Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы віцэ-прэм’ер Расеі Ігар Шувалаў заявіў на гэтым тыдні, што Расея будзе працягваць працэс уваходжаньня ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю самастойна, а ня ў рамках мытнага зьвязу зь Беларусьсю і Казахстанам.


“Усім будзе карысна, калі Расея стане чальцом СГА раней, чым мы створым агульны рынак з Казахстанам і Беларусьсю”, – заявіў Шувалаў.

Намер Расеі мы папрасілі пракамэнтаваць незалежнага эканаміста Сяргея Чалага.

Што гэта азначае – што Расея прынамсі ў пэўнай меры адыходзіць ад праекту мытнага зьвязу, што лічыць гэты праект не дастаткова рэальным або не першачарговым?

Сяргей Чалы
Тут ёсьць два моманты. Ідэя ўступленьня ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю мытным зьвязам прагучала з вуснаў Уладзіміра Пуціна, калі ён прыраўнаваў Дзьмітрыя Мядзьведзева – тады, як Мядзьведзеў паехаў да Абамы і там з радасьці заявіў, што практычна ўсе пытаньні вырашаныя: маўляў, мы там з Штатамі ўсё абмеркавалі. І пасьля гэтага сапраўды была спроба (даручылі гэта Шувалаву) разгледзець магчымасьць уступленьня мытным зьвязам у Сусьветную гандлёвую арганізацыю.

Але рэч у тым, што такой магчымасьці практычна і тэарэтычна няма, бо, нягледзячы на тое, што ў статуце СГА прапісана магчымасьць уступленьня мытных тэрыторыяў, але там зроблена вельмі хітрая агаворка, сутнасьць якой у тым, што гэтыя мытныя тэрыторыі павінны валодаць паўнатою сувэрэнітэту на сваёй тэрыторыі. Фактычна гэтая агаворка зробленая была спэцыяльна для Тайваню з тым, каб можна было яго ўключыць як краіну, але краінаю яго прызнаць з дыпляматычных меркаваньняў ніхто ня можа.

Для такіх мытнях зьвязаў, як зьвяз Расеі, Беларусі і Казахстану, у статуце СГА такой магчымасьці няма. І фактычна гэта было прызнана яшчэ ў канцы мінулага году, калі гаворка ішла не пра ўступленьне мытным зьвязам, а пра ўступленьне скаардынаванае, уступленьне трох краін адначасова.

А вось заява пра тое, што Расея цяпер зьбіраецца ўступаць адна і раней за іншых – гэта сапраўды, хутчэй за ўсё, сьведчыць пра тое, што праект мытнага зьвязу аказаўся мёртванароджаным. І зьвязана гэта ў вялікай меры з тым, што для ўсіх краін, апрача Расеі, ён прадугледжвае толькі выдаткі і ніякіх выгадаў. Гэта з аднаго боку. А з другога боку, гэты зьвяз сам па сабе ў сапраўднасьці мытным зьвязам не зьяўляецца, бо высьвятляецца, што ёсьць вялізная колькасьць выняткаў, у прыватнасьці энэргетычныя тавары ня ёсьць таварамі гэтага мытнага зьвязу.

А вось заява пра тое, што Расея цяпер зьбіраецца ўступаць адна і раней за іншых – гэта сапраўды, хутчэй за ўсё, сьведчыць пра тое, што праект мытнага зьвязу аказаўся мёртванароджаным
Апрача таго, гэты мытны зьвяз рэгулюе толькі імпартную сфэру – ніяк ня экспартную. То бо гэта ў сапраўднасьці быў усяго толькі трохбаковы пратэкцыянісцкі дагавор. Усьведамленьне таго, што гэты мытны зьвяз ня ёсьць тым, чым думалі, зьяўляецца і ў кіраўніцтва Беларусі. І, відаць, цяпер Расея разумее, што ў цэлым ёй не ўдалося як сьлед далучыць іншыя краіны да працягу пратэкцыянісцкай палітыкі.

Я думаю, што к 1 ліпеня, калі будзе пастаўлена пытаньне аб мытным мэханізьме для значных тавараў, і дэ-юра, і дэ-факта гэты мытны зьвяз будзе пахаваны.

Наколькі намер Расеі можа паўплываць на працэс уваходжаньня ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю Беларусі?

Рэч у тым, што сапраўды Расеі трэ было пасьпяшацца. Тут неабходна ўяўляць сабе, што такое ўвогуле гэты працэс уваходжаньня. Краіна можа ўступіць у Сусьветную гандлёвую арганізацыю толькі ў тым разе, калі вырашаны ўсе двухбаковыя пытаньні з краінамі-ўдзельніцамі. Больш за тое, існуе сталы дахійскі раўнд перамоваў, які можа зьмяняць заканадаўчыя ўмовы ўваходжаньня ў СГА. І чым даўжэй зацягваецца працэс уваходжаньня, тым усё болей шанцаў, што ты проста адстанеш і давядзецца чарговы раўнд перамоваў праводзіць ледзь не з усімі краінамі.

З улікам таго, што летась Расея сапраўды стаяла на парозе ўваходжаньня, у прынцыпе, вядома, для яе гэта правільнае рашэньне. Для нас, несумненна, гэта ня вельмі добра, таму што калі нехта паперадзе нас уступае ў СГА, то, адпаведна, калі мы пойдзем гэтай дарогаю, нам пасьля прыйдзецца дамаўляцца з Расеяй, якая можа выстаўляць практычна любыя прэтэнзіі, што адпавядаюць літары СГА, і колькі захоча доўга можа затрымліваць уступленьне туды Беларусі.

Прыкладна тое самае было з Кітаем, калі ён раней за Расею ўступіў: там вельмі працяглы быў перамоўны працэс у Расеі з Кітаем. Так што цяперашні намер Расеі – гэта ня вельмі добра для Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG