё эўрапейскія – пасьля таго, як я сфармуляваў нацыянальныя інтарэсы Ўкраіны, другое, пра што я гаварыў – гэта пра Беларусь. Бо я глыбока перакананы, што гэта эўрапейскі народ і што яго месца – у Эўропе.

Ёсьць нюансы, ёсьць эпізоды, няпростая гісторыя. Шмат на якія рэчы можна даваць няпросты адказ. Як змагаюцца зь людзьмі, якія выступаюць за свабоду, дэмакратыю, які статус прэсы, як ставяцца да журналістаў, як ідзе наагул станаўленьне дэмакратычных прынцыпаў і свабодаў.

Я разумею, што значная частка тых тэмаў – гэта кампэтэнцыя вашага народу, і Ўкраіна ня будзе вам дыктаваць, што вам рабіць. Мы проста хочам сказаць: мы падзяляем агульнаэўрапейскія каштоўнасьці, і ў гэтым мы салідарызуемся з кожным, хто ставіць за мэту бачыць у сваім сьветаглядзе гэтую сыстэму каштоўнасьцяў.

Я ўсё рабіў для таго, каб Эўропа па-іншаму паглядзела на Беларусь.
Беларусы - эўрапейскі народ, іх месца – у Эўропе.
Бо я перакананы, што ў сытуацыі, якая склалася ў Беларусі, асабліва за апошнія гады, з гледзішча яе міжнароднага курсу, выклікае сымпатыю ў момант, калі мы можам бліжэй сфармуляваць агульныя прынцыпы зьнешняй палітыкі – як Украіны, гэтак і Беларусі. Думаю, што мне гэта ў значнай меры ўдалося, асабліва за апошнія гады.

Я ня буду тут аналізаваць тэму беларуска-расейскіх дачыненьняў, якія былі то ў апагеі, то ў глыбокім спадзе, калі абдымаліся-цалаваліся, а пасьля білі гаршкі так, што тыя аскепкі ляцелі амаль на ўвесь сьвет –зноў жа, гэта права беларускага народу, беларускай улады – фармаваць тыя або іншыя прыярытэты.

Але мне здаецца, што за апошнія некалькі гадоў мы атрымалі такі зьнешнепалітычны курс Беларусі, які патрабуе значна, радыкальна большай увагі, перш за ўсё нашых эўрапейскіх калегаў, эўрапейскіх суседзяў, і ў прыватнасьці Ўкраіны.

І таму мая пазыцыя была – калі гаварыць пра зьнешнепалітычны аспэкт – падаць руку Беларусі і быць партнэрам для фармаваньня новага палітычнага курсу Беларусі і далучыць сваіх эўрапейскіх сяброў да гэтага працэсу, пачынаючы ад палякаў.

Я перакананы, што ў нас можа глыбокі супольны падтэкст зьнешнепалітычнай дзейнасьці. Прынамсі, той курс, які быў у Ўкраіны і Беларусі яшчэ некалькі месяцаў таму, быў для гэтага добрай асновай. Таму хацелася б, каб безумоўна гэтае партнэрства, гэтая салідарнасьць, якая пачала вымалёўвацца за апошнія чатыры-пяць гадоў, каб тая салідарнасьць была слушна асэнсаваная і працягнутая.

Імя:: Яўген Р. Горад:: Менск

Чаму Украіну падчас Вашага кіраўніцтва Эўразвяз так слаба падтрымліваў? За пяць год Украіна не дачакалася нават запрашэння. Склалася ўражанне, што Эўропа ня мела палітычнай волі і жадання бачыць Украіну ў ЭЗ, калі ўзнікла такая магчымасць. Ці гэта так і чаму?


Юшчанка: Трэба быць рэалістам. Эўразьвяз – гэта геапалітычная арганізацыя, якая мае вельмі складаную мадэль і мэханізм фармуляваньня сваёй пазыцыі і рашэньняў.Ня трэба ўяўляць, што Эўразьвяз – гэта салідарны ўрад, дзе прымаецца праз пэўную працэдуру хуткае апэратыўнае рашэньне. Гэта барацьба сыстэмаў каштоўнасьцяў. Гэта не пытаньне году ці двух.

Але, прабачце, я прыняў краіну, якая пяць гадоў таму ня мела статусу рынкавай эканомікі. Я перадаў краіну, у якой на 90 працэнтаў напісаная базавая дамова, якую прайшлі ўсе краіны Эўразьвязу 3-й і 4-й хвалі – дамова пра асацыяцыю Ўкраіны і Эўразьвязу. З зонай вольнага гандлю, з прызнаньнем сувэрэнітэту і цэласьці Ўкраіны, улучна з палітычным кампанэнтам гэтай дамовы.

Я б сказаў – за пяць гадоў і немагчыма было дасягнуць большага. Мы прыйшлі да самага скрайняга пункту, ня будучы сябрам Эўразьвязу, але мы дасягнулі фазу супрацоўніцтва, якая стасуецца да краінаў-­нясябраў.
За пяць гадоў немагчыма было дасягнуць большага.
Гэта за пяць гадоў – бліскучы вынік, калі мы гаворым пра тое, што мы падпісалі дамову пра ўваходжаньне ў эўрапейскую асьветную прастору (Балёнскі працэс), калі мы сталі членамі Эўрапейскай энэргетычнай асацыяцыі, калі мы сёньня сфармавалі дамову аб супольнай паветранай прасторы, калі мы падпісалі Брусэльскі мэмарандум адносна газатранспартнай сыстэмы Ўкраіны і 5 мільярдаў на яе мадэрнізацыю, калі выйшлі на праект Адэса-Броды ў авэрсным рэжыме як праект Эўразьвязу, які прафінансаваў тэхніка-эканамічнае абгрунтаваньне праекту. Стварылі міжнародны кансорт у гэтым пытаньні, правялі два спэцыялізаваныя саміты “Украіна-ЭЗ” непасрэдна ў Кіеве...

Эўрапейская палітыка – яна не такая актыўная. Яна доўга прымае рашэньні, бо гаворка ідзе пра тое што, каб выйсьці на супольнае рашэньне, трэба прайсьці дзясяткі “двухбаковак”. Мэханіка няпростая, і я цалкам задаволены.

Думаю, што курс Украіна – Эўразьвяз за гэтыя пяць гадоў зьмяніўся ў лепшы бок на парадкі больш, чым за папярэднія пятнаццаць гадоў.

Імя:: Алег Горад:: Менск

Як вы бачыце перспектывы Украіны пад уладай Януковіча? Ці не будзе Беларусь-2?


Юшчанка: Я думаю, што такі варыянт цалкам верагодны. Таму што тое, што задэкляравана, і тое, што робіцца новай уладай, яно хутчэй за ўсё гаворыць пра тое, што тут і ня пахне эўрапейскімі каштоўнасьцямі.

Бізантыйская дыпляматыя ўжо ня будзе цікавіць Брусэль – калі ў Маскве яны гавораць адно, а ў Брусэлі нешта іншае. Ведаеце, гэта хутка тэстуецца, хутка скануецца, і праз год-паўтара гэтая палітыка відавочна зробіцца нецікавай.

Нельга гаварыць з эўрапейскай супольнасьцю пра адзіную палітыку бясьпекі, калі на тэрыторыі Ўкраіны застаецца іншаземны салдат. Эўрапейская палітыка гэтага не прымае. Гэта базавая ўстаноўка, бы гаворым пра пытаньне сувэрэнітэту, пытаньне бясьпекі.
Бізантыйская дыпляматыя ўжо ня будзе цікавіць Брусэль.
А гаварыць пра тое, што ў нас ёсьць іншаземная база, а мы хочам увайсьці ў панэўрапейскую палітыку бясьпекі – гэта бязглузьдзіца. Як адзін з канцлераў Нямеччыны ў свой час казаў, фармуючы пытаньні і адказы наконт эўрапейскай палітыкі бясьпекі – яна адзіная або яе няма.

І таму, ці мы гаворым пра гуманітарны кантэкст, відавочна, рэчы, якія працуюць на раскол нацыі, не набліжаюць нас ні да дэмакратыі, ні да эўрапейскага працэсу. Эўропа ня будзе зацікаўленая краінаю, у якой неўрэгуляваная фундамэнтальная супярэчнасьць.

Як можна аб'яднаць краіну, ну, напрыклад, у тэме моўнага пытаньня? А яно актуальнае для Ўкраіны. Калі нехта ўзьнімае тэму так званай рэгіянальнай мовы – якая рэгіянальная мова ва ўмовах Украіны? Украінская. Гэта наша родная мова. І на ўсходзе Ўкраіны – якая рэгіянальная мова? Мова ідэнтычнасьці. Так у кантэксьце Эўрапейскай моўнай хартыі вызначаецца гэты тэрмін. Крымскататарская мова ­ відавочна аўтэнтычная мова, якая патрабуе абароны ў рамках хартыі. Але, выбачайце, расейская мова...

Я так адчуваю, што прэзыдэнт разважае так: калі ў Данбасе за апошнія 50 гадоў прывыклі гаварыць па-расейску, дык рэгіянальная мова ў Данбасе – расейская. Гэта няслушная інтэрпрэтацыя самой хартыі.

Паглядзіце, калі ласка, на досьвед Крыму... Я ўсё гэта гавару ў кантэксьце дэмакратычных прынцыпаў. Канстытуцыя Крыму абвяшчае тры дзяржаўныя мовы: украінскую, расейскую і крымскататарскую. Давайце запытаемся ў сябе, калі мы апошні раз чыталі рашэньні ўраду або пастановы Вярхоўнай рады Крыму на ўкраінскай мове? Або на крымскататарскай...

Відавочна, тут сюжэт такі, каб застацца з адной мовай, прычым не нацыянальнай. Гэта – палітыка калянізацыі. Гэта тое, што ня ўпісваецца ў дэмакратычныя прынцыпы, і таму такі курс ня знойдзе разуменьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG