Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогі — лёгкая кавалерыя інфармацыі і камунікацыі


Міклай Аляксандраў

Міклай Аляксандраў

Калі казаць пра зьмены ў беларускай журналістыцы, то яны назіраюцца толькі ў незалежных мэдыях — у дзяржаўных СМІ зьмяняюцца "адзёжкі", але не кантэнт.


Пры гэтым гаварыць пра якія-колечы істотныя якасныя зьмены на рынку беларускіх друкаваных СМІ не даводзіцца — незалежным выданьням ва ўмовах няспыннага прэсінгу і абмежаваньняў даводзіцца аддаваць больш высілкаў на захаваньне "статус-кво" і элемэнтарнае выжываньне, чым на ўвядзеньне каляровасьці, павелічэньне пэрыядычнасьці і тыражоў, арганізацыю новых праектаў.

Прыкметнае ажыўленьне за апошнія гады прасочваецца ў электроннай інфармацыйнай сфэры. Тут беларуская журналістыка пачуваецца значна вальней і камфортней. Да таго ж кампутарныя магчымасьці ствараюць больш варыятыўнасьці і прасторы для разьвіцьця такога роду мэдыяў. Дый новае пакаленьне чытачоў усё больш схіляецца да экраннага чытаньня — найбольш даступнага, хуткага і адкрытага. Тут ужо існуе свая шырокая чытацкая аўдыторыя, за якую змагаюцца дзясяткі электронных выданьняў і сайтаў, пра што сьведчаць рэйтынгі "Акавіты".

У гэтым змаганьні на першы плян выходзіць апэратыўнасьць разьмяшчэньня інфармацыі, яе паўната і глыбіня. Запатрабавана і аўтарская аналітыка.

Блогі — лёгкая кавалерыя інфармацыі і камунікацыі — таксама ўносяць свой калярыт у мэдыйнае асяродзьдзе. Тут карціна досыць-такі пярэстая, плынная і разнастайная, але ў беларускай блогасфэры ў апошнія два-тры гады ўжо вызначыліся імёны-брэнды, якія маюць сваю сталую аўдыторыю, мэдыйны характар і ўплыў. У цэлым жа наша цяперашняя блогасфэра — добры аналізатар грамадзкіх настрояў. І, як мы ўжо пераконваліся ня раз, яна здольная быць сацыяльным акумулятарам думак, а таксама ствараць прэцэдэнты для прыняцьця ўладных рашэньняў (напрыклад, у сытуацыі з "жывым шчытом").


Галоўны рэдактар газэты " Брестский курьер". Нарадзіўся акурат празь дзевяць месяцаў пасьля скону Сталіна. Першыя чатырнаццаць гадоў пражыў на поўначы Расіі, у Валагодзкай вобласьці, потым з бацькамі перасяліўся на Далёкі Ўсход у Хабараўскі край. Паступіў на журфак Далёкаўсходняга дзяржаўнага ўнівэрсытэту ва Ўладзівастоку, але, ня скончыўшы другога курсу, уцёк ад партыйнай журналістыкі ў экспэдыцыю, вандраваў па беразе Японскага мора. Прайшоўшы творчы конкурс у Літаратурны інстытут, паступіў туды ў 1973 годзе на сэмінар паэзіі. Па заканчэньні навукі паўтара года служыў у СА. З 1980 году — у Брэсьце, дзе да 1989-га працаваў загадчыкам аддзелу культуры абласной газэты " Заря", а ў 1990-м стварыў і ўзначаліў газэту " Брестский курьер", якою кірую дагэтуль.

Аўтар дзьвюх паэтычных кніг ("Кварта", " Долгий путь в Китеж") і двух сыноў.


1. Навошта я пішу блог

Свой блог n_a_redaktor я, на жаль, тармазнуў летась, спадзеючыся вярнуцца да яго, але паўза зацягнулася. А пачаў я жыць у ім: а) дзеля спробы стварыць аналяг папяровага дзёньніка, да якога заўсёды рука цягнулася; б) дзеля пашырэньня геаграфіі кантактаў; в) дзеля паасоўваньня да чытача сваіх творчых опусаў ("Кому прочесть — Анисье иль Настасье?.." Д.Самойлаў); г) для чыста журналісцкіх патрэбаў — акумуляваньня інфармацыі, хуткага яе пошуку з дапамогай сяброў-блогераў і г.д. Праца ў блогу дала мне нямала імпульсаў і адкрыцьцяў. Тормаз узьнік, калі мне спатрэбілася рэалізаваць шэраг вельмі працаёмкіх праектаў, якія займалі ўвесь мой час. Блог — гэта ўсё ж адказнасьць перад суразмоўцамі. Зазіраць у яго наскокамі — справа пустая і мітусьлівая. Як ад законнай жонкі да палюбоўніцы бегаць…

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах

У блогах люблю асабістую інтанацыю, спакойную стрыманасьць думкі, канкрэтыку асабістага досьведу, дарэчнае ілюстраваньне.

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах

Цярпець не магу агрэсію ў любых яе праявах, безапэляцыйныя камэнты, шум і траскатню, неахайнасьць маўленьня і прэтэнцыёзную непісьменнасьць.

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць

Асабіста мне блізкі па душы і характары блог feduta. Цікавы арыгінальнасьцю распрацоўкі тэмаў і іранічнасьцю malishevsky. Падкупляе сур'ёзнай аналітычнасьцю sergechaly. Цешыць спалучэньнем дарэчнага сьцёбу з глыбокім пошукам сэнсаў valery_brest_by. Але чамусьці асабліва прыцягальны для мяне далёкі бацюшка з сыбірскага гораду Мінусінску — kruglov_s_g.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG