Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніцтва Кіргізстану ў СНД павінна вызначацца часовым урадам. Пра гэта заявіў сёньня ў Менску выканаўчы сакратар Садружнасьці Сяргей Лебедзеў, перадае БЕЛТА.


"Мы зыходзім з таго, што Кіргізстан зьяўляецца сябрам Садружнасьці незалежных дзяржаў. Натуральна, мы спадзяемся, што ў сілу сяброўства прадстаўнікі Кіргізстану будуць удзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах СНД, у тым ліку на высокім узроўні, — сказаў Сяргей Лебедзеў. — Што тычыцца людзей, якія будуць упаўнаважаныя прадстаўляць Кіргізстан у гэтых мерапрыемствах, то я перакананы, што іх павінен вызначаць часовы ўрад — дзейная ўлада Кіргізстану".

Па словах выканаўчага сакратара Садружнасьці, падзеі ў Кіргізстане хвалююць усе дзяржавы СНД:

"Гэтая тэма прысутнічае ў перамовах лідэраў краін-удзельніц. Сытуацыя выклікае занепакоенасьць і ў выканкаму Садружнасьці, і ў мяне асабіста".

Сяргей Лебедзеў дадаў, што рэгулярна выходзіць на кантакты з прадстаўнікамі дзяржаў СНД, у першую чаргу краіны-старшыні арганізацыі — Расейскай Фэдэрацыі.

На думку Сяргея Лебедзева, тэму кіргіскіх падзей наўрад ці абмінуць удзельнікі нефармальнага саміту СНД, які мае адбыцца ў Маскве 8 траўня.
XS
SM
MD
LG