Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заходні друк піша пра гучныя забойствы ў розных краінах сьвету апанэнтаў прэзыдэнта Чачні Рамзана Кадырава. Шмат у якіх з гэтых справах за забойцамі выразна праглядаюцца постаці людзей чачэнскага прэзыдэнта.


International Herald Tribune публікуе партрэты 6 чалавек:

Ганна Паліткоўская, журналістка, забітая ў Маскве ў кастрычніку 2006,

Маўладзі Байсараў, былы кіраўнік аддзелу ФСБ, забіты ў Маскве ў лістападзе 2006,

Руслан Ямадаеў, былы дэпутат Дзярждумы Расеі, загінуў у Маскве ў аўтакатастрофе, верасень 2008,

Умар Ісраілаў, былы ахоўнік Кадырава, забіты ў Вене, студзень 2009,

Сулім Ямадаеў, былы чачэнскі генэрал, забіты ў Дубаі ў сакавіку 2009,

Натальля Эстэмірава, выкрадзеная ў Чачні і забітая ў Дагестане, ліпень 2009.

Газэта падрабязна распавядае пра справу Ісраілава, былога ахоўніка чачэнскага прэзыдэнта, які парваў з Кадыравым, зьехаў на Захад і рыхтаваўся да выступу ў Эўрапейскім судзе па правах чалавека, дзе зьбіраўся распавесьці пра шматлікія выпадкі забойстваў, выкраданьняў і катаваньняў людзей, якія робяцца ў Чачні на загад Кадырава. Паводле Ісраілава Рамзан Кадыраў асабіста браў удзел у катаваньнях.

Аўстрыйскія ўлады арыштавалі трох чалавек – ураджэнца Чачні Ота Кальтэнбрунэра, і чачэнцаў Турпала Ешаркаева і Дадаева. Яшчэ адна асоба – Леха Багіціраў, якога падазраюць непасрэдна ў выкананьні забойства, хаваецца ад сьледзтва. Дадаеў сачыў за Ісраілавым, Кальтэнбрунэра сьледзтва лічыць арганізатарам забойства.

Але што асабліва зацікавіла сьледчых, дык тое, што за два з паловай месяцы да забойства Вену наведаў адзін з дарадцаў Рамзана Кадырава – Шэа Турлаеў, якога ў аэрапорце сустракалі Багаціраў і Кальтэнбрунэр. Наўпрост пасьля забойства Кальтэнбрунэр зрабіў адзін званок па мабільным Багаціраву, другі – Турлаеву.

New York Times распавядае пра дэталі іншага забойства – Саліма Ямадаева ў Аб’яднаных Арабскіх эміратах, у Дубаі. Тады кіраўнік дубайскай паліцыі наўпрост назваў меркаванага забойцу – аднаго з паплечнікаў прэзыдэнта Кадырава, дэпутата Дзярждумы Расеі Адама Дэлімханава.

Дэлімханаў адхіляе абвінавачваньні. Сам Кадыраў таксама. Ён заявіў, што абвінавачваньні супраць Дэлімханава – гэта абвінавачваньні супраць яго самога. Паводле Кадырава Салім Ямадаеў быў датычны да забойства яго бацькі Ахмада Кадырава і неаднаразова спрабаваў забіць і Рамзана, аднойчы атруціўшы для гэтага цэлае возера.

Заходнія выданьні адзначаюць, што бязьлітасныя мэтады, якімі Кадыраў змагаецца з супрацівам, далі пэўны плён, колькасьць нападаў у Чачні сышла амаль на нішто, многія лідэры супраціву забітыя. Гэта эфэктыўна, але зусім не стасуецца з абяцаньнямі Дзьмітрыя Мядзьведзева усталяваць у Расеі ўладу закона.

XS
SM
MD
LG