Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Праект рэзалюцыі ПАРЭ: сталінскі рэжым вінаваты ў масавым голадзе ў СССР


Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы мае намер прызнаць, што сталінскі таталітарны рэжым стаў прычынай масавага голаду ў пачатку 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя на тэрыторыі былога СССР.


"Існуючы ў Савецкім Саюзе таталітарны сталінскі рэжым прывёў да жахлівых парушэньняў правоў чалавека, пазбавіў мільёны людзей іх права на жыцьцё. І адной з найбольш трагічных старонак стаў масавы голад у рэгіёнах, дзе вырабляюць збожжа, які пачаўся пры канцы 1920-х гадоў і дасягнуў свайго апагею ў 1932-33 гадах", – гаворыцца ў праекце рэзалюцыі ПАРЭ.


Украінскі манумэнт ахвярам Галадамору


Гэты дакумэнт парлямэнтары маюць намер прыняць у сераду пасьля абмеркаваньня дакладу "Даніна памяці ахвяраў вялікага голаду (галадамору) у былым СССР", падрыхтаванага цяперашнім старшынём ПАРЭ Мэўлютам Чавушаглу (Турэччына). У праекце рэзалюцыі адзначаецца, што "мільёны ні ў чым не вінаватых людзей у Беларусі, Казахстане, Малдове, Расеі і Ўкраіне, якія ўваходзілі тады ў склад СССР, былі пазбаўленыя жыцьця ў выніку масавага голаду, выкліканага жорсткімі наўмыснымі дзеяньнямі і палітыкай савецкага рэжыму", паведамляе Інтэрфакс.

"Ва Ўкраіне, якая пацярпела ў найбольшай ступені, асабліва моцна вялікі голад ударыў па сялянстве. (...) Гэтыя трагічныя падзеі вядомыя як галадамор (палітычна матываваны голад) і прызнаныя ўкраінскім законам як акт генацыду ўкраінцаў", – адзначаецца ў праекце рэзалюцыі.


Выстава ў Менску, прысьвечаная Галадамору

У гэтым дакумэнце канстатуецца, што ў Казахстане "лік ахвяраў масавага голаду таксама ішоў на мільёны, прычым мяркуецца, што колькасьць загінулых у адносінах да ўсяго насельніцтва была найбольш высокая сярод народаў былога СССР".

Тут жа адзначаецца, што ў Расеі голад забраў мільёны жыцьцяў яе жыхароў як у вёсках, так і ў гарадах. "Па ацэнках, у абсалютным выражэньні насельніцтва Расеі панесла самыя вялікія страты ў выніку савецкай сельскагаспадарчай палітыкі", – гаворыцца ў праекце рэзалюцыі ПАРЭ. Тут адзначаецца, што "дзясяткі тысячаў сялянаў таксама загінулі ў Беларусі і Малдове".

"Асамблея шануе памяць усіх, хто загінуў у выніку гэтай беспрэцэдэнтнай чалавечай катастрофы, лічачы іх ахвярамі жорсткага злачынства савецкага рэжыму супраць уласнага народу", – адзначаецца ў праекце рэзалюцыі.

Асамблея заклікае ўлады ўсіх краінаў былога СССР раскрыць свае архівы і спрасьціць доступ да іх як айчынных дасьледчыкаў, так і экспэртаў эўрапейскіх дзяржаваў.

Кадры з украінскага фільму Алеся Янчука "Голад-33"




"Асамблея заклікае гісторыкаў ўсіх краін былога СССР, пацярпелых падчас вялікага голаду, а таксама гісторыкаў іншых краін ажыцьцявіць сумесныя незалежныя дасьледаваньні для таго, каб поўна, непрадузята і без палітызацыі ўстанавіць сапраўдныя абставіны гэтай чалавечай трагедыі", – гаворыцца ў праекце рэзалюцыі.

У праекце вітаецца рашэньне ўкраінскіх уладаў заснаваць нацыянальны дзень памяці ахвяраў вялікага голаду (галадамору) ва Ўкраіне і зьмяшчаецца заклік да ўладаў іншых краін постсавецкай прасторы зрабіць тое ж самае ў адносінах да ўласных ахвяраў.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG