Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Шалкевіч: "Нехта ж павінен быць у нашым жыцьці аптымістам!"


Віктар Шалкевіч
Віктар Шалкевіч

Сёньня ў сталічным Палацы культуры вэтэранаў адбудзецца вялікі канцэрт зоркі беларускай бардаўскай песьні Віктара Шалкевіча, які выпусціў новы альбом “Шчаслівая сямёрка”.

Да гэтага ў яго было шэсьць паўнавартасных альбомаў -- "Правiнцыя", "Смутны беларускi блюз", "Балады i рамансы", "Добрай ранiцы", "За сто крокаў пекла Вострае Брамы", "Гарадзенец прызямлiўся ў Мінску". Пра новы альбом з Віктарам Шалкевічам пагутыць Іна Студзінская.

Нестандартным мастацкім рашэньнем уражвае вокладка новага альбому, над якой працавала дызайнэр Антаніна Лінькова. Прышпільная і кусьлівая, з вострымі зубамі мышка выцягнула свой доўгі дапытлівы носік у выглядзе акурат вось гэтай сямёркі. На галаве ў мышкі – кучаравы чубчык:

"Усе тут прымалі дзейсны ўдзел – я маю на ўвазе ўся сям'я – у абмеркаваньні вокладкі. І мая дачка Марта напісала з Кракава: "Баця, ты больш падобны, канечне, да хамяка, таму што ты ўсё цягнеш да хаты, а не да мышы, якая ўсё грызе". Але, кажа, "каб ты быў падобны да мышы, то ў цябе б на галаве было меней валасоў". Там мыш такая кучаравая ўся зь сябе! Я ня бачыў яшчэ гэтага дыску, я бачыў толькі варыянт вокладкі".

"Ну а сямёрка – шчасьлівая для вас лічба?"

"Ня ведаю, я ўвогуле ў лічбы ня веру. У прыкметы таксама".

"А вось улічваючы, што альбом прэзэнтуецца вясной - ці будзе там шмат песень пра каханне?"

"Ну канечне! Я толькі гэтым і жыву! Увогуле, усё маё жыцьцё так і адбываецца – ад каханьня да каханьня. Зь іншага боку, як заўважылі многія мае знаёмыя, сэнс гэтых песень істотна памяняўся. У дзевяці новых песьнях, што зьмешчаныя ў новым альбоме, стала больш развагі, больш такога гармальнага жыцьцёвага аптымізму, больш увагі да чалавека. Гэта раней мы хацелі ўсё і адразу. Мяняецца чалавек, мяняюцца і яго погляды. Прынцыповыя рэчы застаюцца, а нешта зь цягам часу мяняецца.

"У тэкстах вашых песень заўсёды шмат ня толькі гумару, а іроніі і нават сарказму...Такое ўражаньне, што вы па натуры – аптыміст, вельмі вясёлы, прышпільны... Ці так гэта на самой справе?"

"Сябры мае! Ну нехта ж павінен быць у нашым жыцьці аптымістам, праўда?! Нехта ж павінен не глядзець тэлебачаньне, а слухаць толькі музыку. Ведаеце, зараз такая прыгожая вясна, у лесе поўна анэмонаў (ветраніцаў). "хіпаціка нобэліс", розных кветак. Мяне вясна заўсёды настолькі натхняе!"

"Лірык. Рамантык... Віктар, а як вы лічыце: ці какетнічаюць жанчыны, калі кажуць, што ў мужчыне галоўнае - розум?

"Ад розуму ўсё пачынаецца. Розум – гэта першае, што ўдаецца неяк выявіць мужчыне перад жанчынай у першыя пяць хвілінаў. Ну, жанчыны ж розныя бываюць. Ёсьць жанчыны, якія любяць падманвацца, і робяць гэта ўсё жыцьцё, а потым кажуць: "Ах, падлец, ты мяне падмануў!" Бываюць і розныя мужчыны. Бывае, што чалавек у розных сытуацыях праяўляе сябе па-рознаму".

"А ў гэтым альбоме таксама розныя песьні?"

"Ну канечне, яны розныя. Розныя-розныя. Там ёсьць песьня, якая называецца "Новыя хвалі Радыё Свабода", "Маналёг чалавека, які мог бы кімсьці стаць, але ня стаў нікім", і таму сядзіць на хутары і грэбае ў кампутар. Ёсьць маналёг чалавека, якому ўсё ў гэтым жыцьці ўдалося – "гэта было ў раёне вакзала", ці "Баляда пра "Славянскі базар". Цудоўная песьня ёсьць "Такая доўгая зіма", выдатная песьня "Лета, якое мы змарнавалі"... Пасьля канцэрту, які нядаўна ў Горадні адбыўся, я сказаў сваім музыкантам новым, якія са мной зараз іграюць: "Вы, мабыць, за ўсё жыцьцё столькі аплядысмэнтаў ня чулі, колькі на гэтым канцэрце".

"Ну што ж, посьпехаў Вам, і яшчэ больш удзячных слухачоў на менскім канцэрце".



Прэзэнтацыя новага альбому Віктара Шалкевіча "Шчасьлівая сямёрка" адбудзецца ў Палацы культуры ветэранаў (вуліца Янкі Купалы, 21). Пачатак а 19-й гадзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG