Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камэрцыйныя сажалкі: палітычны кошт пытаньня


У Беларусі больш за 10 тысяч натуральных азёраў і штучных вадасховішчаў. Бальшыня зь іх багатыя на разнастайную рыбу, аднак скарыстаць прыродныя выгоды беларусам усё складаней — вадаёмы паступова пераўтвараюцца ў сродак заробку.

Калгасы, фэрмэры, прыватныя прадпрымальнікі, адчуўшы камэрцыйныя пэрспэктывы, усё больш ахвотна арандуюць ня толькі маленькія сажалкі, але і вялікія азёры. І, адпаведна, дыктуюць умовы тым, хто яшчэ напярэдадні прыяжджаў у гэтыя месцы задарма адпачыць ці павудзіць.

Галоўны рэдактар горацкай газэты «Ўзгорак» Эдуард Брокараў нядаўна разьбіраўся ў рыбнай гісторыі, у якой скрыжаваліся інтарэсы калгасу «Аўсянка», шараговых аматараў рыбалкі і самой рыбы, якая стала ахвярай «водападзелу». Яшчэ летась праўленьне калгасу ўсталявала тарыфы на лоўлю рыбы на арандаваным возеры. Расцэнкі выклікалі пратэст у мясцовых рыбакоў: па іх словах, 7,5 тысяч рублёў за гадзіну ня лезуць ні ў якія вароты. Людзі лічаць, што зроблена ўсё дзеля таго, каб ніхто не хадзіў да возера і не перашкаджаў адпачываць начальству. А дзеля прыкрыцьця прыплялі нават палітыку:

«Калгас „Аўсянка“ ўзяў у арэнду некалькі азёраў. Грошы зь людзей за рыбалку бяруць, а ўзамен нічога ня робяць. Калгас даўно вырошчваў рыбу, і рыбакоў там вельмі шмат. І рыба, трэба сказаць, таксама салідная. Але мінулай зімой за лёдам не глядзелі, яго трэба было час ад часу сьвідраваць, у выніку рыба задыхнулася. Да нас зьвярнуліся жыхары вёскі, я затэлефанаваў старшыні калгасу. Той сказаў: нічога няма жахлівага, а людзей не пускаюць да возера таму, што гэтае пытаньне — палітычнае. Зараз ідзе пасяўная, і з палітычнага гледзішча будзе няправільна, калі адзін будзе араць поле, а другі сядзець лавіць рыбу.
Зараз ідзе пасяўная, і з палітычнага гледзішча будзе няправільна, калі адзін будзе араць поле, а другі сядзець лавіць рыбу.
У сваю чаргу, людзі зьбіраюцца правесьці сход і ўзьняць пытаньне пра тое, што вельмі шмат бяруць грошай за аматарскую рыбалку. А догляду з боку калгасу за возерам ніякага няма».

Бальшыню рыбакоў абураюць ня столькі расцэнкі, колькі стаўленьне гаспадароў да сваіх «плянтацыяў». Заўзяты рыбак Алег Кацалапаў мэтанакіравана зьбірае дакумэнтальныя доказы абыякавасьці арандатараў да азёрнай фаўны. Да таго ж, па яго словах, стаўленьне да рыбакоў з боку калгаснай адміністрацыі не аднолькавае — адных прымушаюць плаціць, а «набліжаныя да цела» карыстаюцца доступам да вады бясплатна:

«Што тычыцца нашага Цімохаўскага возера, то я нават здымкі адтуль рабіў. Дык вось, на паверхні было да 30% мёртвага карпа, папросту задыхнулася рыба. Акуня таксама загінула шмат. І гэта толькі дзясятая частка рыбы звычайна ўсплывае, асноўная ж частка застаецца на дне. Мы даведваліся ў рыбгасе пад Магілёвам, дык там сказалі, што на гектар лёду павінны быць прабітыя тры лункі. Кожная — памерам мэтар на мэтар, абкладзеная саломай ці чаротам, бо не павінна замярзаць. Альбо павінны стаяць аэратары — помпы, якія ганяюць ваду, каб яна не замярзала. Нічога гэтага зроблена не было. Раней рыбакі, якія займаюцца зімовай рыбалкай, прыходзілі, высякалі лункі, і ўсё было нармальна. А як толькі забаранілі, пачалі калгасныя наглядатаі ганяць, людзі перасталі лавіць, лёд замерз, і атрымалася вось такая бяда».

Рыба зь Цімохаўскага возера ня вытрымала калгаснага «клопату»

Спадар Барыс, дасьведчаны аршанскі рыбак, таксама не ў захапленьні ад павальнай камэрцыялізацыі вадаёмаў. На яго думку, прадпрымальныя асобы людзі спадзяюцца зарабіць на звычках людзей, але пры гэтым асабліва ўкладаць у справу ня хочуць. У выніку імпэт хутка згасае, а водная гаспадарка застаецца «абяскроўленай». І ілюструе гэта такім прыкладам:

«Узялі ў арэнду, ні чорта там не рабілі — хіба што, можа, крыху падкормлівалі. Але ўрэшце ўсю вялікую рыбу адтуль вылавілі і справу кінулі. То бок і людзей ужо запусьцілі, і арэнду сваю закінулі. Бо справа
Людзі не разумеюць, што так лёгка грошай на гэтай справе не састрыжэш.
ў тым, што людзі не разумеюць, што так лёгка грошай на гэтай справе не састрыжэш. Калі бяруцца, то не ўяўляюць, што гэта вымагае вельмі шмат клопату. Узяць, дапусьцім, у арэнду, і каб ня толькі адпачынак быў, але і рыба вадзілася, то гэта прадугледжвае значныя выдаткі, укладаньні. Але адразу гэтага не разумеюць, не пралічваюць, таму хутка і прагараюць. Ужо калі рэальная сутнасьць да іх даходзіць, то яны, што могуць, адтуль хапянуць дый кідаюць. Ведаю, што па дубровенскім напрамку іншы прадпрымальнік узяў у арэнду балотца, зрабіў штосьці кшталту аграсядзібы — 20 тысяч рублёў на дзень палавіць рыбку. Кошты, вядома, кусаюцца».

Ня ўсе аднолькавыя перад законам — можна лавіць і бясплатна.
Камэрцыялізацыя паступова закранае і мясьціны, якія, без перабольшваньня, лічацца нацыянальным гонарам Беларусі. У рэклямнай газэце «Из рук в руки» днямі зьявілася абвестка пра здачу ў арэнду возера Доўгага ў Глыбоцкім раёне, якое мае статус рэспубліканскага гідралягічнага заказьніка. Доўгаму належыць рэкорд глыбіні для беларускіх вадасховішчаў — больш за 50 мэтраў, а само яно нагадвае вузкі каньён даўжынёй каля 7 кілямэтраў.

Мясцовыя жыхары лічаць непрымальным бізнэс такога кшталту, бо зарабляць на «беларускім Байкале», на іх думку, амаральна. Гаворыць Пётар Юрудзь, старшыня Псуйскага сельсавету, на тэрыторыі якога і месьціцца возера Доўгае:

«Застаецца толькі зьдзіўляцца: як яго ўмудрыліся ў арэнду здаць! Не здалі ж у арэнду Бярэзінскі біясфэрны запаведнік? А гэта аддаць камусьці беларускі Байкал! Відаць, тут нейкая палітыка пэўных колаў. Можаце зь любым чалавекам пагаварыць, вам тое ж скажуць. Але што мы можам? Пагаварылі, паабураліся, на гэтым усё і скончылася. Што мы здольныя зрабіць? Відаць, у вярхах было так пададзена, каб яго ўключылі ў сьпіс і можна было б арандаваць. А там, пэўна, ніхто толкам не паглядзеў, падмахнулі — вось і ўсё».

Карэспандэнт: «То бок для вас навіна аказалася поўнай нечаканасьцю?»

«Па сутнасьці, так. Як гэта магчыма — асабіста я папросту не разумею. Гэта тое ж, як падатак на паветра ўвесьці. Гэта ж практычна беларускі Байкал, гэта чысьцюткая вада. Там ніякіх дамешкаў, соляў, нічога няма».

Карэспандэнт: «Але пакуль можна прыяжджаць, лавіць рыбу? Ці за грошы?»

«Не, не за грошы, прыяжджайце, калі ласка, пытаньняў няма. Але рыбу лавіць — толькі вудамі, падводнае паляваньне забараняецца, сеткамі — таксама. Лодкі — без матораў, на вёслах».

На сайтах бальшыні райвыканкамаў разьмешчаны пералік азёраў і вадасховішчаў, якія можна ўзяць у арэнду для прамысловага ці аматарскага рыбалоўства. Прыкладам, у адным з самых азёрных краёў Беларусі — на Браслаўшчыне — такіх месцаў прапанавана блізу паўсотні. Паказальна, што можна арандаваць нават некалькі кілямэтраў ракі: ад 20-кілямэтровага адрэзка на Дзісьне да 200 мэтраў на безыменнай пратоцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG