Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч, які сёньня наведаў Беларусь з аднадзённым візытам, падчас перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам акцэнтаваў увагу на эўрапейскім кірунку. Ён паабяцаў Беларусі падтрымку, асабліва ў 2011 годзе, калі Ўкраіна будзе старшыняваць у Радзе Эўропы.


Віктар Януковіч
сёньня сказаў, што ягоная краіна прасунулася па эўрапейскім шляху трохі далей за Беларусь. Але ўкраінскі лідэр упэўнены: Беларусь хутка стане сябрам Рады Эўропы. А старшынства тут Украіны ў наступным годзе, паводле спадара Януковіча, "адкрые нам новыя магчымасьці".

Аляксандар Лукашэнка
сёньня таксама казаў пра арыентацыю на Эўропу:

"Нам патрэбна сваю эканоміку пабудаваць так, каб людзі жылі годна, каб мы не адрозьніваліся, як эўрапейскія дзяржавы, ад тых эўрапейскіх дзяржаваў, зь якімі мы маем агульную мяжу".



Дырэктар Кіеўскага цэнтру палітычных дасьледаваньняў Міхаіл Паграбінскі лічыць: Украіна можа сапраўды дапамагчы Беларусі ў яе жаданьні рухацца ў эўрапейскім кірунку:

"Новая ўкраінская ўлада зрабіла яркі жэст у бок Расеі, калі падпісала харкаўскія пагадненьні. Але тым самым яна як бы завінавацілася перад эўрапейскім вэктарам. Як на мой розум, сам Януковіч і блізкія да яго людзі хочуць балянсаваць і не адмаўляцца ад эўрапейскай інтэграцыі. І яны хочуць даваць сыгналы пра гатоўнасьць да інтэграцыі ў розныя эўрапейскія праекты.

Яны могуць разьлічваць на рознага роду эўрапейскую падтрымку. Асабліва калі яны дадуць зразумець Брусэлю, што гатовыя выступаць адносна Беларусі ў той жа ролі, якую калісьці выконвала Польшча адносна Ўкраіны".



А вось беларускі палітоляг Аляксандар Класкоўскі лічыць крыху інакш. Ён кажа, што ў сёньняшніх словах украінскага прэзыдэнта шмат элемэнтаў піяру. І спадар Януковіч мусіць гэта рабіць пасьля вядомага кроку ў бок Масквы, падкрэсьлівае Аляксандар Класкоўскі:

"Януковіч падкрэсьлівае, што эўрапейскі вэктар усё ж такі застаецца важным арыенцірам для Ўкраіны. І гэта такі мэсыдж, у тым ліку і беларускаму кіраўніцтву. А яно цяпер трошкі, я думаю, натапырылася, бо адчувае ў асобе Януковіча канкурэнта ў барацьбе за прэфэрэнцыі з Масквы. І таму гэты пасыл дае зразумець — мы з вамі дзьве эўрапейскія краіны.

Тут бачны падтэкст — у нас ёсьць грунт для пэўнага альянсу (калі гэта спатрэбіцца), каб супрацьстаяць і Маскве".

Аднак Аляксандар Лукашэнка сёньня заявіў, што Беларусь і Ўкраіна не зьбіраюцца сябраваць супраць кагосьці:



"Я вельмі ўважліва адсочваю тое, што адбываецца вакол беларуска-ўкраінскіх дачыненьняў. І не магу не адрэагаваць на тое, што адбываецца вакол. Справа ў тым, што той-сёй "напружваецца" з нагоды нашых дачыненьняў. Я думаю, выкажу нашу сумесную пазыцыю: мы ж не зьбіраемся сябраваць супраць некага. Беларусь абсалютна не хацела б займацца нейкімі геастратэгічнымі праблемамі. Гэта не адпавядае нашым інтарэсам".

Міхаіл Паграбінск
і лічыць: усяго, што можа ўспрымацца як антырасейская дзейнасьць, Віктар Януковіч будзе пазьбягаць:

"Такі саюз, які намячаўся паміж Лукашэнкам і Юшчанкам, такі саюз цяпер немагчымы. Усе справы Юшчанкі ў міжнародным пляне мелі на мэце стварыць праблемы для Расеі. А тут іншая сытуацыя — Януковіч ніколі ня будзе рызыкаваць дачыненьнямі з Масквой і ствараць сабе тут праблемы, каардынуючы ў Беларусі антырасейскія дзеяньні, напрыклад, па транзытных ці іншых справах".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG