Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхасёў: Дэпутаты-прызначэнцы чатыры гады ўвогуле нічога ня робяць


На мясцовых выбарах, якія скончыліся ў нядзелю, было абрана больш за 20 тысяч дэпутатаў. Зь іх толькі 11 чалавек – чальцы апазыцыйных партыяў. Госьць “Начной Свабоды” – дэпутат Бараньскага гарсавету Віктар Міхасёў, сябра БСДП (Грамада), – адзін зь нешматлікіх прадстаўнікоў апазыцыі ў мясцовых саветах.


Эфір 27 красавіка.



Знаткевіч: Спадар Міхасёў, вас абіраюць дэпутатам ужо чацьверты раз...Лукашэнку прэзыдэнтам і то радзей абіралі. У чым сакрэт вашага посьпеху?

І таму згаджуся з тым, што ў некаторай ступені паўнамоцтвы дэпутатаў абрэзаныя, але калі хоча дэпутат працаваць, выкарыстоўваючы нават тое, што ёсьць, ён будзе працаваць
Міхасёў:
Цяжкае пытаньне, у чым сакрэт. Таму што давер людзей да мяне напэўна ёсьць. У апошнюю кампанію сябры мяне адгаворвалі ісьці на выбары. І рашэньне ісьці на выбары было для мяне нялёгкім, але людзі, жыхары гораду самі мяне папрасілі, прыйшлі да мяне, і я пасьля некаторых роздумаў вырашыў ісьці дэпутатам. Праца мая была за ўсе гады адкрытай, сумленнай. Я працаваў з людзьмі адкрыта, вырашаў іх пытаньні, у першую чаргу сацыяльныя. Людзі гэта добра ведалі і напэўна таму і аказалі мне давер на гэтых выбарах.

Знаткевіч:
Вы кажаце, што шмат чаго маглі дасягнуць, шмат чым дапамагчы людзям. Многія скардзяцца, што цяперашнія мясцовыя саветы ў Беларусі маюць зусім мала паўнамоцтваў, рэальна мала што вырашаюць. Што можа зрабіць дэпутат мясцовага савету ў цяперашніх умовах?

Міхасёў: Саветы мала што вырашаюць, гэта праўда. Прадстаўнічая ўлада, але паўнамоцтвы выканкамаў, канечне, вельмі вялікія, і як многія былыя дэпутаты кажуць, што каб нас і не было б у савеце, усё роўна ўсё вырашаў бы выканкам. У выканаўчай ўлады паўнамоцтваў насамрэч нашмат болей, чым у таго самага савету. Што вырашае дэпутат? Дэпутат мае магчымасьць у нейкай ступені выкарыстоўваць свой статус, а другое, што дэпутат можа выкарыстоўваць тую ж самую сэсію, якая праходзіць раз на 3 месяцы, для таго ці іншага запыту ці вырашэньня пытаньняў.

многія дэпутаты- прызначэнцы проста сядзяць чатыры гады і ўвогуле нічога не робяць, але калі дэпутат прыходзіць з незалежным поглядам, калі ён насамрэч можа зрабіць для людзей нешта добрае, то ён будзе рабіць гэта годна
У астатнім дэпутат выкарыстоўвае свае кантакты, свае магчымасьці вырашаць пытаньні пры непасрэднай працы з чыноўнікамі. А што тычыцца паўнамоцтваў дэпутатаў, то за апошнія гады згодна з законам аб статусе дэпутата іх таксама ў нейкай ступені ўрэзалі. Напрыклад, раней дэпутат мог зрабіць запыт ад сябе асабіста і накіраваць яго ў пэўную інстанцыю ці чыноўніку ў выканкам, то цяпер дэпутат запыт можа зрабіць толькі на сэсіі, і сэсія павінна яго зацьвердзіць. І гэты юрыдычны акт, па якім чыноўнікі абавязаныя прымаць рашэньне, ужо праходзіць стадыю фільтрацыі на сэсіі, і будзе ён прыняты ці не, яшчэ пытаньне. І таму згаджуся з тым, што ў некаторай ступені паўнамоцтвы дэпутатаў абрэзаныя, але калі хоча дэпутат працаваць, выкарыстоўваючы нават тое, што ёсьць, ён будзе працаваць.

Ведаеце, многія дэпутаты, як бы іх назваць, выбранцы ці прызначэнцы, проста сядзяць чатыры гады і ўвогуле нічога ня робяць, але калі дэпутат прыходзіць з незалежным поглядам, калі ён ад дэмакратычнай партыі, калі ён насамрэч можа зрабіць для людзей нешта добрае і абараніць найперш іх сацыяльныя правы, то ён будзе рабіць гэта годна.
XS
SM
MD
LG