Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчукі супраць палітыкі бяздумнага “ўшчыльненьня”. Вячорка дапамагае


Сёньня ўвечары жыхары дому № 20 па вуліцы Гамарніка ў Менску наладзілі імправізаваны сход, на якім выказалі свой пратэст палітыцы гарадзкіх уладаў на «ўшчыльненьне дваравых тэрыторый».


Жыльцы пратэстуюць перадусім супраць таго, што будаўнічая фірма «Карповіч» бяз дай прычыны забірае ў іх ладны кавалак зямлі: на месцы дзіцячай пляцоўкі ўжо збудаваны падземны гараж для жыхароў іншага, новага дому, а пляцоўка перадысьлякаваная на ранейшае месца выгульваньня сабак.

Акрамя таго, як кажа адна з удзельніц сходу спадарыня Людміла, будаўнікі адхапілі вялікі кавалак двара. Зараз двор складаецца з маленькага «апэндыксу» на некалькі машын, і плота, за якім пачынаецца будпляцоўка. Цяпер каманда з «Карповіча» маніцца адняць і гэтую рэшту, бо ў будаўнікоў не атрымліваецца зрабіць выезд:

«Яны, забудоўшчыкі, хочуць гэта аформіць як добраўпарадкаваньне, а мы настойваем, што зроблены заезд для дарожнай тэхнікі, якая, магчыма, калі-небудзь і возьмецца зрабіць там добраўпарадкаваньне, але цяпер пад яе патрэбы захопленая значная тэрыторыя. Дарэчы, і сам пратакол сходу, як я разумею, будаўнікі маюць намер скіраваць супраць жыльцоў. Бо на падставе пратаколу можна будзе падаць заяву ў тую ж Дзяржаўтаінспэкцыю, каб нас у выпадку чаго можна было штрафаваць за няправільны ўезд, супрацьзаконную паркоўку і г.д.».

Стала вядома, што дапамагаць жыхарам у вырашэньні іхных праблемаў узяўся вядомы палітык Вінцук Вячорка, які гэтаксама жыве ў сталічным мікрараёне «Зялёны Луг» і здаўна карыстаецца аўтарытэтам у насельніцтва.
XS
SM
MD
LG