Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нарадзіўся 1 сакавіка 1948 году на Піншчыне. У 1977-м скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Працаваў у газэце «Літаратура і мастацтва», часопісе «Крыніца». Дасьледуе гісторыю беларускага руху XX стагодзьдзя. Адзін з ініцыятараў адраджэньня сацыял-дэмакратычнага руху ў Беларусі ў найноўшы час. Аўтар кнігі «Пра Івана Луцкевіча: успаміны, сведчаньні» і шматлікіх навуковых працаў і артыкулаў. Жыве ў Менску.



Што для вас свабода?


Перш за ўсё свабода выказваньня. Прагрэс магчымы толькі таму, што заўсёды знаходзяцца людзі, якія маюць сьмеласьць выказваць ератычныя думкі. Ератыком у юдэйстве быў Ісус з Назарэту, ератыкамі былі Гус і Лютэр, Капэрнік і Галілей, Маркс і Ласаль, Лабачэўскі і Айнштайн, Талстой і Гандзі... Былі і ёсьць ератыкі меншага маштабу, але ўсе яны працавалі і працуюць на прагрэс.



Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?


Не люблю, калі мне затыкаюць рот. Абмяжоўвае свабоду і брак часу. Драма чалавека ў тым, што ў маладосьці яму бракуе ведаў, а ў сталыя гады — часу.



Што для вас шчасьце?


Шчасьце — калі добра працуецца. Шчасьце чытаць кнігі, працаваць у архівах і дзяліцца здабытымі ведамі.



Чаго вы найбольш баіцеся?


Баюся сустрэчы на тым сьвеце зь людзьмі, перад якімі вінаваты і ў якіх не папрасіў прабачэньня. Па-мойму, пякельныя пакуты — гэта перш за ўсё пакуты сумленьня.



Які талент вы хацелі б мець?


Усё жыцьцё зайздросьціў тым, хто ўмее граць на музычных інструмэнтах і сьпяваць па нотах. Але гэта сьветлая зайздрасьць. Заўсёды, калі бачу і чую, як студэнты ў падземных пераходах граюць добрую музыку, шкадую, што я не багаты, што жыву ад пэнсіі да пэнсіі.



Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?


Да мяне стасуюцца словы Яўгенія Баратынскага: «С Израилем певцу один закон: Да не творит себе кумира он!» Мне пашчасьціла быць знаёмым, разам працаваць і нават выпіваць з многімі славутасьцямі. І кожны раз я пераконваўся ў слушнасьці словаў з малітвы: «несть человек, иже жив будет и не согрешит». Куміраў у мяне ніколі не было і няма. А захапляцца можна таленавітасьцю, добрымі і выдатнымі справамі ды ўчынкамі чалавека. Адзін добры мастак, другі выдатны сьпявак, трэці таленавіты футбаліст, чацьвёрты непаўторны дасьціпнік, пяты цудоўны паэт ці празаік, шосты знаўца пчол, сёмы бліскучы токар ці кулінар... Калі б вы спыталіся, ці былі, ці ёсьць у мяне маральныя аўтарытэты, я сказаў бы: так, былі і ёсьць.



Што вы найбольш любіце рабіць?


Мне ў маім жыцьці даводзілася шмат чаго рабіць: і гной з хлява выкідваць, і ў полі рукамі яго раськідваць, і загоны палоць, і дровы калоць, і авечкі-каровы пасьвіць, і срачкі дзецям падціраць... Цяпер я магу рабіць тое, што люблю асабліва, што прыносіць мне задавальненьне: чытаць кнігі і працаваць у архівах. Слухаць музыку, у тым ліку жывую музыку: зумканьне пчолаў, гудзеньне чмяля, сьпевы птушак, асабліва салаўёў і драздоў. Любуюся палётам ластавак і буслоў. Люблю сузіраць прыгожыя краявіды, мае ўлюбёныя мясьціны — Капыльскую граду, Менскае і Наваградзкае ўзвышшы. Маё вока цешаць прыгожыя будынкі, асабліва ў стылі барока.



Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?


Зайздрошчу цяперашнім маладым: яны могуць падарожнічаць па сьвеце, чытаць (калі не ў бібліятэках, дык праз Інтэрнэт) тое, што было забаронена чытаць нам. Выпускнікі гістарычнага факульэту ў свае 22 цяпер ведаюць з гісторыі Беларусі больш, чым я ведаў у свае сорак. А калі б можна было вярнуцца назад, я ніколі ня тое, што ня быў бы ў ліку заснавальнікаў, але нават і проста сябрам нейкай палітычнай партыі. Нідзе, як у партыях, не траціцца гэтак шмат часу на пустое.



Якую найлепшую параду вы атрымалі?


Парада была кароткая, і гучала ня раз: не сьпяшай. А калі сьпяшаць, дык паволі. Як вучыў атэнскі стратэг Нікіяс. З пэўнага часу я стаў кіравацца і парадаю Сэнэкі: не раськідвайся, займайся чым-небудзь адным. Вось ужо ці не дваццаць пяць гадоў я стараюся займацца адным толькі Антонам Луцкевічам, ягоным атачэньнем і ягонай эпохай.



Які ваш улюбёны дэвіз?


Я, можа, недакладны, але паданьне данесла да нас прыблізна максіму, якую выпрацаваў Аляксандар Уласаў: ня трэба нічога рабіць, нейк яно будзе. Ведама, Уласаў казаў ня ў тым сэнсе, што трэба сядзець, склаўшы рукі, а ў тым, што ня трэба прысьпешваць падзеі, бо ўсяму свой час. Але значна раней я пачуў выказваньне аднае сялянкі: жыць — як набяжыць. Гэта значыць: не забягай наперад, а вырашай тыя праблемы і тыя пытаньні, якія набеглі, наваліліся на цябе сёньня.


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?


Мой палітычны ідэал — парлямэнцкая рэспубліка.



У якой краіне вы хацелі б жыць?


У дэмакратычнай, сацыяльнай і прававой Беларусі.



У якую эпоху вы хацелі б жыць?


Нам не дадзена выбіраць эпоху. І я ня сьхільны рамантызаваць мінуўшчыну. Свае першыя кнігі я чытаў пры лучыне. Я ведаю, што такое блашчыцы і вошы, што такое голад і недаяданьне, што такое жорсткасьць у абыходжаньні з бліжнімі і гвалт над імі, што такое ўбогасьць. Нягледзячы на ўсе прыкрасьці, зігзагі і павароты назад, мой час лепшы за папярэднія, а час цяперашнях дзяцей — лепшы за час нашага маленства. Што праўда, у цяперашніх малых будзе па горла сваіх праблем і клопатаў. Ды так уладкаваны сьвет.



Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?


У сталыя гады ня варта аддавацца летуценьням. Кіраўніком Беларусі я ня стану і не зьбіраюся станавіцца. А як грамадзянін я маю права патрабаваць ад любога кіраўніка краіны, каб ён найперш захоўваў гонар і годнасьць у паводзінах і выказваньнях, паважаў гонар і годнасьць грамадзян і дбаў пра гонар і годнасьць Беларусі.



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?


Адносіны павінны быць роўныя, прыязныя, дружалюбныя. Калі вы маеце на ўвазе сяброўства Беларусі ў Эўразьвязе, дык я ніколі не ідэалізаваў і вас заклікаю не ідэалізаваць ані Эўропу, ані Эўразьвяз, які паступова ператвараецца ў бюракратызаваную структуру. Акрамя таго, сябрамі Эўразьвязу зьяўляюцца пэўныя краіны, якім варта было б пакаяцца за зло, прычыненае беларускаму народу і Беларусі. Думаю, Беларусь павінна мець з Эўразьвязам такія ці прыблізна такія адносіны, якія зь ім мае Нарвэгія. Давайце спачатку пабудуем дэмакратычную, сацыяльную і прававую Беларусь, а тады паглядзім, ці трэба ўступаць у Эўразьвяз.



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?


Нехта з амэрыканцаў трапна заўважыў, што суседам Расеі можа быць або васал, або вораг. Я не хачу, каб Беларусь была васалам ці ворагам Расеі. Я не хачу, каб Расея была сюзэрэнам ці ворагам Беларусі.



Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?


«Хай дыктатура, абы свая»? Гэта ўсё адно, што сказаць: хай рак, хай чума і халера, абы сваё.



Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?


Я не Касандра. Праўда, у нас ёсьць мужчыны — палітыкі і палітолягі, — якія ня супраць пакрасавацца ў ролі Касандры. Маю сьмеласьць думаць, што я трохі гісторык. Як гісторык, я ведаю, што ўсе рэвалюцыі ўспыхваюць непрадказальна. Рэвалюцыю нельга сплянаваць. Плянуюць толькі перавароты. Таму, дарэчы, бальшавікі, доўга называлі падзеі кастрычніка 1917 году пераваротам. Яшчэ цяжэй сказаць, як зьменіцца ўлада.

Адно відавочна: дэмакратычныя сілы Беларусі павінны быць заўсёды напагатове. Такой гатоўнасьці, да прыкладу, маёй партыі я ня бачу.



Калі беларусы загавораць па-беларуску?


Расейскамоўнасьць беларусаў — гэта праблема палітычная і псыхалягічная. Каб пазбавіцца гэтай праблемы, на чале дзяржавы патрэбныя іншыя палітыкі, а з экранаў тэлевізараў павінны загучаць такія перадачы, якія б дапамагалі расейскамоўным беларусам пазбывацца комплексу непаўнацэннасьці. Павінна быць выпрацавана разьлічаная на працяглы тэрмін праграма псыхатэрапіі.



Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?


Будзе паўтарэньне ірляндзкага варыянту. Праўда, у нас становішча лепшае, чым у Ірляндыі. І нават лепшае, чым у Нарвэгіі. Але працэс русіфікацыі трэба гамаваць ужо сёньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG