Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Аляксандраў




Галоўны рэдактар газэты " Брестский курьер". Нарадзіўся акурат празь дзевяць месяцаў пасьля скону Сталіна. Першыя чатырнаццаць гадоў пражыў на поўначы Расіі, у Валагодзкай вобласьці, потым з бацькамі перасяліўся на Далёкі Ўсход у Хабараўскі край. Паступіў на журфак Далёкаўсходняга дзяржаўнага ўнівэрсытэту ва Ўладзівастоку, але, ня скончыўшы другога курсу, уцёк ад партыйнай журналістыкі ў экспэдыцыю, вандраваў па беразе Японскага мора. Прайшоўшы творчы конкурс у Літаратурны інстытут, паступіў туды ў 1973 годзе на сэмінар паэзіі. Па заканчэньні навукі паўтара года служыў у СА. З 1980 году — у Брэсьце, дзе да 1989-га працаваў загадчыкам аддзелу культуры абласной газэты " Заря", а ў 1990-м стварыў і ўзначаліў газэту " Брестский курьер", якою кірую дагэтуль.

Аўтар дзьвюх паэтычных кніг ("Кварта", " Долгий путь в Китеж") і двух сыноў.


1. Навошта я пішу блог

Свой блог n_a_redaktor я, на жаль, тармазнуў летась, спадзеючыся вярнуцца да яго, але паўза зацягнулася. А пачаў я жыць у ім: а) дзеля спробы стварыць аналяг папяровага дзёньніка, да якога заўсёды рука цягнулася; б) дзеля пашырэньня геаграфіі кантактаў; в) дзеля паасоўваньня да чытача сваіх творчых опусаў ("Кому прочесть — Анисье иль Настасье?.." Д.Самойлаў); г) для чыста журналісцкіх патрэбаў — акумуляваньня інфармацыі, хуткага яе пошуку з дапамогай сяброў-блогераў і г.д. Праца ў блогу дала мне нямала імпульсаў і адкрыцьцяў. Тормаз узьнік, калі мне спатрэбілася рэалізаваць шэраг вельмі працаёмкіх праектаў, якія займалі ўвесь мой час. Блог — гэта ўсё ж адказнасьць перад суразмоўцамі. Зазіраць у яго наскокамі — справа пустая і мітусьлівая. Як ад законнай жонкі да палюбоўніцы бегаць…

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах

У блогах люблю асабістую інтанацыю, спакойную стрыманасьць думкі, канкрэтыку асабістага досьведу, дарэчнае ілюстраваньне.

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах

Цярпець не магу агрэсію ў любых яе праявах, безапэляцыйныя камэнты, шум і траскатню, неахайнасьць маўленьня і прэтэнцыёзную непісьменнасьць.

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць

Асабіста мне блізкі па душы і характары блог feduta. Цікавы арыгінальнасьцю распрацоўкі тэмаў і іранічнасьцю malishevsky. Падкупляе сур'ёзнай аналітычнасьцю sergechaly. Цешыць спалучэньнем дарэчнага сьцёбу з глыбокім пошукам сэнсаў valery_brest_by. Але чамусьці асабліва прыцягальны для мяне далёкі бацюшка з сыбірскага гораду Мінусінску — kruglov_s_g.
XS
SM
MD
LG