Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Астраўцоў


У пэўным сэнсе гэта было зроблена пад уплывам настрою вуліцы. Гэта можа здавацца чымсь няўлоўным, але калі размаўляць зь людзьмі, то няцяжка зразумець: яны перасталі адчуваць абавязковую патрэбу адзначыцца на выбарчым участку. Улада дасягнула нечаканага для сябе эфэкту. Савецкая прымаўка “хочаш жні, а хочаш куй…” трансфармавалася ў беларусаў у —“галасуй ні галасуй…”, заканчэньне — усім зразумелае.


“Эканомныя” выбары


Улада доўга і ўпарта паўтарала: якіх дэпутатаў ні выбірай, усё роўна падмануць. Улада настойліва паказвала на практыцы і пераконвала, што выбары нічога ня значаць, што яны — пустая фармальнасьць. І беларусы ў гэта нарэшце паверылі, пераканаліся ў гэтым. Рабочы зь Бярозаўкі са зьдзіўленьнем мне паведаміў, што яму на агітацыю на выбарах у гарсавет выдалі 35 тысяч рублёў, на якія можна было надрукаваць чатыры з паловай каляровыя ўлёткі, як яму паведамілі ў камісіі. На выбарах галоўнае не дэмакратычнасьць, адкрытасьць, празрыстасьць, роўныя правы для ўсіх, не! Галоўнае — “эканомія”! Адзін маладзён мне сказаў на вуліцы, што пойдзе на ўчастак толькі дзеля таго, каб не праводзіць выбары паўторна, каб улада сэканоміла.

Жыхар Масквы дзівіцца ў цэнтры Горадні, што, аказваецца, “поўным ходам” ідзе выбарчая кампанія. Ён нічога такога не заўважыў, вось у Расеі — калі выбары, то выбары, адчуваецца адразу. Такое ўражаньне, улада саромеецца выбарчай кампаніі, імкнецца зрабіць яе незаўважнай, някідкай, бляклай, шэрай. Нібы ў супрацьвагу заходнім краінам, дый усім навакольным таксама, дзе выбары — заўжды гучная каляровая, значная падзея. Толькі часам нейкія быццам падпольшчыкі якія трапяць у пад’езд, укінуць штось у скрынку паштовую, ці нешта ўдасца наклеіць на якой сьцяне на вуліцы. Прадстаўнік БХД паскардзіўся мне: у Ваўкавыску зрывалі ўлёткі апазыцыйных кандыдатаў, адзін міліцыянт прызнаўся, што паступіла такая каманда.


“Лопай, што даюць”


Калі ў палове акругаў увогуле няма ніякага, нават фармальнага выбару, то якой рэакцыі чакае ўлада? Калі ў палове акругаў начальнік, ды яшчэ дэпутат цяперашні ў адной асобе прысутнічае, з чаго выбіраць? У буфэце на ўчастку з выбарам лепей звычайна — і гарэлка розная, і піва, і чабурэкі, і беляшы, і смажаная пячонка, піражкі з капустай, пірашкі з фаршам — вось гэта сапраўды выбар! Але ж праблема ў тым, што беларусу па гэта няма ніякай патрэбы топаць на ўчастак, як у савецкія часы, бо ўсё цяпер у краме ёсьць, абы грошы былі.

Два рабочыя абураюцца: у гарсавеце адныя начальнікі, хоць бы дзеля сьмеху прапусьцілі туды кагосьці іншага! У іх такія заробкі, што на “Белкардзе”, дзе працуюць сёньня па адзінаццаць дзён за месяц, і ня сьніліся! Карацей, зьнік імпэт у гарадзенскіх людзей хадзіць на ўчастак, асабліва калі надрукаваны былі зьвесткі пра прыбыткі цяперашніх кандыдатаў-дэпутатаў у аднаасобных акругах. Тым больш страх зьменшыўся: вобласьць на выбары засталася без галоўных начальнікаў. А тое, што самы важны чыноўнік у тэлевізары тры гадзіны сьпіч прамаўляў, таксама бадай падштурхнула не хадзіць галасаваць — які толк?

Выбары нішто побач з дачай — гэта ўлада ў галовах беларусаў натрывала замацавала. Пытаюся ў людзей: чаму, як вы думаеце, значная частка ходзіць галасаваць, не чакаючы дня галасаваньня? Дык жа дачны сэзон, на дачу трэба! Зімой таксама на дачу трэба? — пытаюся. Ня ведаюць што адказаць. Удзельнік абласной выбарчай: што вы хочаце, калі заканадаўства так зроблена, што я буду сядзець піць піва і патэлефаную, каб мне прывезьлі дахаты скрынку выбарчую, і яны паляцяць выконваць, бо інакш скаргу магу напісаць. А для чаго масава праводзіцца галасаваньне раней часу? Мінак на вуліцы напружвае ў адказ думку: можа, каб лягчэй было падтасаваць?

Ніколі не забуду, як пасьля інсульту была прыкаваная да ложка мая сваячка, і як да яе ламіліся з участка з выбарчай скрынкай, каб яна ім забясьпечыла лічбы. Без запрашэньня, зразумела.


Выбары — гэта проза


Памятаю, першы раз галасаваў у Савецкай арміі, нас паднялі ўначы і прыгналі на ўчастак. Запомніліся два прозьвішчы: Барташэвіч і Таразевіч, мне яны спадабаліся, хоць выбару, як і сёньня, не было, адзін — у адзін савет, другі — у другі. Пазьней меў магчымасьць даведацца, што спадар Таразевіч дэмакратычных поглядаў аказаўся чалавек.

Той мой салдацкі досьвед дапамог напісаць адно зь першых апавяданьняў, ёсьць у ім “выбарчы” эпізод: “Іх узьнялі загадам на досьвітку а чацьвертай гадзіне і табуном, не ў нагу, абы хутчэй, пагналі ў палац Правасудзьдзя. Тады мусілі адбыцца выбары. Сваяк іхняга палкоўніка балятаваўся на якуюсьці пасаду ў магістраце”.

Дзеяньне аповесьці “Бог з машыны” увогуле адбываецца падчас выбарчай кампаніі, калі ў Гарадзенскі аблсавет выбралі “ганаровых дэпутатаў” —Сталіна, Молатава, Кагановіча, Берыю — усіх паплечнікаў, але Ёсіф Вісарыёнавіч раптам сканаў. Я стараўся перадаць атмасфэру апошніх стопрацэнтова сталінскіх выбараў. Ёсьць там верш Міхася Васілька “Народны дэпутат” пра сталінскі партрэт — “А з партрэта ветла пасьміхаўся Сталін”, ёсьць сталінская цытата пра савецкія выбары, якія ён назваў “хлыстом у руках насельніцтва супраць дрэнна працуючых органаў улады”.

Цяперашнія беларускія выбары — тэма зусім, можа, не мастацкая, бляклая, казённая, але што зробіш, апавяданьні ўсё роўна пішуцца, напрыклад, памфлетнае “апавяданьне-даклад” — “Сага пра выбарчую скрынку”, гэта нават хутчэй панегірык сёньняшняй чырвонай фанэрнай скрынцы для бюлетэняў, накіраваны супраць празрыстых скрыняў: “Што нам іхнія плястыкавыя скрыні — хімія, штучны матэрыял. Для здароўя шкодна. Нашыя выпрабаваныя — натурпрадукт, дрэва, кардон, фанэра. Воку прыемна, душая сьпявае!”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG