Паводле афіцыйных зьвестак, рост валавога ўнутранага прадукту за тры першыя месяцы году склаў 104%. Прырост зафіксаваны ў сямі зь дзевяці кірункаў рэальнага сэктару эканомікі. Аб’ём назапашанай прадукцыі зьнізіўся з 90 да 71% у параўнаньні з мінулым годам, а рэальныя даходы насельніцтва павялічыліся на 5,4%. Пра гэта паведаміў намесьнік міністра эканомікі Анатоль Філонаў:
«Вынікі першага кварталу эканомікі даюць спадзяваньні на далейшую пазытыўную, станоўчую дынаміку разьвіцьця рэальнага сэктару эканомікі краіны».
Сёньняшнія эканамічныя посьпехі, аднак, могуць дорага абысьціся Беларусі ўжо ў бліжэйшай будучыні, мяркуе эканаміст Яраслаў Раманчук:
«Я б назваў гэта стабілізацыяй коштам анаболікаў. Анаболікі — гэта банкаўскія і зьнешнія крэдыты. Пры валавым росьце мы назіраем пагаршэньне фінансавага стану рэальнага сэктару і банкаў. Добра, вал ёсьць, але ён вельмі дорага адаб’ецца для банкаў».
Чыноўнікі Міністэрства эканомікі таксама паведамілі, што Беларусь вяла перамовы з кітайскай аўтамабільнай кампаніяй Chery аб вытворчасьці легкавікоў на базе Менскага аўтазаводу. Аднак перамовы былі перапыненыя з прычыны адсутнасьці фінансаваньня з боку Беларусі і ў зьвязку са стварэньнем мытнага саюзу Беларусі, Расеі і Казахстану. Ніякай пэўнасьці спадар Філонаў ня выказаў і адносна новых паставак вэнэсуэльскай нафты:
«Прадстаўнікі Вэнэсуэлы павінны ўзяць удзел у перапрацоўцы нафты, ацаніць вынікі працы, і толькі пасьля... Словам, казаць пра наступныя партыі нафты — няма такой магчымасьці».
З пункту гледжаньня эканамічных выгодаў нафтавы праект Беларусі і Вэнэсуэлы ня мае сэнсу, мяркуе Яраслаў Раманчук:
«Безумоўна, ні Уга Чавэс, ні хто іншы ня будзе датаваць Беларусь, як гэта было з Расеяй. Таму трэба нашу эканоміку дастасоўваць да сытуацыі, каб набываць нафты гэтулькі, колькі неабходна для ўнутранага рынку».