Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістыка зьмянілася за апошні час самым драматычным чынам: шляхам кананьня. Калі разумець пад журналістыкай тое, што выкладаецца ў акадэмічным курсе "Гісторыя журналістыкі", то няма больш тае журналістыкі. Публіцыст, які пыхліва вяшчае з часопісных старонак, памёр.


Вы думаеце, сьледам я скажу, што замест журналіста зараз расплюшчвае вочы на балячкі сьвету блогер? Дык абламіцеся: блогер як стварэньне, якое фігачыць тэксты, а потым з уздрыгам і нэрвовым цікам чытае камэнты да іх, таксама здох, і на гэтым я буду настойваць. WEB 2.0 выявіўся мілай марай, гэтаксама як і астатнія спадзяваньні лібэральных філёзафаў на тое, што навінкі навукова-тэхнічнага прагрэсу могуць зрабіць таго ці іншага чалавека больш (ці менш) свабодным, чым ён ёсьць усярэдзіне.

Чалавек свабодны роўна настолькі, наколькі ён свабодны да таго, як уключае кампутар ці прайгравальнік ва ўласнай машыне. Дай несвабоднаму чалавеку інтэрнэт, і ён будзе выкарыстоўваць яго на тое, каб правяраць пошту, рабіць online-shopping, поркацца па сайтах знаёмстваў ці спампоўваць парнуху. Дынаміка наведвальнасьці і камэнтавальнасьці ў Livejournal крычыць пра тое, што ўсё, нагуляліся людзі з Livejournal! Сёньня жывыя і хоць неяк чытаныя тыя блогі, якія ўбудоўваюцца ў карпаратыўныя парталы (пошта, online-shopping) у якасьці прычасанага і паліткарэктнага даважка. І якія з выспачкі свабоды ператварыліся ў рэальна мадэраваны і мэгацэнзураваны рэсурс, які проста баіцца паставіць напісаны адмыслова для яго запіс, напрыклад, пра кнігу "Параноя", якую, дарэчы, нібыта ніхто афіцыйна і не забараняў.

Піва, канапа, сітком, Хаўз, Шэлдан — перамаглі. Як сказаў мне Віталь Портнікаў, калі я віншаваў яго з тым, што ён прыйшоў на ўкраінскі тэлевізар: "Сябар, віншаваць тут няма з чым. Калі жадаеш гаварыць праўду — пішы тэксты. Калі жадаеш прамываць мазгі — ідзі на скрынку". Дык вось, нашыя тэксты нікому не патрэбныя. Яны ўсе глядзяць тэлевізар, дзе ім тлумачаць, што ім думаць пра белае і чорнае. Мы жывем у эру мэдыядыктатуры, і такія таварышы, як Сыльвіё Бэрлюсконі, Валодзя Пуцін, Нікаля Сарказі, ужо даўно зразумелі, што ня трэба высылаць у лягеры мільёны і расстрэльваць сотні тысяч для таго, каб кантраляваць сьвядомасьць людзей. Бо, як слушна пісаў Мішэль Фуко ў "Наглядаць і караць", нашыя целы больш не цікавыя дзяржаве. Сувязь паміж целам і сьвядомасьцю ў частцы канструяваньня страху ці каханьня зусім не такая прамая, як думалі ў сярэднявеччы. Для таго каб прымусіць баяцца, кахаць ці ненавідзець, дастаткова пасадзіць чалавека перад скрынкай, дзе паказваюць сіткомы і навіны ўпярэмежку з рэклямай, якая падахвочвае цябе быць сацыяльна валентным, платаздольным, а значыць — адэкватным, адказным і палітычна пасіўным.

Як чытач / глядач я для сябе выснову зрабіў. Я гляджу сіткомы са свайго ноўтбука, а зьбіраю "Хаўза" і "Big Bang" па знаёмых або "пыласмочу" з дамовай сеткі. Я не падпускаю скрынку да сваіх мазгоў. Як пісьменьнік / журналіст / блогер я таксама раблю высновы, таму што бачу, што тэксты хутка перастануць чытацца настолькі, што людзі забудуць алфавіт. І ў сувязі з гэтым я ўспамінаю пункт гледжаньня беларускага філёзафа Андрэя Горных пра тое, што паралельнае тэлебачаньне, ня ўключанае ў сыстэму мэдыядыктатуры, ужо існуе. Прычым існуе настолькі даўно, што пасьпела сапсавацца. Гаворка ідзе пра YouTube. І ў гэтых умовах у мяне як у чалавека, які ўсё яшчэ верыць у журналістыку — у любым, хай сабе нават кібэр-праапгрэйджаным выглядзе, — не застаецца іншага выбару, як узяцца за web-камэру (або выкарыстоўваць web-камэру майго ноўтбука) і нагаворваць троххвілінныя сюжэты пра такія сьмешныя і пачварныя тэмы, як, напрыклад, мясцовыя выбары ў Беларусі.

Бо калі Зімоўскі стаў блогерам, чаму б Марціновічу ня стаць відэавядучым? Урэшце, кожны трэці сёньня мае або ADSL, або 3G-мадэм, якія даюць нядрэнныя хуткасьці струмянёвага відэа. З хостынгам у мяне могуць паўстаць праблемы, бо, паўтаруся, карпаратыўныя парталы баяцца гаварыць нават пра не да канца забароненыя кнігі. Але ёсьць Twitter, на які можна вешаць спасылкі на сюжэты, павешаныя на off-сайтах, ёсьць шэраг менш палахлівых навінавых парталаў, якія маюць прыстойную наведвальнасьць. Як вы думаеце, ці будзе гэта глядзецца? І ці не стварыць нам, сябры, сваё ўласнае тэлебачаньне?

Віктар Марціновіч, нарадзіўся ў Ашмянах. Скончыў БДУ, асьпірантуру БДУ. У 2008 г. абараніў доктарскую дысэртацыю ў Вільні. Намесьнік галоўнага рэдактара "Белгазеты". Выканаўца абавязкаў кіраўніка дэпартамэнту палітычных навук ЭГУ. У 2009 годзе ў Расіі выйшла кніга "Параноя", якая патрапіла пад негалосную забарону ў Беларусі. Захапленьні — інструмэнтальная музыка эпохі барока, кампутарныя гульні.

1. Навошта я пішу блог

Ня ведаю, Зыгмунд :)

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах

Тую мару, якая суправаджала іх зьяўленьне: ідэю нейкай новай прасторы, дзе людзі будуць сябраваць, распавядаць пра свае жыцьці і свае думкі, словам, кампэнсаваць нястачу камунікацыі, якая ўзьнікла празь лішак сродкаў камунікацыі.

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах

Тое, у што ўсё ў канчатковым выніку вылілася: актыўны блогер — дзесьці трошачкі троль, у кодэксе ж гонару троляў лічыцца істотным сьцісла, аднаскладова і надзвычай цынічна разносіць любыя патугі аўтара посту на шчырасьць. Сёньня блогасфэра — прастора мігатлівай, калектыўнай шызафрэніі, дзе важна ня столькі выказаць думку, колькі засьвяціцца, адпазыцыянавацца, паказаць, якія доўгія ў цябе зубы. Гэта нейкая новая вычварная сеткавая этыка, і гэта вельмі сумна. Пра сяброўства, блін, ніхто ўжо не ўспамінае.

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць

1. malishevsky.livejournal.com — найлепшы блогер плянэты Зямля, Месяца, Марса, сонца і ўсяго нашага крыла Млечнага шляху. Даказана конкурсам.

2. http://l-u-f-t.livejournal.com — у чалавека дасканалае пачуцьцё гумару, заходжу парагатаць не радзей як раз на тыдзень.

3. http://krushinka.livejournal.com — малавядомая дзяўчына-фатограф, якая аднойчы абавязкова стане нашым Гельмутам Ньютанам. Яшчэ вельмі люблю фотаблог Андрэя Лянкевіча, але ён у рэкляме ня мае патрэбы.

4. http://chareuski.livejournal.com — блог майго сябра, гісторыка ад Бога і апавядальніка ад Бога, Сяргея Харэўскага. Неяк выйшаў зь ім пакурыць на гаўбец кватэры ў Вільні і атрымаў за час, пакуль тлее цыгарэта, такі аповед пра касьцёлы і манастыры, якія былі відаць паблізу, што дагэтуль пераказваю яго падчас экскурсій для сяброў. Калі хочаце ўбачыць Харэўскага ў гневе, запытайце ў яго пра рэканструкцыю гістарычнага цэнтру Менску. Піша крута і на вельмі цікавыя тэмы.

5. Блог Аляксандра Зімоўскага на naviny.by. Не магу сказаць, што чытаю з задавальненьнем, але чытаю заўсёды — дзеля парадаксальнай сытуацыі: з прычыны займанай Зімоўскім пасады яму дазволена пісаць тое, што ня ў кожнай незалежнай газэце наважацца напісаць. У гэтым сэнсе Зімоўскі мае ўсе шанцы стаць самым апазыцыйным блогерам Беларусі 2010 г.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG