Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь хоча інвэстыцыяў, аднак парушае правы працоўных


Такая выснова ўтрымліваецца ў падрыхтаваным экспэртамі Канфэрэнцыі ААН па гандлі і разьвіцьці (ЮНКТАД) "Аглядзе інвэстыцыйнай палітыкі Беларусі". Прэзэнтацыя дакумэнту адбудзецца днямі ў Жэнэве.

Паводле базавага дакумэнту ЮНКТАД, у краіне істотна парушаюцца агульнапрызнаныя стандарты Міжнароднай арганізацыі працы, назіраецца адсутнасьць павагі да вяршэнства закону і дамоўных абавязаньняў. Таксама зьвяртаецца ўвага на плянавы характар эканомікі, "што непазьбежна патрабуе цэнтралізаванай мадэлі палітычнай улады, устаноў і працэсаў прыняцьця рашэньняў".

Камэнтуючы экспэртызу ЮНКТАД, генэральны сакратар Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў Гай Райдэр заявіў: "Размова ідзе ня проста пра тэхнічныя ці юрыдычныя пытаньні. Гэтыя моманты ўяўляюць сабой дакладнае і мэтанакіраванае парушэньне прынцыпаў і павагі асноўных правоў у галіне працы, замацаваных у стандартах Міжнароднай арганізацыі працы”.

"Беларусь павінна паважаць, па-першае, правы працоўных, а таксама ўсталёўваць сапраўдныя працоўныя адносіны. Толькі тады можна прыцягваць замежныя інвэстыцыі”, падкрэсьліў Райдэр.

Тым часам, падае Інтэрфакс, у жэнэўскай прэзэнтацыі агляду інвэстыцыйнай палітыкі Беларусі (27—28 красавіка) возьме ўдзел урадавая беларуская дэлегацыя на чале зь віцэ-прэм’ерам Андрэем Кабяковым. У часе візыту плянуецца падпісаць Мэмарандум аб узаемапаразуменьні паміж урадам Беларусі і ЮНКТАД адносна прыярытэтных напрамкаў супрацоўніцтва ў галінах міжнароднага гандлю, інвэстыцыяў і разьвіцьця, а таксама абмеркаваць пэрспэктывы супрацоўніцтва краіны зь міжнароднымі эканамічнымі арганізацыямі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG