Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кароткая памяць


У Крычаве разбураецца помнік жыхарам раёну, якія загінулі ў Другой усясьветнай вайне. Улады абяцаюць яго адрамантаваць да дзявятага траўня. Яго цяперашні занядбаны выгляд апраўдваецца нястачай сродкаў. Не дагледжаны ў райцэнтры й памятны знак ваеннаму лётчыку, які цаной свайго жыцьця выратаваў у 1964 годзе крычаўскі цэмэнтна-шыфэрны завод.

«На чорным фоне ў вочы кідаецца пляміна, дзе адваліўся кавалак тынку»
Гэтыя пляміны з праспэкту не відаць — яны з тыльнага боку.
Адколваецца мармур і з самога абэліску.
Разбураюцца прыступкі.
Помнік стаіць у гарадзкім парку Перамогі. Сьляды яго разбурэньня відаць за некалькі дзесяткаў мэтраў з Камсамольскага праспэкту. На чорным тле ў вочы кідаецца пляміна, дзе адваліўся кавалак тынку. Разбураюцца прыступкі, якія ўздымаюцца да абэліску. Нават не спэцыяліст у будаўнічай галіне — і той вызначыць, што помнік апошнія гады рамантавалі толькі касмэтычна. Як сталася, што ён апынуўся ў такім стане, пытаюся ў супрацоўніцы ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму:

«На што выдзяляюцца сродкі, тое й робіцца. Да дзявятага траўня будуць выдзеленыя сродкі, і ўсё будзе прыводзіцца ў парадак».

Супрацоўніца крычаўскай арганізацыі вэтэранаў вайны пытаньне пра занядбаны выгляд помніка ўспрыняла нэрвова. Завучана паўтарыла, як і супрацоўніца ідэалягічнага аддзелу — да дзявятага траўня адрамантуем.

«Дый не адвальваецца там нічога. Там усё прыводзіцца ў парадак. Там ужо сёньня вядуцца працы. Ля гэтага помніка тры разы на год праводзяцца мітынгі — гэта на 9 траўня, 3 ліпеня й 30 верасьня. Таксама праводзяцца масавыя гуляньні».

Ніякіх працаў каля помніка, аднак, не вядзецца, паведаміў крычаўскі журналіст Сяргей Няроўны:

«Шчыт нейкі прымацавалі там, і толькі. Улады да сытуацыі з помнікамі ставяцца абсалютна цынічна. Калі колькасьць вэтэранаў яшчэ зьменшыцца, то зацікаўленьне ўлады спадзе да нуля».

За сто мэтраў ад помніка крычаўцам, якія загінулі ў Другой усясьветнай вайне, — яшчэ адзін памятны знак. На мэталёвай стэле — самалёт. Зьвярнуць увагу на ягоны стан папрасіў адзін з жыхароў райцэнтру. У тым, як выглядае знак, ён вінаваціць начальніка раённай камунальнай гаспадаркі:

«Поўнасьцю борт самалёта знаходзіцца ў самым паганым стане. Напэўна, трэба было яго срэбнай фарбай асьвяжыць. Ці ня сорамна спадару Коршунаву глядзець на гэта? Бо гэта ж і яго праца, яго адказнасьць».

У 1964 годзе ваенны лётчык Віктар Дашкін адвёў убок ад цэмэнтна-шыфэрнага заводу свой сапсаваны самалёт, чым выратаваў і само прадпрыемства, і яго працаўнікоў.

Абшарпаны борт самалёта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG