Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск прыляцеў прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч


Віктар Януковіч

Віктар Януковіч

Сёньня Беларусь з аднадзённым візытам наведвае прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч. Адразу з аэрапорту Віктар Януковіч накіраваўся ў Адміністрацыю прэзыдэнта Беларусі, дзе сустракаецца з Аляксандрам Лукашэнкам у фармаце "сам-насам".

Потым перамовы працягнуцца ў пашыраным складзе. Паводле інфармацыі амбасады Ўкраіны ў Беларусі, у склад украінскай дэлегацыі ўваходзяць прадстаўнікі ўраду і прэзыдэнцкай Адміністрацыі.

Падчас візыту ўкраінскай дэлегацыі ў Менск будзе абмяркоўвацца тэма нафтавага супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі. У складзе ўкраінскай дэлегацыі — міністар паліва і энэргетыкі Ўкраіны Юры Бойка. Беларусь хоча забясьпечыць транзыт вэнэсуэльскай нафты праз Украіну. Беларусь і Ўкраіна падрыхтавалі міжурадавае пагадненьне пра транзыт нафты з Вэнэсуэлы.

Плянуецца абмен ратыфікацыйнымі граматамі аб дзяржаўнай мяжы. Адпаведнае пагадненьне было ратыфікавана ўкраінскім парлямэнтам яшчэ 13 гадоў таму. А беларускі парлямэнт ратыфікаваў яго толькі на пачатку красавіка 2010 г. Застаецца яшчэ шэраг праблемаў: на мяжы працуюць толькі пяць з 13 пунктаў пропуску.

Затрымка з ратыфікацыяй пагадненьня зь беларускага боку зьвязаная з тым, што Беларусь патрабавала ад Украіны некалькі соцень мільёнаў даляраў, якія ўкраінскія прадпрыемствы не заплацілі беларускім у першыя гады пасьля развалу Савецкага Саюзу. Украінскі бок пагаджаўся з тым, што гэтая праблема існуе, але ніколі не прызнаваў гэтай запазычанасьці як дзяржаўнай. І толькі пасьля афіцыйнага візыту Аляксандра Лукашэнкі ва Ўкраіну і сустрэчы з тагачасным прэзыдэнтам гэтай краіны Віктарам Юшчанкам беларускі кіраўнік публічна заявіў, што Беларусь ратыфікуе гэтае пагадненьне.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Беларусь пагадзілася на такі крок таму, што Ўкраіна абяцала зьнізіць цэны дастаўкі вэнэсуэльскай нафты чыгункаю ад Адэсы да Мазыра.

Нягледзячы на рост узаемнага гандлю, Беларусь дагэтуль не ратыфікавала пагадненьня аб свабодным гандлі, падпісанае з Кіевам у 2007 годзе.

Па выніках перамоваў заплянаваны выхад прэзыдэнтаў да прэсы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG