Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Голад у Беларусі ня меў такіх маштабаў, як ва Ўкраіне"


Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы прызнала, што сталінскі таталітарны рэжым стаў прычынай масавага голаду на пачатку 30-х гадоў на тэрыторыі былога СССР.

У рэзалюці адзначаецца, што "мільёны ні ў чым не вінаватых людзей у Беларусі, Расеі і Ўкраіне, якія тады ўваходзілі ў склад СССР пазбавілі жыцьця ў выніку масавага голаду, выкліканага жорсткімі наўмыснымі дзеяньнямі і палітыкай савецкага рэжыму". Як голад 30-х закрануў Беларусь?

Дасьледчыкі ацэньваюць, што ахвярамі вялікага голаду ў 30-я гады на тэрыторыі Беларусі маглі стаць тысячы чалавек. Паводле гісторыка Ігара Кузьняцова, дакладных дадзеных пакуль няма. Аднак маштабы голаду былі не такія вялікія параўнальна з Украінай.

Ігар Кузьняцоў
"Гэта найперш тлумачыцца прыроднымі ўмовамі. Ва Ўкраіне стэпавая зона і палітыка адносна Ўкраіны праводзілася больш жорсткая. Нашы прыродныя ўмовы дазвалялі лепш выжываць. І разнарадка, якую атрымлівала беларускае кіраўніцтва, была больш пасільная для селяніна, чым ва Ўкраіне".

Паводле спадара Кузьняцова, ніводзін дакумэнт з архіваў КДБ зьвязаны з Беларусьсю дагэтуль не рассакрэчаны і на дзяржаўным ўзроўні не вядуцца адмысловыя дасьледаваньні.

"Але ў мяне няма ўпэўненасьці, што ў бліжэйшай пэрспэктыве адбудуцца нейкія зрухі. Беларусь гэта адзіная краіна на постсавецкай прасторы, якая не адкрыла свае архівы, дзе архіўна-сьледчыя справы працягваюць захоўвацца пад грыфам "сакрэтна", калі дасьледчыкі ня маюць доступу да архіваў КДБ".

Ігар Кузьняцоў адзначае такі факт, што ў Беларусі, на мяжы Гомельскай і Чарнігаўскай абласьцей, былі выстаўленыя ўзброеныя кардоны ня толькі з войскаў НКУС, але і Чырвонай арміі. Іх задачай было, ажно да прымяненьня зброі, не пускаць з Украіны тых, хто ішоў у пошуках ежы ў Беларусь.

"І гэта таксама злачынства, якое павінна атрымаць прававую ацэнку, ня толькі маральную. І такіх фактаў многа. Але, на жаль, пакуль мы не валодаем такой сыстэмнай інфармацыяй, каб у якасьці абвінавачаньня прад'явіць лічбы і факты па галадамору ў Беларусі".

Гісторык Ірына Раманава распавяла, што падчас працы ў архіве з дакумэнтамі, якія маюць грыф "сакрэтна", ёй трапляліся асобныя зьвесткі аб голадзе 30-х гадоў на Беларусі. Да прыкладу, што тысяча чалавек памерла ў Нараўлянскім раёне.
можна гаварыць, дзесяць ці дзесяткі тысяч ахвяраў...

"Але ніхто ня вёў дакладны ўлік памерлых ад голаду, таму сказаць, што гэтая лічба адбівае маштаб, гэта няпраўда. Яны не фіксаваліся як сьмерці ад голаду. Насамрэч было іх значна больш. І паколькі галадалі ня толькі ў адным раёне, а галадала Палесьсе, галадалі Ельскі, Нараўлянскі, Мазырскі раёны, у Пухавіцкім раёне, Жыткавіцкім, Тураўскім. Гэта, напэўна, можна гаварыць, дзесяць ці дзесяткі тысяч ахвяраў".

Падчас адной з экспэдыцый Ірына Раманава сабрала сьведчаньні жыхароў Мазырскага раёна. Звычайна на Беларусі дамінуе тэма вайны, а там згадвалі найперш менавіта пра голад.
ад сібірскай язвы пала карова і яе закапалі на загад вэтэрынараў, а галодныя калгасьнікі яе адкапалі і зьелі...

"Адзін дзядуля мне сказаў, што гэты голад запомніла бы і "трохгадовае дзіця". І далей расказвалі жудасныя рэчы. Напрыклад, дзядуля з Тураўскага раёна мне расказваў, што ў яго падчас голаду памерла маці, цётка, бабуля і застаўся толькі дзед і трое дзяцей. Калі ў калгасе Кагановіча ад сібірскай язвы пала карова і яе закапалі на загад вэтэрынараў, а галодныя калгасьнікі яе адкапалі і зьелі. І ўсе захварэлі на сібірскую язву. Альбо калі калгасьнікі харчаваліся тым, што зьбіралі траву, лісьцё нейкае гатавалі".

Таксама спадарыня Ірына згадвае пра галодныя бунты ў Барысаве і Віцебску, калі была ўведзена карткавая сыстэма забесьпячэньня насельніцтва хлебам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG