Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі беларускіх уладаў і апазыцыі возьмуць сёньня ўдзел у дэбатах адносна апошніх падзеяў у Беларусі.

Выступіць змогуць старшыня сталай камісіі па правах чалавека,нацыянальных стасунках і СМІ Палаты прадстаўнікоў Аляксандар Юшкевіч і сустаршыня Аб'яднаных дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька, паведамляе сайт Рады Эўропы.

Тэрміновыя дэбаты па сытуацыі ў Беларусі зьвязаныя з нядаўнім выкананьнем двух сьмяротных прысудаў у краіне. Чакаецца, што перад дэпутатамі выступіць дакладчык камітэту па палітычных пытаньнях і дакладчык ад камітэту па юрыдычных пытаньнях і правах чалавека.

Спачатку пытаньне па Беларусі ня значылася ў парадку дня. Рашэньне аб правядзеньні дэбатаў было прынятае 26 красавіка на пасяджэньні бюро ПАРЭ, перадае БелаПАН.

Нагадаем, у сакавіку былі расстраляны 25-гадовы Андрэй Жук і 30-гадовы Васіль Юзэпчук.

Камітэт ААН па правах чалавека ў адмысловай заяве выказаў абурэньне ў сувязі са сьмяротным пакараньнем двух чалавек, чые скаргі знаходзіліся на разглядзе камітэту.

Дзеяньні беларускіх уладаў асудзілі кіраўніцтва Рады Эўропы, прадстаўнікі Парлямэнцкіх асамблей Рады Эўропы, АБСЭ, Эўрапейскага парлямэнту, "Міжнародная амністыя" і праваабаронцы ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG