Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Лукашэнка ня хоча размаўляць з Масквой на мове дыпляматыі”


Так піша нямецкае выданьне Süeddeutsche Zeitung. Аўтар артыкулу «Атрутныя ўколы братоў» адзначае:

Тым часам як Масква ўмацоўвае стасункі з Украінай і зьбіраецца пастаўляць у гэтую краіну танны газ у абмен на працяг арэнды ваенна-марской базы, Беларусь і Расея робяць усё магчымае, каб сапсаваць добрасуседзкія стасункі.

Лукашэнка ўжо ня хоча больш размаўляць на мове дыпляматыі. «Калі Расея лічыць, што Беларусь можна паставіць на калені, то яна памыляецца. Акрамя нашага войска, у Расеі на захадзе няма аніякай абароны», — сказаў беларускі кіраўнік.

Неўзабаве (у Харкаве) расейскі прэзыдэнт Мядзьведзеў зрабіў адпаведную заяву адносна таго, хто для Расеі сапраўдны партнэр. Апошнія падзеі ў Кіргізстане толькі павялічылі разлад паміж братнімі краінамі.

Беларускі прэзыдэнт пагражае, што не прыедзе на заплянаваную на наступны тыдзень сустрэчу АДКБ, дзе пазыцыю дамінаваньня займае Масква. У адказ на гэта Мядзьведзеў узмацняе ціск на Лукашэнку. Клопат беларускага кіраўніка пра прэзыдэнта-ўцекача Бакіева можа зрабіцца падставай для таго, каб Масква скараціла Менску фінансавую дапамогу.

Як піша Süddeutsche Zeitung, Лукашэнка балянсуе на мяжы паміж самаўпэўненасьцю і нахабствам. Без Расеі Беларусь ня здольная выжыць. Але чатыры гады таму ў Масквы склалася ўражаньне, што ня трэба проста так даваць датацыі і танны прыродны газ сваім суседзям. Для Менску гэта азначае катастрофу. Хмары ў дачыненьнях паміж краінамі згусьціліся.

На пачатку наступнага году Лукашэнка будзе дамагацца свайго пераабраньня. Дзеля гэтага ён, мяркуючы па ўсім, хоча выглядаць у вачах свайго народу гэткім патрыятычным героем, які здольны супрацьстаяць ціску як з Масквы, так і з Брусэлю. Ён рыхтуе сваю зброю. Тую ж цэнзуру ў інтэрнэце ён ужо зрабіў больш жорсткай, піша нямецкае выданьне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG