Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эўразьвяз занепакоены дэталямі датэрміновага галасаваньня ў Беларусі


Эўрапейскі зьвяз выказвае заклапочанасьць з нагоды асобных аспэктаў датэрміновага галасаваньня ў Беларусі, гаворыцца ў заяве амбасады Вялікабрытаніі, якая прадстаўляе ў Менску старшынства ў ЭЗ.

Як, падкрэсьліваецца ў заяве, назіраньне за выбарамі ў мясцовыя саветы 25 красавіка паказала, што "рэалізацыя новага выбарчага заканадаўства мае некалькі праблемных момантаў, на якія павінна быць зьвернутая ўвага падчас далейшага дыялёгу з АБСЭ".

"Адным з такіх момантаў зьяўляецца датэрміновае галасаваньне, шэраг аспэктаў якога выклікае заклапочанасьць. У прыватнасьці, практыка асобнага падліку і абвяшчэньня вынікаў датэрміновага галасаваньня, галасаваньня на даму і асноўнага галасаваньня не была паўсюднай", - гаворыцца ў заяве.

Там таксама адзначаецца, што "ў шэрагу выпадкаў, асобнае абвяшчэньне вынікаў па розных відах галасаваньня падкрэсьліла рэзкія адрозьненьні паміж тым, як прагаласавалі выбарцы, якія прынялі ўдзел у датэрміновым галасаваньні (20-24 красавіка) і тым, які выбар быў зроблены выбарцамі ў асноўны дзень галасаваньня 25 красавіка".

Пры гэтым у заяве адзначаецца, што новае выбарчае заканадаўства "ўтрымлівае вартыя ўхваленьня намеры павялічыць празрыстасьць працэсу галасаваньня і ўцягнуць у выбарчы працэс яшчэ шырэйшыя групы насельніцтва". ЕС таксама заклікае беларускія ўлады працягнуць дыялёг з АБСЭ для паляпшэньня выбарчых працэдур.

Разам з тым у заяве гаворыцца, што "Эўразьвяз выказвае падзяку уладам за запрашэньне ўзяць удзел у назіраньні". Назіральнікі краінаў ЭЗ наведалі больш за 140 выбарчых участкаў у сталіцы і рэгіёнах, некаторыя маглі прысутнічаць пры падліку галасоў.
XS
SM
MD
LG