Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі імкліва расьце колькасьць турыстычных фірмаў. Паводле стану на 1 красавіка іх колькасьць дасягнула 1013. У той жа час крызіс даволі істотна закрануў турыстычны бізнэс Беларусі. Колькасьць арганізаваных турыстаў, якія летась адпачывалі за мяжой, зьменшылася на 17% у параўнаньні з 2008 годам. Паўплываў крызіс і на ўязны турызм — летась з далёкага замежжа прыяжджалі лічаныя адзінкі арганізаваных групаў.

Толькі за апошнія 3 месяцы ліцэнзіі на турыстычную дзейнасьць атрымалі 144 суб’екты. У той жа час крызіс істотна паўплываў і на выязны, і на ўязны турызм.

Дырэктар турыстычнага парталу Holiday.by Андрэй Барашка пажартаваў, што працэс стварэньня турфірмаў нагадвае працэс пачкаваньня ў біялёгіі. І з крызісам гэты працэс ніяк не зьвязаны — ён хутчэй зьвязаны з асабістымі амбіцыямі супрацоўнікаў, якіх не задавальняе кіраўніцтва:

«Турпрадукт масавы, пакетны турпрадукт, які пануе сёньня на рынку, практычна не прадугледжвае ў добрым сэнсе слова прафэсійнай падрыхтоўкі. Я маю на ўвазе арганізацыю турфірмы. Дастаткова адкрыць офіс, зарэгістравацца як юрыдычная асоба, заключыць дамову з адным з турапэратараў — часьцяком гэта прадстаўнікі маскоўскіх турапэратараў — і ўсё: уласна кажучы, ты — турагенцыя».

Галоўны рэдактар газэты «Туризм и отдых» Лілія Кобзік выказала такое меркаваньне:

«Агенцыяў шмат, а апэратараў няма. Беларусы амаль страцілі свой нацыянальны турпрадукт. Мы карыстаемся на масавых напрамках турпрадуктам расейскіх, а часьцей за ўсё турэцкіх фірмаў, якія за імі стаяць. І таму колькі б ні было агенцыяў — гэта дыстыб’ютарская такая сетка, большая, меншая — гэта нічога не азначае.
Колькі б ні было агенцыяў — гэта дыстыб’ютарская такая сетка, большая, меншая — гэта нічога не азначае.
Калі б апэратараў было больш, калі б яны маглі больш ланцужкоў чартэрных паставіць, калі б у нас зьявілася яшчэ некалькі бюджэтных авіякампаніяў і апэратары стварылі нейкі нацыянальны турпрадукт, пачаўся б рост рынку — тады гэты быў бы цікавы працэс. А так — гэта проста дробныя гандляры».

Пры гэтым рынак не выйграе, таму што прапановаў застаецца столькі ж, а кампаній, куды можна зьвярнуцца, усё больш і больш, перакананы Андрэй Барашка:

«Турыст можа быць у інфармацыйнай разгубленасьці. Сапраўды, гэтыя туркампаніі адна да адной падобныя. А новага турпрадукту не зьяўляецца. Таму гэты ўсплёск колькасьці юрыдычных асобаў якасна не прыносіць у турбізнэс Беларусі які-колечы новы струмень. Хаця я буду рады, калі новыя кампаніі будуць шукаць новыя спосабы працы з кліентамі, новыя турпрадукты, новыя кірункі, урэшце рэшт».

Таму турпартал Holiday.by сумесна зь Мінспорту і турызму днямі стварыў новы сэрвіс «Юрысты — турыстам», дзе можна атрымаць прафэсійную кансультацыю, як выбраць надзейную турагенцыю, каб не сапсаваць доўгачаканы адпачынак.

Некалькі гадоў таму, калі таксама быў усплёск колькасьці турагенцыяў, Мінспорту ставіла ўмову: кожная фірма павінна займацца ўязным турызмам. Цяпер гэтага няма, кажа прэсавы сакратар Міністэрства спорту і турызму Віталь Сямашка:

«Мы ня можам загадаць займацца толькі гэтым, а ня іншым кірункам. У нас ёсьць шэраг пасьпяховых фірмаў, якія займаюцца толькі ўязным турызмам і больш ніякім. Так, там ёсьць шэраг нюансаў, але фірма існуе толькі за кошт уязнога турызму. Я не магу сказаць, што турфірмы прымушаюць, так бы мовіць, „ламаюць праз калена“ і гэтак далей. Так, нам як дзяржаўнаму органу хацелася б, каб замежнікі прыяжджалі сюды і пакідалі свае грошы».

Што тычыцца турыстаў з далёкага замежжа, якіх і раней ня надта шмат прыяжджала ў Беларусь, іх яшчэ паменела, кажа супрацоўнік кампаніі «Алатан-Тур» Аляксей Стрэльчанка:

«Раней былі ланцужкі, групы. Але ў 2009 годзе арганізаваных групаў амаль не было. Індывідуалаў паболела, а групы сышлі. Таму што групы — гэта турызм, які арганізуюць турфірмы, нашы замежныя партнэры. А выязны турызм зьнізіўся ва ўсіх краінах. Адпаведна, ён упаў і ў Беларусь, хоць ён і дагэтуль быў невялікі. Але колькасьць арганізаваных турыстаў, безумоўна, істотна зьнізілася. Гэта безумоўна».

Але ёсьць і станоўчая тэндэнцыя: у некалькі разоў павялічылася колькасьць расейцаў. Прычым раней гэта было ў асноўным санаторнае лячэньне. За апошні год пачаў разьвівацца, і вельмі актыўна, экскурсійны турызм у Беларусь, і з мэгаполісаў — паездкі выходнага дня. Аляксей Стрэльчанка працягвае:

«Падабаецца гэта расейцам, яны з задавальненьнем сюды прыяжджаюць. Што такое паездка выходнага дня? Там, дзе ёсьць танныя транспартныя зносіны — чыгунка, а гэта перш за ўсё Масква і Пецярбург. Тут яны прыяжджаюць у іншую краіну і бачаць тое, чаго ў Маскве даўно няма і не пабачыш. Для іх гэта дастаткова цікава».

Група зь Літвы прыедзе паглядзець на парад Перамогі.
У бліжэйшых суседзяў узьнікае і зусім нечаканы інтарэс да Беларусі. «Алатан-Тур» будзе прымаць 8-9 траўня групу зь Літвы: сталыя людзі з унукамі адмыслова прыяжджаюць у Менск паглядзець парад Перамогі.

З аднаго боку, апошнімі гадамі ў Беларусі актыўна разьвіваецца паляўнічы, эка- і агратурызм — гэта тая экзотыка, якая вабіць замежнікаў. Дарэчы, у гэтыя дні прадстаўнічая беларуская дэлегацыя з 14 чалавек на чале з міністрам турызму і спорту Алегам Качаном знаёміцца зь сельскім і экалягічным турызмам Ізраілю. З другога боку, недахоп камфартабэльных гатэляў, недастатковая колькасьць аграсядзібаў, адсутнасьць інфраструктуры, дарагія візы і даволі складаная працэдура іх атрыманьня істотна тармозяць разьвіцьцё ўязнога турызму. Пра гэта кажа і амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан

«Факт, што ў Беларусі надзвычай унікальная прырода, якой няма ў іншых краінах Эўразьвязу, у яе надзвычай самабытная гісторыя, культура. Я перакананы, што шмат людзей зацікавяцца гэтай гісторыяй, культурай. І пажадана, каб было б як мага лягчэй прыняць рашэньне паехаць на выходныя, не падаючы дакумэнты на візу. Візавы рэжым тармозіць разьвіцьцё турызму».

Яшчэ адзін парадокс: чыноўнікі і зь Мінспорту і турызму, і зь Міністэрства замежных спраў гэта разумеюць, але далей за размовы справа пакуль не ідзе.
XS
SM
MD
LG