Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віктар Юшчанка абяцаў, што будзе выступаць адвакатам Беларусі ў Эўропе. Ніякага такога абяцаньня ад Віктара Януковіча мы пакуль не пачулі, але па ўсім відаць, што гэты дзядзька, калі б захацеў, дык ні зь якімі заявамі не выступаў бы, а мог бы проста ўзяць Аляксандра Лукашэнку за каршэнь і пацягнуць за сабою.

Вось якраз Януковіч на днях зьбіраецца прыехаць у Менск. Аляксандру Лукашэнку выпадала б падрыхтавацца да гэтай прэзыдэнцкай сустрэчы значна лепей, чым да леташняй, калі ён ставіў украінцам дыягназы пра сьвінячы і курыны грып...

Трэба біць, каб быць

Ну й "мачылава" мы ўчора пабачылі ў Вярхоўнай Радзе ў Кіеве з нагоды ратыфікацыі расейска-украінскай дамовы аб прадоўжаньні побыту Чарнаморскага флёту ў Крыме! Прынамсі ў тэлевізары карцінка выглядала вусьцішна. Помніце таго маладзёна ў белай кашулі перад прэзыдыюмам парлямэнту, які, па ўсім відаць, хадзіў на заняткі боксам у ПТУ? Або таго сіваватага мацака, які схапіў калегу за вушы і грукаў яго фізіяноміяй у дубовую панэль сэсійнай залы?

Што ні кажы, а трэба мець моцную галаву, каб дзейна займацца палітыкай ва Ўкраіне. Кажуць, некалькі дэпутатаў Вярхоўнай Рады патрапілі ўчора ў кіеўскія шпіталі з падазрэньнем страсеньня мозгу. Але сёньня выявілася, што ўсё о’кей, яны ўжо зноў у дэпутацкіх шэрагах.

Як не пазайздросьціш украінцам, гледзячы на Палату прадстаўнікоў Беларусі? Беларускія дэпутаты ніякіх сінякоў на пысах сваіх калегаў ня ставяць, каб можна было зрабіць сувэнірныя фоткі для ўнукаў і гэткім чынам застацца ў гісторыі, хаця б і сямейнай. Пасьля іхнай "дзейнасьці" ў "парлямэнце" і найменшага пылу не застанецца...

Знайсьці грошы на роўным месцы

Калі абмінуць зусім зразумелыя аргумэнты ўкраінцаў аб "здрадзе нацыянальным інтарэсам" з аднаго боку і "эканамічнай неабходнасьці" з другога ды паглядзець у самы, што называецца, корань пагадненьня Мядзьведзева-Януковіча, дык што акажацца?

Усе наўкол у Кіеве былі настолькі нягеглыя (мякка кажучы), што мусіў прыйсьці ажно Януковіч, каб разарваць гэтае зачараванае кола нягегласьці ды выціснуць з расейскага флёту нейкія бабкі (то бок, газ, але гэта тое самае).

У 1997 Леанід Кучма з Барысам Ельцыным заключылі дамову, паводле якой расейскія караблі мелі заставацца ў Крыме да 2017 году. Колькі Ўкраіна атрымлівала за гэтую расейскую базу на сваёй тэрыторыі? Ацэнкі былі самыя розныя — ці то 100 мільёнаў даляраў штогод, ці то 200 мільёнаў — але, зразумела, ніхто ва Ўкраіне тых грошай і ня нюхаў. Усе тыя сумы сьпісваліся за газавыя даўгі Ўкраіны перад Расеяй, якія расьлі, як грыбы пасьля дажджу, пры кожным новым урадзе (і пры кожнай штораз болей рафінаванай схеме газавых паставак і разьлікаў).

Але куды б ні залічвалі аплату за дысьлякацыю расейскага флёту, яе сума вымяралася ўсяго сотняй ці дзьвюма сотнямі мільёнаў даляраў. Калі б усё засталося па-старому, да 2017 году Украіна, пры найлепшым раскладзе, атрымала б ад Расеі сьпісаньне даўгоў на суму 1,5 мільярда даляраў. Пасьля дамовы Мядзьведзева-Януковіча Ўкраіна да 2017 атрымае расейскі газ на суму 30 мільярдаў даляраў як "інвэстыцыйную дапамогу".

Адчуйце розьніцу, як той казаў.

Навучыцца хадзіць па гэтым і па тым беразе

Чым Януковіч адрозьніваецца ад Юшчанкі і Лукашэнкі? Я не пра псыхалёгію з фізіялёгіяй тут пытаюся, а пра дзейную палітыку.

Адказ ляжыць на паверхні. Ну, ня склаліся ў Юшчанкі адносіны з Масквою (ён там пабываў з афіцыйным візытам як прэзыдэнт, здаецца, усяго раз). А ў Лукашэнкі ня склаліся адносіны з Брусэлем (ён там, здаецца, ня быў ні разу, нават на лыжах ці лыжаролерах).

А паглядзіце на Януковіча. Куды ён паехаў адразу пасьля выбараў? Правільна, у Брусэль, як і належыць украінскаму палітыку з правага берагу. А праз чатыры дні — у Маскву. Як і належыць украінскаму палітыку зь левага берагу. А потым была сустрэча Януковіча зь Мядзьведзевым у Харкаве. А ўчора і сёньня Януковіч зноў у Брусэлі. Што б ён там ні казаў, у яго больш магчымасьцяў прасоўваць эўрапейскі вэктар, чым у кагосьці, каго ў Брусэль не запрашаюць. Дый кажа ён эўрапейцам зусім зразумелыя і прымальныя рэчы. Напрыклад пра тое, што Ўкраіна ніколі ня ўступіць у мытны саюз з Расеяй, Беларусьсю і Казахстанам. І што Украіна хоча мець зону свабоднага гандлю з Эўразьвязам. І што Ўкраіна хоча заставацца пазаблёкавай дзяржавай (калі 70 працэнтаў украінцаў супраць НАТО, дык навошта мазоліць усім вушы пра сяброўства Ўкраіны ў альянсе?). І нікому ды нідзе ўкраінскі прэзыдэнт ня згадвае, што ў яго ў кішэнях боўтаецца паўтоны ўзбагачанага ўрану, зь якога можна зьляпіць некалькі файных бомбаў.

Беларускі прэзыдэнт мог бы дазнацца ад украінскага калегі ня толькі пра тое, што рабіць з узбагачаным уранам, але і пра тое, як выціснуць грошы зь дзьвюх (не адной, а цэлых дзьвюх!) расейскіх базаў у Беларусі. І пра тое, як праводзіць праэўрапейскую палітыку, застаючыся прарасейскім палітыкам. Ды яшчэ пра тое, што бойка паміж дэпутатамі — гэта выдаткі, зь якімі трэба лічыцца дзяржаве, якая будуе праэўрапейскую дэмакратыю. Бо "мачылава ў парлямэнце" — значна больш праэўрапейскае, чым "мачылава ў сарціры".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG