Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэха выбараў: апазыцыя не прызнае вынікаў галасаваньня


У тэрытарыяльных і акруговых камісіяў у рэгіёнах застаюцца два дні на разгляд скаргаў аб парушэньнях на галасаваньні — датэрміновым і 25-га красавіка. Прадстаўнікі апазыцыі спрабуюць аспрэчыць вынікі выбараў, спасылаючыся на шматлікія злоўжываньні і парушэньні, зафіксаваныя падчас кампаніі. Пра гэта інфармуюць карэспандэнты «Свабоды».

ВІЦЕБШЧЫНА


Гарадоцкія актывісты патрабуюць прызнаць выбары несапраўднымі


Старшыня Гарадоцкай раённай суполкі партыі БНФ Леанід Аўтухоў, які балятаваўся ў Віцебскі абласны савет, падаў у акруговую камісію скаргу, што выбары на Гагарынскім участку № 5 праводзіліся з парушэньнямі:

«Там знаходзіўся мой назіральнік з 8-й раніцы да 20-й вечара, потым я далучыўся — на падлік галасоў. Але падліку не праводзілася! Бюлетэні склалі ў кучкі, і старшыня камісіі нешта стала вылічваць на калькулятары ды зьвярацца зь нейкай сваёй паперкай. Гэта бачылі і іншыя назіральнікі. Я кажу: «Бачыце парушэньне? Мы склалі пратакол, ці падпішаце?» Яны адказалі: «Не, мы яшчэ працаваць хочам!»

Паводле падлікаў камісіі, Леанід Аўтухоў атрымаў крыху больш за 13% галасоў:

Леанід Аўтухоў
«Мне было дужа цяжка хадзіць учора па Гарадку. Вельмі цяжка. Бо ўсе пыталіся: „Вы перамаглі?“ Адчуваньне падтрымкі — 80 адсоткаў! Дзеці ў 1-й школе, моладзь БНФ, сабралі недзе мае агітацыйныя плякаты — у бацькоў на працы ўзялі, ці дзе — і напісалі: „Наш дэпутат — Леанід Аўтухоў!“ Калі ўжо дзеці пачалі абмяркоўваць выбары, то што ўжо казаць пра дарослых!»

Паводле назіральніка на 5-м Гагарынскім участку, актывіста руху «За свабоду» Леаніда Гаравога, скаргу на парушэньні з патрабаваньнем прызнаць выбары несапраўднымі акруговая камісія зарэгістравала сёньня а 8-й гадзіне 55 хвілін — якраз да пачатку пасяджэньня. Але пасяджэньне прайшло, а разглядаць скаргу так і ня сталі. Актывісты будуць чакаць адказу яшчэ тры дні, а потым гатовыя скардзіцца вышэй — у абласную выбарчую камісію і ў суд.

Сяргей Салодкін: «Я напісаў праўду пра выбары. Цяпер мяне звальняюць»

Сяргей Салодкін
Нечаканым было рэха апошніх выбараў для настаўніка беларускай мовы Сяргея Салодкіна. Ён працуе ў вёсцы Копці Віцебскага раёну, і на наступны дзень пасьля выбараў яго папярэдзілі, што зь ім больш не працягнуць кантракт.

«Можа, гэта ўсё праз маю газэту. Я напісаў такі артыкул пад назвай «Палітычная паталёгія» пра 25 красавіка, пра выбары — што народ нічога ня хоча мяняць, ідзе і галасуе. Дык, можа, і праз гэта — можа, нехта чытае маю газэту «Покліч волі».

Газэту «Покліч волі» Сяргей Салодкін выдае на ўласныя сродкі накладам 299 асобнікаў, распаўсюджвае праз знаёмых. Ня выключана, што яна трапіла на вочы школьнаму кіраўніцтву ці раённаму начальству. Апрача як пра выбары, у апошнім нумары было напісана і пра казённую падрыхтоўку да Дня Перамогі, і пра наступствы сталінізму.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Васіль Палякоў: «Гэта — ня выбары»

Васіль Палякоў
Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў быў сябрам Любенскай акруговай камісіі № 12.

У сваім асобным меркаваньні да выніковага пратаколу камісіі спадар Палякоў запісаў, што на 6 участках у Гомелі назіральнікі зафіксавалі фальшывыя зьвесткі аб датэрміновым галасаваньні.

Васіль Палякоў: «Увесь гэты выбарчы працэс назваць выбарамі не зусім правільна. Гэта — ня выбары.

На бальшыні ўчасткаў былі назіральнікі, і з раніцы да вечара яны лічылі ўсіх выбарцаў, якія прыйшлі на ўчасткі. Згодна зь іхнімі падлікамі, 25 красавіка прыйшлі галасаваць ад 16 да 22 адсоткаў выбарцаў, а камісія выдала вынік, што ў гэты дзень удзел у галасаваньні ўзялі каля 60 адсоткаў выбарцаў. Напрыклад, на ўчастку № 28 Савецкага раёну назіральнік налічыў, што 25 красавіка тут прагаласавалі 348 чалавек, а камісія выдала лічбу — 1391. Гэта толькі за 25 красавіка.

Безумоўна, я ня згодны з вынікамі галасаваньня ў Любенскай выбарчай акрузе і адлюстраваў гэта ў асобным меркаваньні. Выбары несапраўдныя, і неабходна іх перагледзець».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Гэта немагчымыя вынікі, бо так ня можа быць...»

Кандыдаты ад апазыцыі распавядаюць гісторыі фальшаваньня вынікаў выбараў.

Ірына Вештарт
Старшыня камісіі, са слоў спадарыні Ірыны Вештарт, ніякім чынам гэтага не дазваляў і нават некалькі разоў выклікаў міліцыю, каб вывесьці назіральнікаў з залі.

Вештарт: «Падыходзіць да мяне старшыня камісіі і кажа: а дзе напісана, што я павінен агалошваць падлік з кожнай скрыні? Я яму сустрэчна адгортваю артыкул 55 Выбарчага кодэксу, затым цытую 13 артыкул, дзе гаворыцца, што назіральнікі маюць права атрымліваць інфармацыю, што выбары галосныя. Яны падлічылі галасы са скрыні асноўнага галасаваньня — і зноў цішыня...»

Спадарыня Вештарт распавядае, што нават пратакол вынікаў галасаваньня сябры камісіі падпісваць не падыходзілі. На яе думку, подпісы стаялі пад незапоўненым пратаколам, у які потым неабходныя лічбы ўнёс старшыня камісіі.

Вынікі галасаваньня — амаль такія ж, як і ў цэлым па вобласьці. Ірына Вештарт не набрала нават траціны галасоў. Яшчэ яе гэта зьдзівіла і таму, што ейны апанэнт практычна наагул не праводзіў выбарчай кампаніі.

Цікавы выпадак і ў мястэчку Лунна Мастоўскага раёну. У пасялковы савет вылучаўся мясцовы актывіст Уладзімер Брыцько, якога добра ведае ня толькі мястэчка, але і навакольныя вёскі. Людзі вынікамі былі папросту шакаваныя. Распавядае Лявон Карповіч.

Карповіч: «Ён родам адгэтуль, яго ўсе ведаюць, бо сам ён пячнік, паклаў усім людзям тут печы. І ён як уваходзіць у хату, то зь ім усе вітаюцца, як са сваяком. І ён набраў «за» — 11 і 64 — «супраць». Гэтага ня можа быць, людзі так кажуць. Наадварот, я паверыў бы, што «за» яго 64, а 11 — «супраць».

Даведка «Свабоды»

Паводле папярэдніх вынікаў галасаваньня 25 красавіка, дэпутатамі абраныя:

1. Аляксандар Галькевіч, лекар «хуткай дапамогі», сябра партыі левых «Справядлівы сьвет», Баранавіцкі гарсавет.

2. Уладзімер Дарапей, служачы ў банку, сябра партыі левых «Справядлівы сьвет», Берасьцейскі райсавет.

3. Ёсіф Маціюн, настаўнік, сябра партыі левых «Справядлівы сьвет», Вілейскі райсавет.

4. Натальля Рышард, рабочая Менскай ЦЭЦ-5,сябра партыі левых «Справядлівы сьвет», Сьвіслацкі пасялковы савет, Менская вобласьць.

5. Натальля Салдатава, настаўніца, сябра партыі левых «Справядлівы сьвет», Глыбаўскі сельскі савет Рэчыцкага раёну (Гомельшчына).

6. Аляксей Цюлькоў, вэтэрынар, сябра стваранай Парты БХД, Асіповіцкі райсавет.

7. Жанна Шчарбіна, настаўніца, сябра стваранай Партыі БХД, Горацкі раён, Магілёўшчына.

8. Віктар Бардзюг, ваенны пэнсіянэр, сябра стваранай партыі БХД, Сідрынскі сельсавет, Кобрынскі раён.

9. Віктар Міхасёў, сацыяльны работнік, сябра БСДП (Грамада), Баранскі пасялковы савет, Віцебшчына.

У выбарчай кампаніі 2007 году дэпутатамі былі абраныя пяць дэмакратычных вылучэнцаў — ад АГП, БНФ і БСДП (Грамада).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG