Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Рымашэўскі: Адзіны кандыдат павінен быў быць яшчэ ўчора


 15mar2010

15mar2010

26 красавіка ў Менску прайшла жалобная акцыя з нагоды гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Некалькі сотняў удзельнікаў прайшлі ад будынку Акадэміі навук да Чарнобыльскай капліцы. Там людзі ўшанавалі памяць ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы.


Эфір 26 красавіка


Госьць “Начной свабоды” -- адзін з заяўнікаў сёлетняга "Чарнобыльскага шляху", сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

Знаткевіч
: Спадар Рымашэўскі, я б адразу хацеў спытацца пра вашыя агульныя ўражаньні ад сёньняшняга "Чарнобыльскага шляху" – наколькі ён па-вашаму быў удалы, як палітычная акцыя?

Хай кожны выбірае той фармат, які лічыць патрэбным. Каб зьезьдзіць у Хойнікі, Брагін ці іншыя гарады Беларусі, ёсьць больш за 360 дзён на год. Правесьці акцыю і жалобнае шэсьце ў Менску, якое стала традыцыйным – мы маем толькі адзін дзень на гэтую дату 26 красавіка
Рымашэўскі:
Мы дасягнулі ўсіх пастаўленых мэтаў. Як палітычная акцыя, улічваючы варункі правядзеньня "Чарнобыльскага шляху" папярэдніх гадоў, гэтая больш чым удалая. Таму што мінулыя акцыі троху скампрамэтавалі сам фармат правядзеньня такіх шэсьцяў і акцый. Менавіта таму кіраўнікі палітычных і грамадзкіх структураў проста спужаліся правакацыяў, таго, што гэтая акцыя будзе такой жа безвыніковай, як напрыклад, у мінулым годзе, і не прыйшлі сёньня, адседзіліся ў офісах, хтосьці быў у нейкіх паездках, але акцыя сваіх мэтаў дасягнула.

І тыя людзі, якія прыйшлі, а там былі прадстаўнікі розных партый... сапраўдныя лідэры тых партый насамрэч прагаласавалі за гэтую акцыю. Прагаласавалі тыя актывісты, якія заўжды ходзяць, і новыя людзі, якія сёньня далучыліся.

Знаткевіч: Кіраўнікі АГП і партыі левых "Справядлівы Сьвет" Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін наведалі чарнобыльскія раёны Гомельшчыны. Яны сустракаліся з самасёламі вёскі Сабалі Брагінскага раёну, ускладвалі вянкі й кветкі да чарнобыльскіх мэмарыялаў у Брагіне й Хойніках. На вашую думку, можа такі фармат дзеяньняў ў гадавіну Чарнобылю цяпер больш прыдатны для апазыцыі?

Рымашэўскі: Хай кожны выбірае той фармат, які лічыць патрэбным. Каб зьезьдзіць у Хойнікі, Брагін ці іншыя гарады Беларусі, ёсьць больш за 360 дзён на год. Правесьці акцыю і жалобнае шэсьце ў Менску, якое стала традыцыйным – мы маем толькі адзін дзень на гэтую дату 26 красавіка. І ў прынцыпе, гэта не апраўданьне, гэта, скажам, нагода проста для апраўданьня тых, каго не было. Я прычыну назваў, насамрэч гэта страх, што прыйдзе мала людзей, страх зганьбіцца, страх лішняй рызыкі. Мы прынцыпова не прымаем такую пазыцыю.

Знаткевіч:
Каб патрапіць на месца збору удзельнікаў акцыі, трэба было прайсьці праз мэталашукальнікі. Усё падыходы да Акадэміі навук былі абгароджаныя турнікетамі, у трох месцах усталяваныя па 3 рамкі мэталашукальнікаў. Каля кожнай рамкі — па 3-4 міліцыянты. Даглядалі кожнага, хто праходзіць, — асабістыя рэчы, кішэні. Міліцыя заявіла, што пасьля шляху праз такую ахову будуць праходзіць на ўсе наступныя акцыі апазыцыі. Як бы вы пракамэнтавалі гэтыя новыя патрабаваньні міліцыі.

Гэтая акцыя для нас – пачатак вялікай кампаніі, як мы сёньня казалі на плошчы, я яшчэ раз заклікаю і слухачоў Радыё Свабода далучыцца да гэтай кампаніі
Рымашэўскі:
Сэнсу ніякага ў гэтым няма з пункту гледжаньня бясьпекі. Ёсьць толькі адзін сэнс – запужаць людзей, зрабіць менш масавым мерапрыемства, таму што акрамя ўсяго іншага каля кожнага мэталашукальніка стаяла відэакамэра, якая здымала ўсіх, хто заходзіў. Безумоўна, з-за гэтага колькасьць удзельнікаў была трохі іншая. Я думаю, што гэта нас не спыніць і не запалохае, і наступныя акцыі будуць больш пасьпяховымі. Мы пры перамовах з міліцыяй перад акцыяй прасілі не рабіць гэтага, але яны не пайшлі нам насустрач, на жаль. Але трэба аддаць належнае тым людзям, хто не збаяўся, хто прыйшоў, хто далучыўся да Грамадзкага камітэту па абароне беларусаў ад выміраньня, Камітэту ў абарону жыцьця. Ён урэшце быў створаны, і гэта напэўна асноўны вынік гэтай акцыі. Некалькі соцень удзельнікаў акцыі далучыліся да гэтага камітэту, паставілі свае подпісы. Гэтая акцыя для нас – пачатак вялікай кампаніі, як мы сёньня казалі на плошчы, я яшчэ раз заклікаю і слухачоў Радыё Свабода далучыцца да гэтай кампаніі.

Знаткевіч: Вы не маглі сказаць больш канкрэтна, чым зьбіраецца займацца камітэт у абарону жыцьця, што ён плянуе рабіць?

Нават тыя мінімальныя рэчы, якія мы можам зрабіць практычна, а гэта распавесьці грамадзянам Беларусі, жыхарам Менску пра тое, якую небясьпеку нясе радыяцыя, пра тое, якімі прадуктамі нас харчуе наша ўлада, што можна зрабіць, каб абараніць сваю сям'ю, гэта ўжо нямала
Рымашэўскі:
Першае, гэта аднаўленьне сыстэмы радыяактыўнага кантролю прадуктаў харчаваньня па ўсёй тэрыторыі Беларусі, ў тым ліку ў Менску. Вы ведаеце, што ў кожнага трэцяга жыхара Менску перавышаная норма радыянуклідаў у арганізме. Гэта жахлівы стан, пра гэта ніхто ня ведае. Другое, мы будзем дамагацца спыненьня вытворчасьці прадуктаў харчаваньня на забруджаных тэрыторыях, будзем дамагацца арганізацыі вытворчасьці прэпаратаў, якія выводзяць радыянукліды з арганізму, будзем дамагацца, каб у кожный аптэцы гэтыя прэпараты былі. Будзем інфармаваць насельніцтва, што можна зрабіць сваімі сродкамі, як можна самастойна абараніцца ад радыяцыі, будзем патрабаваць, каб аднавілі льготы чарнобыльцам, каб быў створаны адмысловы дасьледчы цэнтар, які будзе займацца праблемамі дзяцей, якія пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы. Напачатак мінулага году на ўліку стаяла больш за 200 тысячаў такіх дзяцей у Беларусі. Шмат розных іншых мэтаў. Нават тыя мінімальныя рэчы, якія мы можам зрабіць практычна, а гэта распавесьці грамадзянам Беларусі, жыхарам Менску пра тое, якую небясьпеку нясе радыяцыя, пра тое, якімі прадуктамі нас харчуе наша ўлада, што можна зрабіць, каб абараніць сваю сям'ю, гэта ўжо нямала. Мы бярэм на сябе абавязкі за бліжэйшыя паўгода распаўсюдзіць ня менш за 100 тысячаў такіх матэрыялаў сярод менчукоў.

Знаткевіч: Да тэмы мясцовых выбараў. Па выніках выбараў у нядзелю ва ўсёй краіне было абрана толькі некалькі апазыцыйных кандыдатаў, адзінкі, на больш чым 20 тысяч дэпутацкіх месцаў. Паводле папярэдняй інфармацыі нібыта былі абраныя тры кандыдаты БХД. Гэтая інфармацыя пацьвердзілася?

Рымашэўскі: Гэтая інфармацыя цалкам пацьвярджаецца, тры кандыдаты здолелі стаць дэпутатамі. Мы ня лічым, што гэта ёсьць доказам таго, што выбары былі легітымнымі. Безумоўна, выбараў у Беларусі не было. У тым, што гэтым кандыдатам давалі магчымасьць прайсьці, ёсьць два фактары. Першае, была 100-адсоткавая падтрымка грамадзянаў, тых, хто галасаваў за іх на гэтых участках. А другое, не даглядзелі мясцовыя спэцслужбы і мясцовыя камісіі, таму што выкідалі людзей з участкаў па іншых акругах, і мы ведаем, што мы мелі б на сёньняшні дзень больш за сотню кандыдатаў, калі б улады не дзейнічалі так цынічна, так беспардонна, калі у нас у Беларусі былі выбары.

Знаткевіч: На вашую думку, гэта недагляд уладаў, ці яны проста вырашылі паказаць міжнароднай супольнасьці, што жменька нейкая апазыцыйных дэпутатаў ёсьць?

Рымашэўскі: У выпадку нашых трох кандыдатаў, гэта недагляд мясцовых уладаў, безумоўна. Напрыклад, Аляксей Цюлькоў з Асіповічаў... Тыя людзі, якія за яго галасавалі, ведаюць гэтага чалавека на працягу некалькі гадоў. Ён шмат зрабіў для іх яшчэ не быўшы дэпутатам. Усе яны за яго прагаласавалі. Каб там прайшоў іншы чалавек, то для ўсіх выбарнікаў відавочна было б, што выбары фальсыфікуюцца на 100 працэнтаў. Я думаю, што беларускія ўлады, магчыма, палічылі за лепшае гэтых кандыдатаў прапусьціць.

Каб там прайшоў іншы чалавек, то для ўсіх выбарнікаў відавочна было б, што выбары фальсыфікуюцца на 100 працэнтаў. Я думаю, што беларускія ўлады, магчыма, палічылі за лепшае гэтых кандыдатаў прапусьціць
Знаткевіч:
Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына ўжо заявіла, што ніякіх зьменаў у выбарчае заканадаўства ня будзе да правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў. А да тых самых выбараў засталіся месяцы, фактычна. Што зрабіць, каб тая ж схема з выбарамі, бескантрольнымі выбарамі, з адсутнасьцю магчымасьцяў назіральнікаў назіраць за падлікам галасоў, каб гэтая схема не паўтарылася на прэзыдэнцкіх выбарах?

Рымашэўскі: Для таго, каб перамагчы на прэзыдэнцкіх выбарах, нам патрэбны адзіны кандыдат ад правацэнтрыскіх, праэўрапейскіх сілаў. БХД пра гэта адназначна заяўляе. І калі такі кандыдат будзе, калі вакол яго аб'яднаюцца ўсе найбольш буйныя апазыцыйныя сілы, калі ён знойдзе падтрымку ў грамадзтве больш за 50 працэнтаў, тады ўладам будзе складана даказаць, што выбары былі не сфальсыфікаваныя. Але зрэшты, фальсыфікаваць выбары ўсё роўна будуць. Адзін шанец зьмяніць нешта ў гэтай краіне – адстойваць сваю перамогу. І мы будзем на гэта працаваць на прэзыдэнцкіх выбарах. Моцная кампанія, магчымасьць мабілізаваць людзей, простых людзей, магчымасьць заклікаць людзей прыйсьці падтрымаць перамогу, гэта адзінае, што можа зьмяніць сытуацыю на бліжэйшых прэзыдэнцкіх выбарах. Мы не чакаем таго, што ўлада пойдзе на нейкія саступкі пры падліку галасоў.

Знаткевіч: Вы гаворыце пра адзінага кандыдата ад незалежніцкіх правацэнтрыскіх слаў, а калі павінен быць гэты кандыдат, бо выбары могуць адбыцца пры канцы гэтага году. Застаюцца месяцы...

Я ўсё ж спадзяюся. што дамоўленасьць дасягнута будзе, і ня толькі арганізацыі, якія ўваходзяць у Беларусі незалежніцкі блёк, але і іншыя арганізацыі, блізкія нам па палітычным перакананьням, далучацца да вылучэньня адзінага кандыдата. У самым горшым выпадку, калі гэтага не здарыцца, то мы будзем ісьці далей самастойна, як Беларуская хрысьціянская дэмакратыя
Рымашэўскі:
Гэты кандыдат павінен быў быць яшчэ ўчора, і БХД намаганьні прыклала, каб гэты кандыдат быў. Але мы доўга чакаць ня будзем. У беларускім незалежніцкім блёку вызначаныя тэрміны -- гэта 1 чэрвеня і 15 чэрвеня. Да 1 чэрвеня вызначаем працэдуру, 15 чэрвеня пачынаецца вылучэньне адзінага кандыдата. Калі нехта ня будзе гатовы, мы пойдзем далей. Кандыдат ад БХД ужо ёсьць. Беларуская хрысьціянскай дэмакратыя рэальна і цьвяроза ацэньвае свае сілы, але мы гатовы браць адказнасьць на сябе ў гэтай краіне, ў тым ліку і на прэзыдэнцкіх выбарах. Калі нават усе астатнія адмовяцца, як напрыклад было з Чарнобыльскім шляхам, калі арганізатарам і рухаючай сілай стала БХД і Малады фронт толькі, але, як вы бачыце, атрымалася ня горш, чым калі гэта арганізоўвалі ўсе разам астатнія палітычныя сілы летась. Тое самае магчыма адбудзецца на прэзыдэнцкіх выбарах.

Знаткевіч: Вы, як я разумею, і ёсьць той самы кандыдат ад БХД, адзін з магчымых...

Рымашэўскі: Ад БХД я адзіны кандыдат.

Знаткевіч: Той магчымы адзіны кандыдат, фактычна ад БНБ, вы гатовыя ісьці на выбары, гатовыя змагацца да перамогі, калі так атрымацца, што не ўдасца дамовіцца з астатнімі палітычнымі сіламі?

Рымашэўскі:
Калі б я не быў гатовы, я б не даваў сваю згоду на вылучэньне ад БХД. Так, я гатовы ісьці на выбары, гатовы ісьці да канца, гатовы рызыкаваць . Зрэшты, мы гэта ўжо і робім. Я ўсё ж спадзяюся. што дамоўленасьць дасягнута будзе, і ня толькі арганізацыі, якія ўваходзяць у Беларусі незалежніцкі блёк, але і іншыя арганізацыі, блізкія нам па палітычным перакананьням, далучацца да вылучэньня адзінага кандыдата. У самым горшым выпадку, калі гэтага не здарыцца, то мы будзем ісьці далей самастойна, як Беларуская хрысьціянская дэмакратыя.

І, безумоўна, я прыкладу ўсе намаганьні, каб перамагчы, хаця я разумею, што іншыя прэтэндэнты таксама маюць шанцы, каб стаць адзіным кандыдатам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG